Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расійскім пасля рэферэндуму. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю генеральнаму дырэктару міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Дзмітрыю Кісялёву, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв’ю таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсць дамоўленасць з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пачаць такую паездку ён хацеў бы з наведвання Севастопаля. Пры гэтым дакладныя тэрміны, калі магла б адбыцца такая паездка, пакуль не вызначаны. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго прыезд у Крым будзе азначаць прызнанне паўвострава часткай Расіі.
«Крым дэ-факта — гэта расійскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расійскім», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мае поўнае права на наведванне Крыма, «пад чыім бы ён там пратэктаратам, кіраўніцтвам і чый бы ні быў Крым». «Гэта і мой Крым», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зазначыў, што ўпершыню на моры ў свой час пабываў менавіта ў Крыме, калі ў яго быў яшчэ толькі адзін старэйшы сын.
Прэзідэнт прадоўжыў: «Мне Прэзідэнт (Уладзімір Пуцін. — Заўвага БелТА) прапанаваў: давай калі-небудзь адскочым...». — «Махнем», — падхапіў думку Дзмітрый Кісялёў.
«Так было і сказана. Калі мы на катэры з ім, на шхуне „боўталіся“ у Чорным моры. Якраз пра гэта гаворка зайшла. Я кажу: ну паказаў бы Крым. Кажа, няма пытанняў. Толькі, кажу, давай на самалёце, а не на гэтай лодцы», — расказаў Прэзідэнт.
«Пуцін мне шмат расказваў аб цяперашняй базе ВПС у Севастопалі. Ваенна-касмічных сіл. Вельмі шмат, — адзначыў беларускі лідар. — Я кажу: калі запросіш, тады і паляцім. І я яму прапанаваў тады другую ўмову — у Севастопалі прызямліцца».
«Калі Прэзідэнт ужо туды прыехаў з Прэзідэнтам Расіі, слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнанні? Ні для мяне, ні для Пуціна гэта не сакрэт. І, больш за тое, гэта проста нейкае пытанне, якога не існуе. Паміж мною і Пуціным такога пытання няма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Што за таемнымі дзвярыма?