Вы тут

Бежанцаў не пакідаем у бядзе


Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы прадаўжаецца. Наведваючы 26 лістапада транспартна-лагістычны цэнтр каля пагранперахода “Брузгі” на Гродзеншчыне, дзе размешчаны бежанцы, Аляксандр Лукашэнка заявіў: у Беларусі гатовыя зрабіць усё для людзей, якія трапілі ў пастку на мяжы.


Куды ж ім цяпер ісці?..

Тыя, хто цікавіцца падзеямі ў Беларусі, ведаюць: драма разгарнулася на беларуска-польскай мяжы ў лістападзе. Сотні бежанцаў з Ірака, Сірыі ды іншых краін Блізкага Усходу, дзе прадаўжаюцца ваенныя дзеянні, спрабавалі разам з дзецьмі праз Беларусь, беларуска-польскую мяжу трапіць у Заходнюю Еўропу, Германію: каб уратавацца там ад бяды. Аднак польскія сілавікі жорстка, сілай, з грубымі парушэннямі і міжнародных пагадненняў, і элементарных законаў чалавечай маралі пачалі выцясняць бежанцаў са сваёй тэрыторыі. На Гродзеншчыне беларускія пагранічнікі зафіксавалі дзясяткі такіх антыгуманных выпадкаў, у тым ліку і з чалавечымі ахвярамі. У прымежных раёнах Польшчы аб’яўлена цяпер надзвычайнае становішча, там сканцэнтраваныя ваенныя сілы. Хвалі бежанцаў ніяк не могуць прабіць глухую сцяну Еўрасаюза, і ўрэшце няшчасныя людзі вымушаныя былі стварыць стыхійны лагер прама на беларуска-польскай мяжы. Іх колькасць перавышала тры тысячы, сярод бежанцаў шмат дзяцей, жанчын (ёсць і цяжарныя).

Больш за тыдзень таму стала зразумела, што на мяжы завязаўся тугі вузел праблем і хутка яго не развязаць. Тады па даручэнні Прэзідэнта ў транспартна-лагістычным цэнтры побач з пагранпераходам “Брузгі” (які цяпер закрыты) быў створаны часовы пункт размяшчэння бежанцаў. Дзякуючы намаганням беларускага боку там створаны неабходныя бытавыя ўмовы: людзі ў цяпле, маюць начлег і ежу. Разгорнута і палявая лазня, пры неабходнасці аказваецца меддапамога. Бежанцам рэгулярна дастаўляюць гуманітарную дапамогу: да збору яе падключаны сотні валанцёраў па ўсёй краіне.

Аляксандр Лукашэнка гутарыць з бежанцамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 26 лістапада транспартна-лагістычны цэнтр, агледзеў там пункт раздачы прадуктаў харчавання. Цікавіўся: ці на ўсіх цяпер хапае прадуктаў. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, гутарыў з бежанцамі, якія не губляюць надзею трапіць у краіны Еўрасаюза, потым і выступіў перад імі, адказваў на пытанні. “Праўда ў тым, што мы ні ў якім разе не будзем гуляць і рабіць палітыку на вашых лёсах”... “У Беларусі гатовы зрабіць усё для бежанцаў, якія трапілі ў бяду”... Такая пазіцыя кіраўніка дзяржавы, які ўпэўнены ў пераадоленні міграцыйнага крызісу на мяжы. Ён адзначыў, што з Беларусі ўжо было эвакуявана на радзіму каля тысячы мігрантаў. “Але я хачу, каб вы ведалі. Мы ні ў якім разе не будзем вас затрымліваць, грузіць у самалёты і адпраўляць на радзіму, калі вы таго не хочаце”.

Для тых, хто жадае глыбей зразумець сутнасць крызісу на беларуска-польскай мяжы, раім паглядзець эксклюзіўнае інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі брытанскай медыякампаніі ВВС. Поўная версія інтэрв’ю – на ютуб-канале “АТН: новости Беларуси и мира” па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=FMd1Zk7CbXE&t=1s  .

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Бежанцаў не пакідаем у бядзе

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.