Вы тут

Музей, прысвечаны Песняру, сёлета адзначыць 80-годдзе


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшоў круглы стол, прымеркаваны да юбілею ўстановы. Работнікі культуры, вучоныя, прадстаўнікі творчых саюзаў і партнёрскіх арганізацый гаварылі пра мінулае Дома Купалы (менавіта гэту назву ў якасці брэндавай хочуць прасоўваць работнікі ўстановы) і перспектывы яго развіцця, традыцыі і сучасныя тэндэнцыі.


Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская заўважыла, што сёння развіццё музея звязана са станам музейнай навукі, узроўнем развіцця новых інфармацыйных тэхналогій, запатрабаваннямі наведвальнікаў. Рэаліі сённяшняга дня патрабуюць распрацоўкі новых форм работы з аўдыторыяй. Сучасны музей ператвараецца ў комплексны культурна-адукацыйны цэнтр, які павінен забяспечыць задавальненне шырокага спектра патрэб грамадства. Выконваць такія задачы прасцей менавіта ва ўзаемадзеянні з іншымі ўстановамі.

Але, бясспрэчна, і галоўную місію музея: збіранне, вывучэнне, захаванне і папулярызацыю творчасці класіка беларускай літаратуры — ніхто не адмяняў. Сёння ў музеі захоўваецца самая вялікая ў краіне колькасць матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы. Прычым штогод яны папаўняюцца, у тым ліку дзякуючы супрацы з архівамі, калегамі з іншых музейных устаноў, калекцыянерамі.

Як паведаміла загадчык адзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Марыя Барткова, днямі ў Нацыянальным архіве Беларусі былі знойдзены новыя матэрыялы, якія раней не друкаваліся, звязаныя з жыццём Янкі Купалы і яго жонкі Уладзіславы Францаўны ў Казані, дзе яны знаходзіліся ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таксама маецца інфармацыя, якая датычыцца іншых пісьменнікаў, што ў той час былі ў эвакуацыі. Новыя даныя могуць быць выкарыстаны пры стварэнні сумесных праектаў з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і музеем Янкі Купалы ў сяле Пячышчы ў Татарстане (гэта адзіная музейная ўстанова, прысвечаная Песняру, за межамі Беларусі). Дарэчы, з Пячышчамі Дом Купалы даўно супрацоўнічае, яго мастакі ў свой час нават дапамагалі з афармленнем экспазіцыі ў Татарстане. Сёлета беларускія музейшчыкі разам з калегамі з Пячышчаў запланавалі правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі. Наладжаны таксама сувязі з расійскімі музеямі, прысвечанымі Пушкіну і Ясеніну, налета запланавана паездка да калег у Калінінград.

Адна з традыцый, закладзеных яшчэ Янкам Купалам, — падтрымліваць розных таленавітых людзей, асабліва творчую моладзь, — сёння працягваецца ў музеі. Ён выступае пляцоўкай, дзе мастакі могуць прадставіць сваю творчасць. На юбілейны год запланаваны мастацкі праект, прысвечаны творчасці Янкі Раманоўскага «Янка Купала ў маім сэрцы». У назву пакладзены словы пляменніка Купалы, якога дзядзька, які адчуў талент маладога чалавека, выправіў у вялікае мастацтва. Пройдзе гэты праект у Бялынічах, якія сёлета атрымалі статус культурнай сталіцы, у музеі Бялыніцкага-Бірулі.

4 красавіка ў Купалавым доме распачнецца праект, прысвечаны Леаніду Левіну, а таксама 75-годдзю парку Янкі Купалы, дзе знаходзіцца музей. Леанід Левін — адзін з аўтараў помніка Песняру і самога парку. У экспазіцыі будуць прадстаўлены рэчы з сямейнага архіва, якія ніколі раней не выстаўляліся.

Як заўважыла Марыя Барткова, музей дапамагае ствараць сістэму культурных каардынат для наведвальнікаў. На працягу ўсяго года ён будзе знаёміць гасцей у тым ліку з народнымі традыцыямі. Не будзем забывацца, што на іх у сваёй творчасці абапіраўся Янка Купала. У музеі пройдуць майстар-класы па рамёствах.

На традыцыйнае свята паэзіі і песні і народных рамёстваў «З адной думкаю аб шчасці Беларусі» музейшчыкі запрашаюць у Вязынку, дзе нарадзіўся народны паэт.

А 29 чэрвеня раяць прыехаць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік у Ляўкі, дзе пройдзе свята паэзіі. Гэта традыцыя закладзена 80 гадоў таму першым дырэктарам музея, жонкай Купалы — Уладзіславай Луцэвіч.

Сёлета стагоддзе зборніка «Безназоўнае», чаму будзе прысвечаны адзін з праектаў. Музейшчыкі таксама выступаюць з ініцыятывай да беларускіх выдавецтваў аб падрыхтоўцы факсімільнага выдання.

Юбілей — выдатная магчымасць прыгадаць яркія моманты жыцця, а таксама сабраць сяброў і аднадумцаў, якія жывуць з Купалам у сэрцы. Дзень нараджэння ўстановы адзначаць у маі ў Палацы культуры ветэранаў.

Загадчык адзела культурна-адукацыйнай работы Дзіяна Кавалевіч распавяла, чым парадуе музей у юбілейны год, які сапраўды будзе насычаны ідэямі, мерапрыемствамі і праектамі, што спрыяюць папулярызацыі творчасці Песняра. Яна звярнула ўвагу на характэрную для сучасных музеяў тэндэнцыю па стварэнні доўгатэрміновых праграм: «Сёння мы спрабуем стварыць цэласную сістэму, задача якой — паслядоўнае і мэтанакіраванае далучэнне наведвальнікаў да нашага музея». Адзін з такіх культурна-асветніцкіх праектаў — «Музыка ў музеі». Ён рэалізоўваецца сумесна са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. У Доме Янкі Купалы адбываюцца літаратурна-музычныя сустрэчы. Самай першай імпрэзай у рамках гэтага праекта стала сустрэча «Гаспадыня Купалавага дома», прысвечаная жонцы Янкі Купалы.

Культурна-адукацыйны праект «Скарбонка талентаў» прапаноўвае гасцям паглыбіцца ў творчы свет народнага паэта і адкрыць для сябе новыя магчымасці і здольнасці з дапамогай майстроў і таленавітых людзей. Падчас яго можна не толькі пачуць пра цікавыя факты, але і вучыцца нешта рабіць уласнымі рукамі. Адкрые праект праграма «Гэй да сонца, гэй да зор», якая адбудзецца 12 красавіка. Яна прымеркавана да Дня касманаўтыкі. Падчас яе наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з гісторыяй верша Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», даведацца, чаму ў музеі Янкі Купалы ёсць здымкі касманаўтаў, а таксама зрабіць самалёт ці ракету ў тэхніцы арыгамі.

Культурна-адукацыйны праект «Паэзія без межаў» рэалізоўваецца сумесна з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і накіраваны на моладзь з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Невыпадкова праект робіцца з КНР: менавіта ў Пекіне ў 1957 годзе адбылася першая міжнародная выстаўка, прысвечаная юбілею Янкі Купалы. Вершы Купалы, паэма «Над ракой Арэсай» перакладзены на кітайскую мову. У рамках гэтага праекта кітайскія і беларускія студэнты Акадэміі музыкі чытаюць вершы народнага паэта.

Дарэчы, Янка Купала стаяў каля вытокаў Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, створанага ў 1926 годзе, якое садзейнічала наладжванню кантактаў паміж беларусамі і жыхарамі іншых краін.

У юбілейны год распачаты Мінскі гарадскі конкурс відэаролікаў «Люблю музей» сярод вучняў першых — адзінаццатых класаў. Школьнікі могуць запісаць відэаролікі, у якіх паказаць сваю прычыну, чаму варта любіць музей, прысвечаны Купалу. Галоўная мэта конкурсу — патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны, прыцягненне ўвагі да аднаго з найстарэйшых музеяў краіны. Фінал конкурсу адбудзецца ў красавіку 2024 года.

Штогод, пачынаючы з 2009-га, у Купалавым доме праходзіць міжнародная акцыя «Ноч музеяў». Гэта выдатная магчымасць паказаць рэсурс установы, яе магчымасці, патэнцыял. Сёлета ў рамках акцыі запланаваны культурна-адукацыйны праект «Юбілейная ноч». Восем музейных прадметаў прадставяць восем дзесяцігоддзяў. Гэта будзе аснова для стварэння незвычайнага аповеду, квэсту ці гульні, звязаных з экспазіцыяй. У музеі пройдуць конкурсы, віктарыны, будуць створаны фотазоны.

Грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам» праводзіцца ў музеі з 2012 года. Далучыцца да яе можна падчас экскурсій, вернісажаў, літаратурна-музычных вечарын. Распрацаваны макет паштоўкі з вершамі Янкі Купалы ў перакладзе на 85 моў свету. Удзельнікамі гэтага праекта ўжо былі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і Камісіі па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, актывісты беларускай дыяспары ў розных краінах свету, паэты, барды, акцёры вядучых тэатраў, спартсмены, студэнты, школьнікі. Сёлета такая акцыя будзе праведзена на рэспубліканскім культурна-патрыятычным мерапрыемстве «Ніхто не забыты, нішто не забыта» 9 Мая, на Дні беларускага пісьменства, на мерапрыемствах да Дня народнага адзінства і іншых.

Прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў нагадалі, што музей з’яўляецца філіялам кафедры гісторыка-культурнай спадчыны. Тут праходзяць практыку студэнты, летась на яго базе адбылося прысвячэнне ў першакурснікі. 

Супрацоўнікі музея прыходзілі на заняткі ва ўстанову. Супрацоўніцтва дазваляе адаптаваць навучанне пад патрэбы музея.

Адзін з надзейных партнёраў музея — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Валянціна Мароз, якая яго прадставіла падчас круглага стала, нагадала, што на гэты год прыпадае таксама 100-годдзе з надання Купалу ганаровага звання — «Народны паэт Беларусі». Яна прапанавала ўдзяліць гэтай даце асаблівую ўвагу: «Пра сталасць і вартасць народа, нацыі сведчыць не тое, якіх талентаў, геніяў нарадзіў гэты народ, а тое, як ён ставіцца да гэтых геніяў, як абыходзіцца з імі, што робіць для ўшанавання памяці».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.