Вы тут

Гераіня партрэтаў Фалька нарадзілася ў Віцебску


Заўсёды спалучэнне ў адной творчай асобе розных мастацкіх зацікаўленняў выклікае асаблівую павагу. Відавочна, што творца не абмяжоўваў сябе прасторай пошукаў, імкнуўся да новых адкрыццяў. І калі нейкую ідэю не атрымлівался рэалізаваць у жывапісе, то займаўся графікай альбо скульптурай. Ці, напрыклад, пісаў раманы ці вершы. Як і Марк Шагал, які застаўся ў гісторыі яшчэ і паэтам (пісаў вершы на ідзіш), а не толькі геніяльным мастаком. Дарэчы, вершы Шагала перакладзены і на беларускую мову — народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным... Мы болей ведаем Юрыя Анненкава як рускага і французскага графіка, мастака тэатра і кіно, аўтара партрэтаў Барыса Пастэрнака, Уладзіслава Хадасевіча, а між тым ён — аўтар паэтычных твораў і яркай, проста ўнікальнай кнігі мемуараў «Дзённік маіх сустрэч. Цыкл трагедый» ( у двух тамах), рамана «Цяжар»... А бліжэйшы да нас па часе ленінградскі мастак Генадзь Аляксееў быў адным з заснавальнікам расійскага верлібра...


Фота з адкрытых крыніц

Мастачка і паэтэса Раіса Веніямінаўна Ідэльсон (1894 — 1972) нарадзілася ў губернскім Віцебску. У сям’і вядомага віцебскага ўрача-тэрапеўта... У розны час яна была жонкай двух вядомых савецкіх жывапісцаў — Роберта Фалька (1886 — 1958) і Аляксандра Лабаса (1900 — 1983). Нарадзіла ад двух мужоў траіх дзяцей... 

У 1913 годзе Раіса закончыла гімназію і паехала на вучобу ў Францыю, а затым у Бельгію. На той час за мяжою вучылася сястра Раісы — Аляксандра, якая была на два гады старэйшая. Аляксандра Веніямінаўна (1892 — 1980), якая зробіць вялікую тэатральную і выкладчыцкую кар’еру. На канікулы ў 1914 годзе сёстры вярнуліся ў Віцебск. Зразумела, што ў Францыю ўжо не змаглі вярнуцца, паколькі пачалася Першая Сусветнай вайна. Раіса пачала наведваць заняткі ў славутай Школе жывапісу і малюнка мастака Юдэля Пэна. У той час урокі ў легендарнага педагога і мастака браў і Марк Шагал. Існуе легенда, што педагог закахаўся ў юную вучаніцу і намаляваў яе партрэт з кошкай на каленях, назваў жа Юдэль Пэн сваю карціну «Дзве кошачкі»... 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Раіса аказалася ў Петраградзе, дзе пачала наведваць прыватную школу расійскага жывапісца Якава Гольдблата (1860 — 1929). Сюды на Екацярынагофскі праспект, у дом нумар 20, у розныя гады наведваліся будучыя мастакі Вольга Амосава, Варвара Бубнава, Вадзім Лазаркевіч, Парфірый Лебедзеў, Георгій Лукомскі, Сцяпан Пісахаў (дарэчы, не толькі мастак, але і этнограф, казачнік)... У свой час сам Гольдблат вучыўся ў Віленскай малявальнай школе Івана Пятровіча Трутнева. Лёс ужо гэтага педагога і жывапісца крышачку звязаны і з Віцебскам. У 1866 годзе ён пачаў працаваць настаўнікам малявання і каліграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Праўда, гэты перыяд у Трутнева доўжыўся не так і шмат часу — усяго некалькі месяцаў. А што да Гольдблата, то, пэўна ж, у Вільні ў час сваёй вучобы ён быў знаёмы і з іншымі вучнямі Трутнева — напрыклад, з польскім мастаком і фатографам Станіславам Флёры (1858 — 1915)... Існуюць падлікі, што за 41 год існавання Віленскую школу наведвалі болей 4000 чалавек... Дарэчы, і дажываць свой век Гольдблат вярнуўся ў Вільню... 

Далей Раіса Ідэльсон наведвала мастацкія майстэрні Кузьмы Сяргеевіча Пятрова-Водкіна (1878 — 1939), аўтара добра вядомых прац — «Купанне чырвонага каня», «Юнацтва (Пацалунак)», «Галава юнака (Чырвоны ангел)», «Купальшчыцы», «1918 год у Петраградзе (Петраградская мадонна)»... У 1920 — 1921 гады маладая мастачка займаецца ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях (славуты «ВХУТЕМАС»). У 1922 годзе Раіса пазіруе Роберту Фальку для карціны «Жанчына ў чырвоным ліфе» (праца і зараз захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі). З Фалькам Раіса пазнаёмілася на занятках у майстэрнях. Настойлівасць, захопленасць новым у выяўленчым мастацтве, прыроджаная энергічнасць дазваляюць Раісе дамагацца многага. 15 кастрычніка 1922 года, дзякуючы арганізатарскім крокам Іллі Эрэнбурга, Давіда Штэрэнберга і Эля Лісіцкага, у Берліне адкрываецца Першая руская мастацкая выстаўка. Удзельнічае ў ёй і ўраджэнка Віцебска. 

У 1922 годзе Раіса Ідэльсон выходзіць замуж за Роберта Фалька. Праз год едзе разам з ім у Віцебск, дзе ён прадаўжае маляваць партрэты Раісы. Захавалася і графічная праца "Партрэт Р. В. Ідэльсон з бацькамі «(1926). У Віцебск Фальк наведваўся перыядычна, асноўным месцам працы заставаўся «ВХУТЕМАС», дзе ён быў дэканам факультэта жывапісу. 

У 1925 годзе Раіса Ідэльсон удзельнічала ў Першай Усебеларускай выстаўцы ў Мінску. Праз два гады — у Другой Усебеларускай мастацкай выстаўцы, якая таксама прайшла ў Мінску. У 1928-м мастачка паказала свае працы на Першай выстаўцы жывапісу, графікі і малюнка «РОСТ», якая праходзіла ў клубе імя Кухмістрава на Гарахоўскай вуліцы ў Маскве. У 1928 — 1929 годзе Раіса Веніямінаўна ўваходзіла ў склад сяброў Аб’яднання грамадскіх мастакоў, якое арганізавалі студэнты майстэрні Р. Фалька — І. Лейзераў, Р. Рабіновіч, Е. Левіна-Разенгольц (дарэчы, Ева Паўлана —у раджэнка Віцебска), М. Нікаладзэ, Г. Назарэўская і іншыя. 

У 1928 годзе Фальк атрымаў творчую камандзіроўку ад Наркамасветы ў Парыж. Раіса паехала разам з мужам. У 1929 годзе прымала актыўны ўдзел у арганізацыі выстаўкі Роберта Фалька ў славутай галерэі Зак у Парыжы. Між іншым, гэту галерэю ў свой час арганізаваў другі ўраджэнец Беларусі — Яўген Зак (1884 — 1926)... Фальк паказаў у Парыжы 25 сваіх прац. Сярод іх быў і партрэт Раісы Ідэльсон — «Жанчына ў чырвоным ліфе»... 

Усяго Фальк зрабіў каля дзесяці партрэтаў Раісы Ідэльсон: «Аўтапартрэт з жонкай» (1923; захоўваецца ў Кіргізскім нацыянальным музеі выяўленчых мастацтваў імя Г. Айціева); «Дзяўчына ля акна» (1926; праца захоўваецца ў Краснадарскім музеі імя Ф. Каваленкі); «Жанчына, якая ляжыць на тахце» (1929)...

Другая выстаўка прац Таварыства грамадсікх мастакоў праходзіла ў сакавіку — красавіку 1929 года ў клубе імя Астахава завода «Серп і молат». Наша зямлячка выставіла сваю працу «Кветкі ў блакітнай бутэльцы»... Улетку 1929-га жанчына вяртаецца з Парыжа ў Маскву, а следам у Віцебск, каб даглядаць хворага бацьку. У 1930 годзе ў часопісе «Революция и культура» у сааўтарстве з зямлячкай Евай Левінай-Разенгольц друкуе артыкул «Тэатр бліжэйшай будучыні» — пра пераўтварэнне тэатра з элітарнага ў масавы. У 1929 — 1937 гады Раіса Ідэльсон лістуецца з Робертам Фалькам, які ўсё па-ранейшаму знаходзіцца ў Парыжы. У мастакоў — двое дзяцей... І ўсё ж таленавітыя творцы разыходзяцца. У другім шлюбе Раіса жыве з мастаком Аляксандрам Лабасам. А Фальку жанчына пакідае такі верш: «Любовь моя, мне даже сны не снятся./ Я в четкой трезвости сгораю наяву. / И, если я с тобой смогла расстаться,/ Не спрашивай, как я живу»... 

Новы шлюб, у якім нарадзіўся сын Юлій Аляксандравіч, праходзіў праз няпростыя выпрабаванні. Аляксандра Лабаса ў сярэдзіне 1930-х абвінавацілі ў фармалізме. Раіса ўладкоўваецца навуковым супрацоўнікам у бібліятэку Дзяржаўнага музея выяўленчага мастацтва. У хуткім часе шлюб з Лабасам распадаецца. Раіса Веніямінаўна працуе ў Цэнтральным доме мастацкага выхавання дзяцей. А пасля становіцца выкладчыцай завочных курсаў пры Цэнтральным доме народнай творчасці імя Н. К. Крупскай... Курсантамі станавіліся ўсе жадаючыя навучыцца маляваць. Асновы майстэрства ім і выкладала Раіса Ідэльсон ажно да 1941 года... 

У Вялікую Айчынную вайну Раіса разам з сынам і сястрою знаходзілася ў эвакуацыі. Спярша — у Самаркандзе, а ў канцы 1941 года яны пераязджаюць у Ташкент. І з Узбекістана ў ваенны час Раіса Веніямінаўна прадаўжае перапіску з Фалькам і яго жонкай — Ангелінай Васільеўнай Шчокінай-Кротавай, мастацтвазнаўцам, куратарам выставак. Шчокіна-Кротава захавала такія ўспаміны пра папярэднюю жонку Фалька: «... Яна, увогуле, была чалавекам надзвычай неспакойнага сэрца... уся яе энергія сыходзіла на занепакоенасць любімымі людзьмі. Так што яна амаль нічога не зрабіла са сваёй незвычайнай адоранасці, таму што ўсю сябе прысвяціла не гэтулькі служэнню сваім блізкім людзям... колькі бясконцай трапяткой занепакоенасці аб іх... Толькі часам, калі яна засяроджвалася на карцінах, глядзела, яна рабілася надзіва спакойнай. Яна так умела глядзець жывапіс, як рэдка хто можа: яна проста сыходзіла ў карціну цалкам, і тады на яе твары можна было прачытаць абсалютнае блажэнства, як у святых...» 

У 1943 годзе Раіса з сынам і сястрою вяртаецца ў Маскву. А Фальк, вярнуўшыся з эвакуацыі з Башкартастана пазней, падараваў Раісе адзін з лепшых яе партрэтаў — «Жанчына, якая прычэсвае валасы» (твор быў напісаны ў 1926 годзе). 

Наша зямлячка па-ранейшаму выкладала ва Усесаюзным завочным універсітэце мастацтваў імя Н. К. Крупскай. Распрацавала ўласны педагагічны метад з індывідуальным падыходам да вучняў. 

Некалькі слоў пра паэтычную творчасць Раісы Ідэльсон... Свае першыя вершы яна напісала ў сем гадоў. І пісала вершы праз усё жыццё. Але ніколі не друкавала іх. Ужо калі мастачкі не стала, была выдадзена мастацка-паэтычная кніга з яе вершаванымі творамі — «Безмолвный поэт» (Масква, 2020 год). Ілюстрацыямі да кнігі сталі працы Роберта Фалька, Аляксандра Лабаса і самой Раісы Ідэльсон. 

Мастачка і паэт пайшла з жыцця ў 1972 годзе. Пахавана ўраджэнка Віцебска на Калітнікаўскіх могілках. Побач з магілай Роберта Фалька... Два таленты, дзве памяці сыйшліся назаўсёды, сыйшліся ў вечным спакоі... 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.