Вы тут

Пра ролю адной пішучай машынкі ў справе развалу краіны


Надоечы з'явілася нагода згадаць Белавежскую пушчу — і не толькі таму, што ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза вярнулася Снягурка. 8 снежня споўнілася 30 гадоў, як тут быў падпісаны дакумент, што спыніў існаванне вялікай дзяржавы пад назвай Савецкі Саюз. Ацэнкі гэтай падзеі — шматбаковыя і аб'ектыўныя — справа будучых пакаленняў гісторыкаў.


Але ў пушчы былі і ёсць людзі, якія міжволі з'явіліся сведкамі тых падзей. У мяне захоўваецца ўсяго некалькі раздруковак дыктафонных запісаў інтэрв'ю за гады работы. У іх ліку і гутарка з былым дырэктарам Нацыянальнага парка Сяргеем Балюком. Мы размаўлялі з Сяргеем Сяргеевічам праз дзесяцігоддзе пасля падзеі. Адчувалася, што ён моцна перажываў. Некалькі разоў паўтарыў: «І чаго іх панесла ў пушчу? Сабраліся б дзе-небудзь пад Масквой, Кіевам ці Мінскам». Яму было вельмі шкада, што яго любімы, найлепшы ў свеце лес набыў такую сумную славу.

Пра тое, што рэзідэнцыю Віскулі наведаюць высокія госці, дырэктару пушчы Сяргею Балюку паведамілі за некалькі дзён. Вядома, ён і ўявіць не мог, для чаго тыя сюды едуць. Думаў, лідары рэспублік збіраюцца адпачыць, папаляваць, як гэта рабілі многія іх папярэднікі. У Віскулях рыхтавалі гасцініцу, рэстаран, катэджы. Самалёты сталі прызямляцца ў пятніцу на ваенным аэрадроме ў Засімавічах паблізу Пружан. Першыя, як і належыць гаспадарам, прыбылі Шушкевіч з Кебічам, сустрэлі Краўчука. Пазней прызямліліся два расійскія самалёты. Акружэнне Ельцына было самае шматлікае.

У канцы дня будучыя кіраўнікі суверэнных дзяржаў вячэралі ў рэстаране. А супрацоўнікі пушчы ў гэты час расстаўлялі сталы ў вестыбюлі для перагавораў. Жырандолі давалі слабае асвятленне, і яго тэрмінова давялося ўзмацняць насценнымі бра і свяцільнямі. Задача кіраўніцтва пушчы заключалася ў забеспячэнні максімальнага камфорту для ўдзельнікаў перагавораў.

Раніцай, калі ў залу прайшлі памочнікі лідараў, аказалася, што ніхто з іх не паклапаціўся аб спосабах выпрацоўкі дакументаў. Камп'ютараў у пушчы тады яшчэ не было, не аказалася ў Віскулях нават пішучай машынкі. Тады Сяргей Балюк заехаў у Камянюкі і забраў з дому сваю сакратар-машыністку Яўгенію Пацяйчук разам з машынкай з прыёмнай. Быў выхадны дзень. Яўгенію Андрэеўну ніхто не папярэдзіў загадзя. Жанчына разгубілася, яна шкадавала, што не паклапацілася аб адпаведных прычосцы і макіяжы, бо працаваць належала з людзьмі такога высокага ўзроўню.

Але на яе прычоску там ніхто не звяртаў увагі. Увесь дзень, з раніцы да вечара, друкавала пушчанская машыністка дакументы, якія сталі асновай для спынення існавання другой супердзяржавы свету. Яўгеніі не дазволілі нават паабедаць, толькі час ад часу прыносілі чай. А яе непасрэдны начальнік Балюк дыктаваў многія з папер, іх прыносілі адну за адной, і калі б не дыктоўка, аднаму чалавеку фізічна немагчыма было б надрукаваць столькі тэксту. Хоць Сяргей Сяргеевіч не ўдзельнічаў у перагаворным працэсе, па волі лёсу ўсё прайшло праз яго рукі і яго душу. Праўда, некаторыя паперы былі складзены ў такой спешцы і так нязграбна напісаныя, што Балюку даводзілася зваць аднаго з аўтараў — Бурбуліса — і той сам дыктаваў Яўгеніі Андрэеўне. Тую гістарычную машынку «Ятрань» пазней адзін з дырэктараў пушчы прадаў у Маскву, што Сяргей Балюк назваў зусім бязглуздым учынкам. Бо ёй — самае месца ў сваім музеі.

...А тады ён прыйшоў дадому глыбокай ноччу, разбудзіў жонку: «Надзя, Саюз развалілі, нашай краіны больш няма!» Надзея Васільеўна не магла ўцяміць і паверыць: як гэта можна вось тут, у лесе, краіну разваліць?

Да канца жыцця Сяргей Балюк захаваў негатыўныя адносіны да падпісантаў дакументаў 8 снежня. І вінаваціў Гарбачова, які не прыняў меры, каб удзельнікаў дэлегацый сустракалі ў Засімавічах і адпраўлялі назад. Ён вельмі перажываў за пушчу, якой аддаў амаль усё жыццё. І многае перажыў у першыя гады незалежнасці, калі яго нават здымалі з пасады па надуманых абвінавачваннях, але Балюк змог абараніць сваё добрае імя ў судзе, яго рашэннем было вярнуцца на пасаду і толькі пасля таго напісаць заяву аб сыходзе.

Мы доўга гаварылі ў той дзень. Сяргей Сяргеевіч абвяргаў многія байкі, якіх паявілася вялікае мноства вакол Белавежскага пагаднення. Ну, напрыклад, што лёсавызначальны дакумент «абмывалі» «Белавежскай» гарэлкай брэсцкай вытворчасці. Дзе толькі тады не пісалі пра гэта! Нават расійскі паэт Яўген Еўтушэнка падчас наведвання Брэста ў 1996 годзе актыўна цікавіўся, дзе купіць гэты напой, каб пачаставаць сваіх сяброў. Аказалася, гэта адзін са шматлікіх, як цяпер кажуць, фэйкаў. А вось факт, што ніхто не паверне час, не прыйдзе ў Віскулі, не выйме нават сякерай тое, што надрукавана на пушчанскай машынцы «Ятрань», якая выпадкова ўвайшла ў гісторыю.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.