Вы тут

Акаўнт у TіkTok і Гары Потэр па-беларуску. Як падтрымліваюць юных аўтараў?


У Доме прэсы нядаўна адбылася сустрэча, прысвечаная пытанню падтрымцы юных літаратурных талентаў. Удзельнікі распавялі аб дзяржаўных і міжнародных конкурсах, а таксама падзяліліся меркаваннямі аб тым, як дапамагчы дзецям і моладзі раскрыць свой творчы патэнцыял. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што для пісьменнікаў асабліва важна, каб у літаратуры была пераемнасць пакаленняў:


Фота: pixabay.com

— Мы бачым, як тэма патрыятызму вельмі хвалюе не толькі вядомых пісьменнікаў, але і юных аўтараў. Аб гэтым сведчаць тыя кнігі, якія выдаюцца ў нашай краіне. На прыкладзе конкурсу «Жывая класіка» можна ўбачыць, як дзеці ўмеюць размаўляць, аналізаваць творы і вершы менавіта на беларускай мове. І, што вельмі прыемна, з іх вуснаў мова гучыць актуальна, сучасна. Я зноў запрашаю ўсіх ахвотных да ўдзелу ў гэтым конкурсе. З новага года пачаўся чарговы творчы сезон. Таксама мне хочацца звярнуць увагу на конкурс, які праходзіць у межах саюзнай дзяржавы. Ён мае назву «Мост сяброўства» і сёлета адбываецца ўжо пяты раз. Людзі прыязджаюць у Беларусь з розных куткоў Расіі — гэта вельмі ганарова, што нашыя таленты разам з сябрамі з Расіі на такім высокім узроўні могуць прадэманстраваць літаратурныя веды. У якасці іх падтрымкі выдаецца альманах.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што моладзі неабходна своечасовая падтрымка і ўвага. І калі ў сталічных пісьменнікаў ёсць большая колькасць варыянтаў для прасоўвання сваіх твораў, то тыя, хто жывуць у невялікіх мястэчках і вёсках, могуць сутыкнуцца са складанасцямі. У дадзенай сітуацыі вырашальнай можа аказацца асоба настаўніка ці педагога, які дапаможа юнаму аўтару прасунуць свае творы ў газеты і часопісы.

— Каля дзесяці гадоў у Мінскім абласным саюзе пісьменнікаў выдаецца серыя «Мінскія маладыя галасы», — распавёў Уладзімір Мазго, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. — Шмат з тых аўтараў, якія друкавалі творы ў гэтай серыі, ужо сталі лаўрэатамі конкурсаў. Акрамя гэтага, не так даўно праходзіў творчы конкурс, прысвечаны Максіму Багдановічу. У ім прыняла ўдзел амаль 200 юных літаратараў з усёй Беларусі. Самыя лепшыя творы рэкамендаваны да друку ў часопісе «Маладосць», спадзяюся, што для юных творцаў гэта стане пэўным стымулам.

Зразумела, што ўдзел у конкурсах — важны этап для фарміравання творчай асобы. Але не менш важна, каб творы маладых аўтараў бачылі свет. Удзел у сустрэчы прынялі і супрацоўнікі беларускіх газет і часопісаў.

— Нягледзячы на тое, што наша мэтавая аўдыторыя усё ж такі дарослыя людзі, маладым аўтарам, якія да нас звяртаюцца, мы аказваем першасную ўвагу, — адзначыла Таццяна Барадуля, рэдактар аддзела паэзіі і крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». — Увогуле, у іх работах ёсць такая асаблівасць, неверагодная колькасць любові, аптымістычнага позірку на жыццё — гэтым немагчыма не падзяліцца.

У сваю чаргу рэдактар аддзела часопіса «Бярозка» Ксенія Сітнік дадала, што сувязь з моладдзю існуе:

— Наша работа з юнымі аўтарамі не абмяжоўваецца толькі друкаваным часопісам. Мы прэзентуем сябе ў сацыяльных сетках, з'явілася нават амбіцыйная мэта — стварыць акаўнт «Бярозкі» на платформе «TіkTok», якая з'яўляецца вельмі папулярнай сярод моладзі. З юнымі аўтарамі трэба размаўляць на адной мове, быць бліжэй да іх. Таксама з гонарам хачу адзначыць яшчэ адну навіну: «Бярозка» пачынае сумесны праект з каналам «Культура» Беларускага радыё. Кожны месяц будзе выходзіць чытацкі клуб, дзе мы разам з беларускамоўнымі дзеткамі станем абмяркоўваць творы, якія іх цікавяць. У снежні выйдзе выпуск, прысвечаны кнізе «Гары Потэр і філасофскі камень» у перакладзе Алены Пятровіч.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.