Вы тут

Як раней мы не мелі рэальнай карціны трагедыі ВАВ і чаму яе нельга замоўчваць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб'явіў 2022-гі Годам гістарычнай памяці. Адно з палажэнняў абноўленай Канстытуцыі, вынесенай на грамадскае абмеркаванне, абвяшчае, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Увесь час мы былі ўпэўненыя, што нашы папярэднікі зрабілі шмат для таго, каб устанавіць памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыялізаваць іх. Ды атрымалася, што работы ў плане ўвекавечання памяці загінулых у гады ваеннага ліхалецця хопіць яшчэ і нам, і нашым паслядоўнікам.


Падчас раскопак на 9-м кіламетры шашы Брэст — Масква каля Мінска, дзе нядаўна было выяўлена буйное пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. У некалькіх брацкіх магілах, па папярэдніх даных, спачывае звыш 38 тысяч чалавек.

Чаму нельга выкрасліць гэты перыяд гісторыі з нашай памяці, а таксама для чаго мы сёння павінны адстойваць праўду аб той вайне, аб подзвігу і трагедыі беларускага народа, мы разважалі з вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдатам гістарычных навук Вячаславам Селяменевым.

— Вячаслаў Дзмітрыевіч, раней такога палажэння ў Канстытуцыі не было. Пэўна, не было неабходнасці: усё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной, з'яўлялася для некалькіх пакаленняў святым і недатыкальным у прынцыпе. Што здарылася? Магчыма, прыйшло новае пакаленне беларусаў, для якіх тыя падзеі не ўяўляюць вялікай каштоўнасці?

— Раней нават пытанняў на гэтую тэму не ўзнікала. Памяць аб вайне, ушанаванне подзвігу савецкага народа з'яўлялася аксіёмай. Усё памянялася. Тыя падзеі з кожным годам аддаляюцца ад нас. Для сучаснага пакалення беларусаў Вялікая Айчынная вайна — гэта нешта далёкае, нават старажытнае ў адрозненне ад пакалення нашага, чые бацькі былі непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей. У моладзі зусім іншы падыход да мінулага. Гэта відаць нават па кіраўніцтве замежных дзяржаў, маладзейшыя прадстаўнікі якога разважаюць аб Другой сусветнай вайне як аб звычайнай з'яве. Яны нават не ўяўляюць, што такое вайна і якія наступствы яна нясе. Даволі дзіўна сёння чуць заклікі, якія даносяцца з Еўропы, аб разгортванні пэўных ваенных дзеянняў супраць нашай краіны, Расіі. Для тых, хто бачыў вайну на свае вочы, такое ўвогуле не паддаецца здароваму сэнсу. Гэта сведчыць аб тым, што занадта мы аддаліліся ад ваенных падзей. Чым далей ад вайны, тым менш мы пра яе ведаем. Таму вельмі своечасова ў Асноўным Законе краіны з'явіўся новы артыкул, накіраваны на тое, каб удзяляць пытанню захавання памяці больш увагі, каб людзі больш ніколі не ведалі, што такое вайна. Пры сучаснай зброі — гэта фактычна поўнае знішчэнне дзяржавы. Такіх працяглых баявых дзеянняў, як у гады Вялікай Айчыннай, больш ніколі не будзе. Калі ж усё-ткі вайна пачнецца, ад еўрапейскіх краін застанецца пустыня. Таму нават заікацца аб пэўных ваенных дзеяннях абсурдна.

— Нядаўна быў прыняты новы закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Законапраект накіраваны на абарону гістарычнай памяці, афіцыйнае прызнанне і асуджэнне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў пасляваенны перыяд. Чаму толькі цяпер, амаль праз восем дзесяцігоддзяў пасля тых жудасных падзей, на ваш погляд, будзе дадзена ацэнка злачынствам нацыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі?

— Сапраўды, мы вельмі позна заняліся гэтай тэмай. Але ёсць на гэта як аб'ектыўныя, так суб'ектыўныя прычыны. Па-першае, мы так доўга не закраналі тэму генацыду таму, што гэта сапсавала б нашы адносіны з суседзямі. Аб гэтым нельга было пісаць, бо ў знішчэнні беларускага народа бралі ўдзел нашы «браты» па Савецкім Саюзе: калабаранты з Украіны, Латвіі, Літвы. Усе верылі ў дружбу народаў, таму імкнуліся аб гэтых негатыўных момантах не казаць. Тое ж самае працягвалася і пасля распаду Савецкага Саюза... Мы падрыхтавалі зборнік дакументаў аб латышскіх паліцэйскіх фарміраваннях у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. Калі сабраліся яго выдаць, пачулі ў адказ, што ў нас добрыя адносіны з Латвіяй, таму аб ніякім абнародаванні дакументаў у той час нават не магло быць размовы. Па-другое, да 1990-х гадоў большасць дакументаў, звязаных з перыядам Вялікай Айчыннай вайны, было засакрэчана. Нават акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая займалася ўстанаўленнем і расследаваннем злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, знаходзіліся на сакрэтным захоўванні. Большасць дакументаў, звязаных з партызанскім рухам, захоўвалася ў партыйным архіве, доступу ў які даследчыкі практычна не мелі. А калі хтосьці туды і трапляў, то атрымліваў не тое, што хацеў. Ішло дазіраванне выдачы інфармацыі. Сёння, калі мы рассакрэцілі ўсе дакументы, у тым ліку тыя, якія захоўваліся ў партыйным архіве, з'явілася магчымасць для аб'ектыўнага напісання гісторыі.

— Для цяперашніх даследчыкаў, якія займаюцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, адкрытыя ўсе дарогі...

— Бяда ў тым, што, нягледзячы на даступнасць дакументаў таго перыяду, цікавасць да тэмы Вялікай Айчыннай вайны з боку навуковай супольнасці невялікая. Узяць той жа партызанскі рух, які дагэтуль з'яўляецца прадметам вострых дыскусій, асабліва з боку заходніх дзяржаў, гісторыкаў. У нас жа напрацоўкі па гісторыі партызанскага руху датаваныя савецкім часам. Нягледзячы на ўсе вартасці выдадзенай літаратуры, трэба прызнаць, што там не ў поўнай меры дадзена ацэнка таго, што адбывалася на акупаванай тэрыторыі. Сёння патрабуецца новы падыход да гэтай тэмы, але ніхто за яе не бярэцца. Увогуле ў распрацоўцы тэм, звязаных з перыядам Другой сусветнай вайны, павінен быць дзяржаўны падыход.

— Зыходным пунктам для многіх навукоўцаў, архівістаў, музейшчыкаў і іншых спецыялістаў, якія займаюцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, можа стаць закон «Аб генацыдзе беларускага народа»...

— Трэба ўлічваць той факт, што гэты закон будзе пад пільнай увагай Захаду. Заходнія, амерыканскія палітыкі і гісторыкі пад лупай разглядваюць, што мы падрыхтавалі. Яны абавязкова зачэпяцца за пэўныя дэталі, пададуць іх пад тым вуглом, які патрэбны ім, гэта будзе абсалютна не на нашу карысць. Таму мы павінны быць падрыхтаванымі. Поля для дзейнасці хопіць усім. Узяць хоць бы такое паняцце як канцлагер. У немцаў гэта месца прымусовага ўтрымання. Мы ж не можам кіравацца тым паняційным апаратам, які стварылі яны. Да ўсяго павінен быць свой падыход.

— Актыўную работу ў справе аднаўлення справядлівасці з вашымі калегамі па Нацыянальным архіве ведзяце і вы. Чаму нам сёння як ніколі нельга замоўчваць усе факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной?

— Гісторыя становіцца цацкай у руках палітыкаў. Нядаўна ў Нацыянальным архіве з дакументамі, звязанымі з партызанскім рухам, працаваў нямецкі гісторык польскага паходжання. І, натуральна, у яго была толькі адна мэта — накапаць адзін толькі «бруд», звязаны з партызанскай тэматыкай. У выніку ён паказаў партызанскі рух праз прызму негатыву, які таксама быў. А нашы гісторыкі што ў адказ? Прамаўчалі. Ёсць яшчэ адзін навуковец, які раней жыў у Беларусі, а потым з'ехаў. Нядаўна ён даў інтэрв'ю чужаземнаму радыё наконт прынятага закона «Аб генацыдзе беларускага народа». І на ўвесь свет сказаў, што ніякага генацыду беларусаў у нашай краіне не было. Маўляў, супраць беларускага народа быў быццам бы толькі тэрор, і каб не партызаны, якім мірныя жыхары дапамагалі, то ніхто б іх не чапаў. Ён нават дагаварыўся да таго, што план «Ост» прадугледжваў не знішчэнне беларускага народа, а перасяленне... Каб даваць адпор такім псеўдагісторыкам, мы павінны даследаваць гэтую праблематыку. Па тэме генацыду ў нас увогуле практычна няма распрацовак. Як і няма ні аднаго спецдаследавання па карных аперацыях у Беларусі. На нашай тэрыторыі немцы правялі больш чым 140 буйных карных аперацый, але ні аднаго з навукоўцаў не зацікавала дадзеная тэма. І аб знішчэнні вёсак і іх жыхароў, што таксама з'яўляецца адной з частак генацыду, няма ні аднаго спецыяльнага даследавання.

— Вядома, нашы апаненты таксама выкарыстоўваюць гэта ў сваіх мэтах. Многія немцы, прадстаўнікі іншых заходніх народаў увогуле не ведаюць, што ў беларускіх вёсках людзей палілі жывымі...

— Неўзабаве мы вызначым агульную колькасць спаленых вёсак. Аднак дакладныя даныя — колькі было знішчана насельніцтва, якія населеныя пункты былі пасля вайны адноўлены, а якія — не, сёння вельмі складана ўстанавіць. Мы зрабілі базу спаленых вёсак, гэта аснова. Аднак яе трэба ўдакладняць, для чаго патрэбнае прыцягненне мясцовых органаў улады. Седзячы ў архіве, не напішаш гісторыю знішчэння вёсак у раёне. Адно скажу дакладна — сёння па Беларусі мы выходзім на лічбу звыш 9300 спаленых вёсак, а не 9200, як было прынята лічыць доўгі час. І «сясцёр» у Хатыні не 185, а значна больш.

— Аб масавым знішчэнні мірных жыхароў акупантамі і іх памагатымі сведчаць і раскопкі, якія праводзяцца ў межах заведзенай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Чаму так склалася, што дагэтуль мы не мелі рэальнай карціны трагедыі, якая ў гады Другой сусветнай вайны адбылася на нашай зямлі?

— Гэта зноў наша недапрацоўка. Аднак мы гэтую памылку выпраўляем. За апошнія гады Нацыянальным архівам выдадзены шэраг зборнікаў дакументаў, якія пацвярджаюць факт генацыду ў дачыненні да беларускага народа. Завяршаем работу над выпускам зборнікаў дакументаў «Без тэрміну даўнасці» па кожнай вобласці. І там у якасці аднаго з дадаткаў публікуецца спіс месцаў масавага знішчэння яўрэяў. Былы дырэктар Музея яўрэяў Іна Герасімава праехала па ўсёй Беларусі і даведалася аб усіх месцах знішчэння яўрэяў. А чаму мясцовыя ўлады не склалі свае спісы масавага знішчэння насельніцтва ў межах падрыхтоўкі тых жа кніг «Памяць»? Вось і атрымалася, што амаль праз 80 гадоў пасля заканчэння вайны мы маем нявывучаныя месцы, дзе адбывалася масавае знішчэнне людзей. А колькі невядомых дагэтуль пахаванняў, дзе спачываюць чырвонаармейцы, партызаны! Безумоўна, пасля вайны было не да раскопак. Краіна ляжала ў руінах. У першую чаргу трэба было аднаўляць эканоміку. Магчыма, сёння трэба падумаць пра перавыданне раённых гісторыка-дакументальных хронік «Памяць». Месцамі гэта ўжо робіцца. Аднак не проста перапісаць, а дапоўніць з улікам тых адкрытых дакументаў, да якіх сёння ёсць доступ. Мы толькі ў пачатку гэтай работы. Куды ні глянеш — усюды «белыя плямы»...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.