Выданне, якім апякуецца рэдактар і ўкладальнік член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр ВАЛКОВІЧ (а падтрымку яму найперш аказвае Брэсцкі райвыканкам), гэтым разам, пачынаючы з вокладкі, віншуе сваіх чытачоў з навагоднім святам.
Друкуюцца калядныя песні, запісаныя ў вёсках Чэрск, Кавярдзякі, Кустын, Лышчыцы. А ў раздзеле «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны» — артыкул «Стояла ёлка, тонка, высока»: яліна ў фальклоры Берасцейшчыны«. Нагадаем, што доктар філалагічных навук, кіраўнік лабараторыі «Фальклор і краязнаўства» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Іна Швед — сталы аўтар «Астрамечаўскага рукапісу». Яе публікацыі — фальклорны, этнаграфічны партрэт края. І вельмі шкада, што наклад альманаха — усяго толькі 80 экзэмпляраў. Нягледзячы на яго рэгіянальна-краязнаўчы характар, выданне добра было б мець у кожнай бібліятэцы краіны. Такія медыйныя здабыткі, такога кшталту перыёдыкі толькі ўзбагачаюць нашу краіну, даказваюць, што і на месцах, у рэгіёнах, у малых паселішчах жывуць унікальныя людзі, беларусы, якія захоўваюць народную спадчыну, нашу нацыянальную культуру.
Па традыцыі ёсць што пачытаць і ў раздзелах альманаха: «Астрамечава і астрамечаўцы», «Скарбніца народных талентаў», «Літаратурная сядзіба», «Кніжная зала», «Старонкі гісторыі», «Калаўрот культурнага жыцця», «Беларусь памятае».
А што да святочнай выявы на першай старонцы вокладкі, то гэта — рукавічкі з мастацкай вышыўкай Яны Сайттэ. А на чацвёртай старонцы вокладкі «Астрамечаўскага рукапісу» — святочны рушнік.
Раман СЭРВАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Што за таемнымі дзвярыма?