Вы тут

Чым маладая беларуская літаратура зацікавіла чэхаславацкую прэсу


У 1920-х гг. з маладой Краіны Саветаў актыўна пракладваліся замежныя маршруты з мэтай расказаць Еўропе і ўсяму свету пра поспехі новага сацыяльнага ўпарадкавання і нацыянальнага будаўніцтва. Адной з кропак на гэтых шляхах была Чэхаславацкая Рэспубліка, у якой пісьменніцкія дыпламатычныя місіі чакала крытычная ўвага з боку многіх партый, карэнных народаў і шматлікай эміграцыі з абшараў былой Расійскай імперыі. Палітычна ангажаваныя выданні, якія з сімпатыяй ставіліся да Савецкага Саюза, з ахвотай выдзялялі свае медыйныя плошчы для знаёмства з маладымі літаратурамі.


 Янка Купала, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Цішка Гартны. Прага, 1927 г.

Газета «Rudé právo», афіцыйнае выданне камуністычнай партыі Чэхаславакіі, 28 верасня 1927 г. у рубрыцы «Культурны агляд» змясціла здымак з подпісам «Беларускія пісьменнікі ў Празе» і невялікім суправаджальным тэкстам: «Мінулы тыдзень знаходзіліся ў Празе выбітныя беларускія пісьменнікі. Наша фатаграфія прадстаўляе (злева направа): Янку Купалу, М. Зарэцкага, М. Чарота і Цішку Гартнага».

Не толькі назва кароткага допісу, але і выява беларускіх творцаў перайшла з газеты «Rudé právo» ў іншыя, ідэйна блізкія, выданні. Літаратурны часопіс «Kmen» (1927, № 10), які рэдагаваў пісьменнік-камуніст Юліус Фучык, змясціў на сваіх старонках аб’ёмісты артыкул «Беларускія пісьменнікі ў Празе», у якім выказвалася наступнае назіранне: «Апошнім часам Прага стала ўлюбёным месцам візітаў пісьменнікаў з Савецкага Саюза. Да вайны, нягледзячы на трывалыя чэшскарускія стасункі, рэдка хто з рускіх аўтараў па дарозе ў Еўропу наведваў Прагу. Цяпер, на наш погляд, кантакты ажывіліся. У Празе пабывалі рускія пісьменнікі: Ілья Эрэнбург, Маякоўскі, Лідзія Сяйфуліна, Палонскі. Два гады таму прыязджала група ўкраінскіх пісьменнікаў на чале з Тычынам — найбуйнейшым паэтам сучаснай Украіны, а магчыма, і Расіі. А ў гэтым годзе мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі маладой беларускай літаратуры».

Аўтар артыкула, літаратар і журналіст Ёзаф Гора (Josef  Hora; 1891—1945), восенню 1925 г. пабываў у Краіне Саветаў. Спецыфіка творчых узаемаабменаў была для яго добра вядомай на асабістым вопыце. У сябе на радзіме Ё. Гора меў дзелавыя сустрэчы, датычныя ў асноўным выдавецкіх планаў, з У. Маякоўскім, Ц. Гартным, іншымі савецкімі аўтарамі.

Госці з Беларусі асабліва ўражвалі творчую супольнасць Чэхаславакіі: «Якая розніца паміж імі і заходнімі пісьменнікамі, якія прыязджаюць у Прагу! Простыя, яны амаль па-вясковаму выступаюць, дзеці сялянскай краіны, якая паволі абуджаецца ад стагоддзяў прыгнёту, у параўнанні з якім становішча чэхаў пад Габсбургамі было сапраўдным раем. З імі крочыць дух маладога народа, і яны — маладыя, дзеці старой сялянскай краіны і маладой рэвалюцыі».

У адным абзацы Ёзаф Гора здолеў падзяліцца сваім маўленча-камунікатыўным досведам, выказаць крытычнае стаўленне да сучаснай пастаноўкі славянскага пытання і прадэманстраваць уласныя палітычныя сімпатыі: «Вы гаворыце па-чэшску, яны па-беларуску: столькі агульных слоў і каранёў, за якую хвіліну — вы ўжо разумееце адзін аднаго. Аднак хто ў нас, ведаючы пра хвалёную славянскую агульнасць, што-небудзь ведае пра існаванне беларускай літаратуры? А хто ведаў бы пра яе, калі б не адбылася рэвалюцыя, якая вызваліла яе, як і ўсё іншае прыгнечанае, і якая сваім магутным напорам дала гэтай літаратуры пачатак?»

Пра кожнага з чацвёркі беларускіх пісьменнікаў-візіцёраў коратка сказана ў біяграфічных звестках і агульных творчых характарыстыках. У дачыненні да прозы Міхася Зарэцкага — «наймалодшага з чатырохлістніка» — адзначана, сярод іншага, прыналежнасць да «Маладняка», а таксама тэматычны прыярытэт рэвалюцыйных змен, пластыка пісьма і эратычныя дамінанты ў адлюстраванні жыцця. «І ўсе гэтыя чатыры беларусы, самаму маладому з якіх 26 год, а найстарэйшаму 45, нясуць на сваіх абліччах энергічную пячатку жыцця, пройдзенага ў цяжкай барацьбе, насычанага няпэўнасцямі, але і поўнага веры», — падводзіць рысу Ёзаф Гора.

«Літаратурны дадатак да газеты “Савецкая Беларусь”» 15 лютага 1928 г. апублікаваў тэкст «Новая беларуская літаратура» з наступным уводным тлумачэннем: «Пад гэтаю назваю ў нямецкай газеце Чэхіі — газеце, якая распаўсюджана галоўным чынам у дыпламатычных колах усяго свету, з’явіўся артыкул, пераклад з якога мы і змяшчаем». Назва і выхадныя звесткі выдання прыведзены ніжэй: «Prager Presse», 17 снежня 1927 г. (№ 346). Асноўная ўвага ў тэксце (гэта падмацавана і шрыфтавым рашэннем) сфакусіравана на імёнах Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Міхася Чарота. Гаворка пра Міхася Зарэцкага нязмушана ўлучана ў «гартнаўскі» блок: «“Сокі цаліны” павінны былі б з’явіцца першым беларускім раманам. Гэты твор мае пры тым вельмі шырока накіданы план і (наколькі можна судзіць на падставе першых дзвюх частак) — добрую пабудову. Аднак ён застаецца няскончаным — і гонар напісання першага беларускага рамана выпаў на долю Міхася Зарэцкага (“Сцежкі-дарожкі”, якія з’яўляюцца кавалкамі ў часопісе “Полымя”)».

Далей пра маладога пісьменніка — у некалькіх сказах: «Зарэцкі здабыў сабе і ў якасці навелістага пачэснае месца. Яго навелы: “Пад сонцам” (зборнік), “Голы звер” і “У віры жыцця” (новы зборнік выдадзены Дзяржаўным Выдавецтвам на 225 старонак) маюць толькі адну загану: яны занадта моцна падкрэсліваюць мараль і таму парушаюць раўнавагу паміж мэтаю і сродкамі».

Гэта не адзіная публікацыя, прысвечаная беларускай літаратуры, што з’явілася на старонках газеты «Prager Presse». Напрыклад, у нумары ад 11 кастрычніка 1929 г. быў змешчаны аглядны артыкул аб праграмных устаноўках «Узвышша», іх рэалізацыі ў паэзіі, прозе, літаратурнай крытыцы і сатыры.

Абодва нямецкамоўныя артыкулы, закранутыя намі, падпісаны крыптанімам M. H. (кірылічная транслітарацыя — М. Г.). Мяркуем, зыходныя тэксты могуць належаць пяру Максіма Гарэцкага, аўтара «Гісторыі беларускай літаратуры», агляднай крытычнай працы «“Маладняк” за пяць гадоў. 1923—1928».

У 1920-х гг. пісьменнікі замацоўвалі міжнародныя сувязі не толькі перакладчыцкай працай, але і непасрэдным поціскам рук — народнай дыпламатыяй, дзейснай ва ўсе часы. Сляды савецкіх паязджанскіх місій, рассеяныя ў перыёдыцы і архіўных зборах, вартыя пошуку, вывучэння і сучаснага асэнсавання.

Мікола ТРУС

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без панікі! Што рабіць калі вы заблукалі ў лесе? Парады МНС

Без панікі! Што рабіць калі вы заблукалі ў лесе? Парады МНС

Пажылым людзям лепш хадзіць у ягады і грыбы з дарослымі дзецьмі.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.