Зноў інцыдэнты на нашай граніцы. У мінулыя выхадныя надзвычайнае здарэнне адбылося на ўкраінскім флангу. З гэтай нагоды згадваецца заява Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры стратэгічнага ўпраўлення Міністэрства абароны падчас нарады па пытаннях ваеннай бяспекі, якая адбылася на мінулым тыдні: «У Беларусі бачаць, як ва Украіне праводзяцца вучэнні пад кодавай назвай «Палессе», і ў сувязі з гэтым рыхтуюцца зрэагаваць у выпадку неабходнасці».
Праз некалькі дзён міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба звярнуў увагу на тое, што Кіеў лічыць Беларусь патэнцыйнай крыніцай пагрозы. «Мы размеркавалі ўжо сур'ёзныя рэсурсы на нашу паўночную граніцу з Беларуссю», — сказаў Кулеба журналістам у Рызе, дзе ён прымаў удзел у нарадзе кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-членаў НАТА. Літаральна ў гэты ж дзень Служба бяспекі Украіны апублікавала відэа вайсковых вучэнняў на граніцы з Беларуссю. У манеўрах апроч падраздзяленняў СБУ ўзялі ўдзел супрацоўнікі Нацпаліцыі, Дзяржаўнай пагранічнай службы, Нацгвардыі, а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады і мясцовага самакіравання.
А праз некалькі дзён пасля інтэрв'ю Кулебы і відэа СБУ падчас вучэнняў украінскія пілоты парушылі граніцу з Беларуссю. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «Правядзенне Украінай вучэнняў на граніцы з Рэспублікай Беларусь справакавала інцыдэнт. 4 снежня каля 12 гадзін на беларуска-ўкраінскай граніцы ў раёне пункта пропуску «Новая Рудня» Мазырскі пагранатрад зафіксаваў парушэнне паветранай прасторы Беларусі з боку Украіны», — адзначаецца ў паведамленні.
Як растлумачылі ў камітэце, украінскі ваенны верталёт Мі-8 на вышыні каля 100 метраў перасёк дзяржаўную граніцу і заляцеў на глыбіню да 1 кіламетра на тэрыторыю Беларусі. Па гэтым інцыдэнце праінфармаваны ўкраінскі бок.
«Пры ўзнікненні ў далейшым выпадкаў парушэння дзяржаўнай граніцы беларускія пагранічнікі будуць дзейнічаць вельмі жорстка», — заўважыў афіцыйны прадстаўнік Мазырскага пагранічнага атрада Сяргей Паўлаў.
5 снежня ў Дэпартамент міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны быў выкліканы ваенны аташэ пры Пасольстве Украіны, якому была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннямі ўкраінскім бокам Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.
«Ваеннаму аташэ было даведзена, што ўкраінскі бок пазбягае дыялогу для вырашэння спрэчных пытанняў як па лініі міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, так і кантролю над узбраеннямі, што вельмі трывожна. Былі прыведзены факты, якія сведчаць аб ухіленні Украіны ад выканання абавязацельстваў у рамках рэгіянальных мер даверу і бяспекі, а таксама правядзення на фоне абвінаваўчай у адносінах да Рэспублікі Беларусь рыторыкі шэрагу вучэнняў паблізу беларускай дзяржаўнай граніцы падраздзяленнямі Узброеных сіл Украіны. Сукупнасць гэтых фактаў можа сведчыць аб магчымасці з'яўлення пагрозы бяспецы Рэспубліцы Беларусь на паўднёвым напрамку», — гаворыцца ў паведамленні.
«Са шкадаваннем трэба прызнаць, што Украіна выбрала ваяўнічую рыторыку і дэструктыўны курс адносна Беларусі. «Нацыяналістычны запал» Украіны, пра які ў сваім інтэрв'ю агенцтву «Россия сегодня» гаварыў Аляксандр Лукашэнка, стаў сур'ёзнай небяспекай для рэгіянальнай стабільнасці і востра паставіў пытанне аб існаванні ўкраінскай дзяржаўнасці, — падкрэсліў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. — Ці з'яўляецца парушэнне паветранай граніцы 4 снежня ў раёне пункта пропуску «Новая Рудня» ваенным верталётам Мі-8 пачаткам дыверсійнай вайны, час пакажа. Ці гатова Польшча і Украіна развязаць ваенны канфлікт? Безвыхадная сітуацыя, у якую яны сябе загналі, пакідае ім мала варыянтаў. Першы — развязаць пры дапамозе Вашынгтона і Лондана на тэрыторыі Украіны чарговую фазу грамадзянскай вайны з прыцягненнем ваенных спецыялістаў і ўзбраення заходніх краін. Другі — на працягу доўгага часу трымаць ваенную шматтысячную групоўку на польска-беларускай граніцы з прасоўваннем і ўстанаўленнем ваеннай інфраструктуры НАТА, са спробамі прыгранічных сутыкненняў і правакацый. Трэцяя — з улікам ваеннага напружання прадаўжаць гібрыдную вайну з Беларуссю на псіхалагічнае і эканамічнае вымотванне і ўдушэнне».
Уведзены пяты пакет санкцый супраць Беларусі — гэта помста нашай краіне і асабіста Прэзідэнту за нежаданне здрадзіць Расіі, суверэнітэту нашай краіны і прымаць правілы гульні калектыўнага Захаду, перакананы Мікалай Шчокін. «Дзякуючы Прэзідэнту, яго настойлівасці і непахіснасці, а таксама палітычнай гібкасці, развязаная супраць нас гібрыдная міграцыйная вайна Захадам прайграна. Зразумела, цяпер трэба чакаць новага этапу націску і шантажу. Цяпер калектыўны Захад прыме ўсе меры для ўдушэння Беларусі. Польшча сутаргава шукае моцнага еўрапейскага саюзніка ў мэтах заключэння «новай мюнхенскай змовы», вызначыўшы для сябе месца кіраўніка нацысцкага еўрапейскага дома. Прыбалтыка, як і Украіна, не могуць адыгрываць якую-небудзь самастойную ролю, з'яўляючыся сатэлітамі самой Польшчы, — лічыць Мікалай Шчокін. — Прэзідэнт Беларусі для Еўропы аказаўся моцным і незалежным лідарам. Ужо відавочна, што мэта польскага кіраўніцтва адносна Беларусі — звергнуць Прэзідэнта любой цаной, пры дапамозе розных інтэракцый аж да прыцягнення стратэгічных узбраенняў НАТА».
Мікалай Шчокін лічыць, што ад маючых адбыцца сёння анлайн-перагавораў Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна многія чакаюць часовага кампрамісу. У любым выпадку, упэўнены аналітык, па выніках дэмакратычнага саміту Беларусь і Расія будуць аб'яўлены ворагамі. «І пачнецца ўжо шырокамаштабная, шматузроўневая, афіцыйна ўзаконеная Захадам халодная вайна — па міжнародных правілах злачынная, з прыцягненнем разнастайных сатэлітаў для ідэалагічнага цкавання беларускага і рускага народаў. У сувязі з гэтым, у тым ліку і напярэдадні рэферэндуму, такія фактары, як выканальніцкая і працоўная дысцыпліна, ініцыятыўнасць усіх галін улады, вырашэнне бытавых праблем грамадзян на мясцовым узроўні, — галоўны прынцып грамадскай і нацыянальнай бяспекі. Узмацненне барацьбы з пятай калонай, комплекс мер па зачышчэнні сацсетак з далейшым прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за распальванне міжнацыянальнай варожасці, абразы, падбухторванне да проціпраўных дзеянняў і наступальная інфармацыйная і ідэалагічная палітыка павінны стаць на найбліжэйшую перспектыву дзейсным механізмам захавання міру і стабільнасці», — рэзюмаваў эксперт.
Пётр ДУНЬКО
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?