Вы тут

«Сучасная беларуская літаратура» — у адным праекце


Выдавецтва «Аверсэв» і Саюз пісьменнікаў Беларусі ініцыіравалі новы творчы кнігавыдавецкі праект — серыю «Сучасная беларуская літаратура», прэзентацыя якога адбудзецца 23 студзеня 2024 года Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. 


Фота: nlb.by

Мяркуецца, што свет пабачаць 12 кніг пад агульным брэндам, што адлюструе шматаблічны характар развіцця беларускай прозы, якая шукае сябе ў новых жанрах, часам парушаючы межы традыцыйных. Серыя кніг сабрала самыя значныя творы беларускай мастацкай літататуры, створаныя сучаснікамі. Творы папярэдне друкаваліся ў дзяржаўных літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях. Чытачоў чакае сустрэча з героямі аповесцяў, навэл, апавяданняў, дэтэктываў, фантастычных вандровак і нават аўтарскіх фантазій на тэмы беларускіх легенд і міфаў. Аўтары вядуць з чытачамі дыялог, грунтуючыся на сённяшніх рэаліях. Кожная кніга — гэта дуэт літаратуры і жывапісу: у афармленні вокладак выкарыстаны рэпрадукцыі карцін з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Пакуль што выйшла сем кніг. Першая − «Дараванне» − адлюстроўвае стан развіцця беларускай аповесці. Другая — «Душа твая светлая» − дэманструе, што пісьменнікі здольны на некалькіх старонках апавядання разгарнуць сюжэт, які кранае самыя тонкія стрункі чалавечых душ. У трэцяй кнізе серыі − «Чароўная скарбніца» − сабраны казачныя гісторыі трох таленавітых пісьменнікаў. Гэтыя светлыя, дзівосныя творы хочацца прачытаць і абмеркаваць перад сном разам з дзецьмі. Выдадзены таксама зборнік жаночай навэлы «Размова з люстэркам», «мужчынскія» апавяданні сучасных беларускіх аўтараў «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», зборнік «Цені Дзікага палявання», дзе пісьменнікі працягваюць традыцыі фальклорна-міфалагічнай і гісторыка-дэтэктыўнай прозы, закладзеныя Янам Баршчэўскім і Уладзімірам Караткевічам. А «Планета ў падарунак» спадабаецца аматарам навуковай фантастыкі і містыкі. 

23 студзеня з чытачамі сустрэнуцца Алена Стэльмах, Навум Гальпяровіч, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Алесь Бычкоўскі, Алена Брава, Таццяна Дашкевіч, Валянціна Драбышэўская, Зіновій Прыгодзіч, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Ясенія Аляксеева, Сяргей Трахімёнак, Таццяна Сівец, Алесь Бычкоўскі, супрацоўнікі выдавецтва «Аверсэв». У душэўным дыялогу будуць разглядацца пытанні, якія хвалююць сучасных беларускіх творцаў і чытачоў, што натхняе пісьменнікаў на стварэнне новых твораў, якія тэмы імі узнімаюцца і ў чым сакрэт поспеху. Пачатак а 18 гадзіне. Адрас музея — Мінск, вуліца Акадэмічная, 5. 

Да сустрэчы! Чытайце сучасную беларускую літаратуру!

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.