Вы тут

Пенсіянер стварыў у сваім двары незвычайны заапарк


Ці ведалі вы, што ў Мінску можна бясплатна пабачыць жырафу, кенгуру, пелікана, насарога, панду, кракадзіла? Каб падзівіцца на гэтых ды іншых экзатычных жывёл дастаткова даехаць на трамваі, што ідзе ў бок Зялёнага Луга, да канечнага прыпынку. Менавіта там, побач з Полацкім паркам, месціцца пенапластавы заапарк пад адкрытым небам.


Пенсіянер стараўся рабіць жывёл, якіх у штодзённым жыцці не пабачыш. Каб дзеці іх не толькі па кніжках вывучалі.

З'явіўся гэты рукатворны цуд у двары дома № 30 на вуліцы Сядых амаль 15 гадоў таму. І ўсё дзякуючы незвычайнаму захапленню самага звычайнага пенсіянера.

З Анатолем Жданам я пазнаёмілася гадоў пяць таму. Тады яшчэ жыла ў Мінску, якраз непадалёк ад легендарнага дворыка. Часта, праходзячы міма, размаўляла з дзядулем. Так даведалася, што ён не мае мастацкай адукацыі. Усё жыццё прапрацаваў зваршчыкам. А пасля выхаду на пенсію ў яго не толькі з'явілася шмат вольнага часу, але і адкрылася другое дыханне.

— Неяк адпачывалі з жонкай за горадам, — згадвае Анатоль Уладзіміравіч. — Па дарозе дадому завіталі ў прыдарожнае кафэ перакусіць. Менавіта там я і пабачыў прыгожую фігурку бусла. І мне захацелася мець падобную пад вокнамі свайго дома. Так загарэўся ідэяй, што ў той жа дзень заехаў на «Экспабел», у садовы цэнтр. Але бусел у натуральную велічыню быў мне не па кішэні. Таму вырашыў змайстраваць яго сам. З чаго? З гліны ці з дрэва? Мне падалося, гэта вельмі складана. І тут пад рукі трапіліся кавалкі пенапласту.

Усё жыццё Анатоль Ждан працаваў з металам. Таму каркас фігуры вырашыў зварыць з арматуры, а потым абклеіць пенапластам і пафарбаваць. Паспрабаваў — атрымалася.

— Паставіў я самаробнага бусла на дах свайго гаража, — усміхаецца Анатоль Уладзіміравіч. А суседзі кажуць: «рабі гняздо». Неўзабаве ў тым гняздзе з'явілася і бусляня. А потым і сам не прыкмеціў, як «заапарк» стаў разрастацца. Каб нікому не было сумна, кожнай жывёле рабіў пару.

Натхненне майстар-самавук шукаў у дзіцячых кніжках. Для гэтага нават спецыяльна у бібліятэку хадзіў. Спадабаўся нейкі малюнак — капіраваў сабе ў нататнік. А потым ужо дома выразаў з пенапласту. Стараўся рабіць жывёл, якіх у штодзённым жыцці не пабачыш. Каб дзеці іх не толькі па кніжках вывучалі.

Спачатку свой заапарк Анатоль Уладзіміравіч абгарадзіў нізенькай драўлянай агароджай. Але дзеці пералазілі цераз яе, каб пагладзіць то белага мядзведзя, то зубра... І хочаш не хочаш, але пашкоджвалі фігуркі. Некалькі пенапластавых жывёлак наогул бясследна знікла. «Напэўна, хтосьці сабе на лецішча забраў», — мяркуе майстар-самавук. Таму прыйшлося паставіць высокую агароджу. Зрабіў Анатоль Ждан яе таксама сваімі рукамі. З металічных трубак і... паліц ад старых халадзільнікаў.

— Відаць, маё ноу-хау людзі запазычылі. Бо на сметніках сталі з'яўляцца халадзільнікі без паліц (смяецца)...

Пенапласт майстар прыносіў з мясцовага «ўнівермага». Так ён называе сметнік. Там, кажа, можна знайсці што заўгодна. Людзі ж пастаянна робяць рамонт у кватэрах, выкідаюць каробкі з-пад тэлевізараў, бытавой тэхнікі...

Пенапласт — вельмі танны і даўгавечны матэрыял. Фігуры, зроленыя з яго, не гніюць у адрозненне ад драўляных. Адзінае, што сарокі і вароны часам яго дзяўбуць ды фарба аблазіць і выцвітае. Таму, каб жывёлы былі як новенькія, прыходзіцца рэгулярна іх падфарбоўваць.

Абнаўленнем свайго заапарка пенсіянер пачынае займацца вясной. Узімку ж збірае грошы на фарбы. Адкладае іх са сваёй пенсіі. Дапамагаюць і неабыякавыя людзі, хто чым можа.

Некалькі гадоў таму на заборы імправізаванага заапарка з'явіліся надпісы: «Дапамажыце (матэрыяльна) захаваць прыгажосць гэтых жывёлак. Ім патрэбны рамонт. Буду вельмі Вам ўдзячны».

— Ідэя не мая, — прызнаецца Анатоль Уладзіміравіч. — Жанчына, якая аднойчы прынесла мне бляшанку фарбы ды пэндзлікі, падказала. Маўляў, напішыце аб'яву, і вам будуць кідаць грошы. Я так і зрабіў. Павесіў некалькі пластыкавых бутэлек з адтулінай — такія імправізаваныя скарбонкі. І сапраўды людзі пачалі кідаць туды грошы. Хтосьці — 10 капеек, а хтосьці — і 10 рублёў. Аднойчы знайшоў у скарбонцы 100 рублёў адной купюрай... І нават не паверыў сваім вачам.

Дах гаража, дзе майстар-самавук выразаў свае фігуркі, і сёння ўпрыгожвае той самы першы бусел, з якога ўсё пачыналася.

На днях я была па справах у тым раёне, дык вырашыла праведаць старога знаёмага. Каля пенапластавага заапарка сустрэла бабулю з маленькай унучкай. Разгаварыліся. Жанчына, як аказалася, жыве ў суседнім доме. Ведае Анатоля Уладзіміравіча не першы год.

— Гэта ў сучасных шматпавярховіках людзі нават з суседзямі па пляцоўцы могуць быць не знаёмыя. Мы ж тут усе адно аднаго ведаем. Памятаю, яшчэ з сынам тут гуляла. Дык тады Анатоль толькі пачынаў рабіць сваіх жывёлак. Зараз жа каго тут толькі няма... Відаць, пад сотню жывёл і птушак... Нам падабаецца гэты незвычайны дворык, часта сюды з унучкай заходзім. Я ёй паказваю, якія жывёлы бываюць, расказваю пра іх штосьці цікавае. Днямі сустрэла Анатоля, дала яму 10 рублёў на рамонт.

Неўзабаве з двухпавярховіка паказаўся і сам майстар. Звярнула ўвагу, што дзядуля заўсёды, калі бачыць (балазе, жыве на першым паверсе і вокны выходзяць у двор), што хтосьці зацікавіўся яго жывёламі, выходзіць на вуліцу. Як быццам пакурыць. Але насамрэч, неяк прызнаўся, каб проста паразмаўляць.

Вось ужо восем год, як Анатоль Ждан аўдавеў. Жыве адзін. Дачка, зяць ды ўнучкі, вядома,праведваюць. Але і чужым людзям дзядуля заўсёды рады.

Адмыслова зрабіў у двары некалькі лавачак, у тым ліку і пад дахам (на выпадак дажджу ці санцапёку), каб мінакі маглі адпачнуць і палюбавацца пенапластавымі гадаванцамі. У легендарным дворыку можна паназіраць і за сапраўднымі птушкамі. Анатоль Уладзіміравіч развесіў на бярозах шмат самаробных шпакоўняў і кармушак. Акрамя таго, зусім побач ёсць каларытная галубятня, за якой даглядае яшчэ адзін жыццялюб з суседняга дома.

За той час, што мы не бачыліся, Анатоль Уладзіміравіч амаль не змяніўся. Усё гэтак жа свецяцца вочы, калі расказвае пра свой заапарк, пра неабыякавых людзей, якія яму дапамагаюць. Праўда, прызнаўся, з кожным годам даглядаць немалую рукатворную гаспадарку яму ўсё цяжэй і цяжэй. Узрост дае пра сябе ведаць: 80 гадоў як-ніяк.

Нягледзячы на тое, што на дварэ лістапад, побач з пенапластавымі гадаванцамі квітнеюць хрызантэмы розных колераў: белыя, ружовыя, жоўтыя, бардовыя... Кветкі — яшчэ адно захапленне і крыніца натхнення дзядулі (быў час, сам іх разводзіў, чаранкаваў).

— Зараз ужо амаль усе адцвілі, — кажа на развітанне Анатоль Уладзіміравіч. — Летам абавязкова прыходзь. Я новых гатункаў руж і цюльпанаў пасадзіў. Сілы ўжо не тыя, але душа ўсё адно прагне прыгажосці.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Зваршчык з душой скульптара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.