Вы тут

Як выпускніца ФМА Яніна Грыневіч стала вядомай даследчыцай беларускага фальклору


У гэтай гараджанкі не было вясковага дзяцінства, не было нават летніх канікул у бабулі ў вёсцы, бо тая жыла ў райцэнтры ў гарадской кватэры. Бацькі — фізікі па адукацыі — пазнаёміліся падчас вучобы на фізфаку БДУ. Іх дачка пасля заканчэння ліцэя таксама спыніла свой выбар на БДУ, паступіла на найпрэстыжнейшы ў моладзі факультэт міжнародных адносін, прычым хапіла балаў, каб трапіць на бюджэтную форму навучання. Але сёння яна займаецца... вывучэннем фальклору. Знаёмцеся: загадчыца сектара захавання фальклорнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат філалагічных навук Яніна Грыневіч.


Яніна Грыневіч: «Любая экспедыцыя — гэта найперш кантакт з чалавекам...»

Напрыканцы 2021 года наша суразмоўніца стала ўладальніцай прэміі акадэміка Усевалада Ігнатоўскага. Імянныя прэміі для маладых вучоных НАН былі заснаваны тры гады таму: гэта прэміі імя акадэмікаў Жарэса Алфёрава (у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук), Васілія Купрэвіча (у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук) і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (у галіне гуманітарных і сацыяльных навук). Прэстыжнай узнагародай быў адзначаны яе цыкл работ «Песенная традыцыя беларусаў у сучасным славянскім свеце: вывучэнне, захаванне, актуалізацыя». Як маладая дзяўчына стала вядомай даследчыцай беларускага фальклору, яна расказала ў гутарцы з журналістам «Звязды».

Сімволіка лірычных твораў

— Яшчэ падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце я пачала задумвацца: а што далей? Прызнаюся, што не ўсе прадметы, што вывучала, былі мне цікавыя. Хацела працягнуць вучобу ў магістратуры, але толькі не на сваім факультэце, — расказвае Яніна. — Зацікавіў варыянт з магістратурай у Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук. Выбар спыніўся на агульнагуманітарнай спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства». А ў тым, што я абрала менавіта фалькларыстыку, у многім заслуга плённага збіральніка беларускага фальклору Арсеня Ліса. Я патэлефанавала яму, мы пагутарылі, і ён пагадзіўся быць маім навуковым кіраўніком спачатку ў магістратуры, а потым і ў аспірантуры. Арсень Ліс — выбітная асоба, мэтр фалькларыстыкі, у такога спецыяліста хочацца вучыцца...

У 2013 годзе Яніна скончыла аспірантуру, на працягу года дарабіла сваю навуковую працу, абаранілася і атрымала ступень кандыдата навук. Кажа, што займалася і працягвае займацца пазаабрадавымі лірычнымі песнямі. «Лірычныя песні — гэта сукупнасць песень, не прымеркаваных да абрадаў каляндарнага ці сямейнага цыкла. Да іх адносяцца любоўныя, сямейна-побытавыя і сацыяльна-побытавыя, а ў цэнтры лірычнага твора знаходзіцца асоба чалавека са сваім асабістым лёсам, доляй», — тлумачыць даследчыца.

У 2018 годзе ў выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла манаграфія Яніны Грыневіч «Беларускія пазаабрадавыя лірычныя песні». З яе можна даведацца пра семантыку і паэтыку вобразаў у песнях, іх вытокі і развіццё, у кнізе змешчаны таксама слоўнік мовы лірычных песень. Напрыклад, акрамя слова «кахаць», у песнях сустракаюцца сінонімы «любіць» і «куміцца» , а адпаведнікі сучаснага «сустракацца» ў традыцыйнай лірыцы — гэта «любіцца» і «кахацца».

— Разгадванне сімволікі песень — надзвычай цікавая і даволі ўдзячная справа, калі памятаць пра кантэкст і шматзначнасць фальклорных вобразаў, — кажа Яніна Грыневіч. — Колькасны аналіз, праведзены на аснове класічнага зборніка беларускага песеннага фальклору «Лірычныя песні» (яго складальнікам быў Ніл Гілевіч), дэманструе цікавыя звесткі — паказвае, як часта тое ці іншае слова ўжываецца ў песнях. Дык вось на першым месцы па колькасці згадак — вобразы расліннага і жывёльнага свету. Часцей за вобразы іншых раслін у песнях сустракаецца каліна: яна ўвасабляе дзявоцкасць, дзяўчыну перадшлюбнага ўзросту, замужніцу, маці. Вобраз саду суадносіцца з родным, бацькоўскім домам. Поле, з аднаго боку, увасабляе акультураную, засвоеную чалавекам прастору, месца спатканняў і сустрэч, а з другога боку, звязана з іншасветам. У некаторых кантэкстах поле — станоўчы вобраз (яно шырокае, радзімае), а ў іншых, наадварот, поле нерадзімае, голае. У чыстае поле нярэдка выпраўляецца лірычная гераіня ў пошуках добрай долі...

Дарога ў песнях выступае месцам дзеяння, з ёй наўпрост звязаны матыў расстання. Таксама дарога сімвалізуе асабісты лёс і долю чалавека.

Паміж Захадам і Ўсходам

Цікавімся ў Яніны, а як жа сёння адбываецца збіранне фальклору, бо носьбіты песеннай традыцыі паступова сыходзяць. Няўжо ў ХХІ стагоддзі яшчэ штосьці засталося па-за ўвагай даследчыкаў?

— Этнаграфічныя экспедыцыі ніхто не адмяняў, — усміхаецца даследчыца. — У мінулым годзе ў мяне было тры экспедыцыі. Ёсць ужо планы і на бягучы год. Канешне, у першую чаргу мяне цікавяць песні, але на іх не заўсёды шанцуе, таму запісваю ўсё, што можна «здабыць»: загадкі, прымаўкі, прыказкі, казкі, замовы і гэтак далей. Мяне цікавіць, што спяваюць у вёсках сёння фальклорныя калектывы, сямейныя дуэты, якія песні гучаць, калі людзі проста збіраюцца разам, каб адпачыць. Акрамя таго, я задаюся пытаннем, ці ўзнікаюць новыя песні. У апошнія гады сталі папулярнымі новыя святы — Дзень вёскі, Дзень пажылога чалавека. Людзі пачынаюць падладжваць фальклор пад новыя патрэбы, змяняюць, адаптуюць тэкст, мелодыю, хочуць быць больш сучаснымі. Гэта творчасць на мяжы аўтарскай і фальклорнай. Але ўсё адно цікава назіраць, куды рушыць народная творчасць. Шмат дзе ў апошнія гады аднаўляюць народныя абрады. Да нас у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры часта звяртаюцца фальклорныя калектывы, створаныя пры сельскіх клубах, якія хочуць даведацца, а што спявалі раней у іх мясцовасці, бо песенная спадчына была страчаная. Яны імкнуцца прытрымлівацца аўтэнтычнай манеры выканання. Каб дапамагчы, мы звяртаемся да сабраных архіўных матэрыялаў. Дарэчы, пры аддзеле фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў існуе Калекцыя фальклорных запісаў — самы стары і самы вялікі фальклорны архіў Беларусі, які быў створаны ў 1957 годзе. Ён па праве мае статус «нацыянальнага навуковага здабытку».

«Любая экспедыцыя — гэта найперш кантакт з чалавекам, — заўважае Яніна. — Каб той табе раскрыўся, пачаў спяваць, трэба знайсці да яго падыход. Толькі калі табе давяраюць, можна пачуць вельмі шчырыя асабістыя гісторыі, напрыклад, пра тое, што жанчыны спяваюць у адзіноце, калі застаюцца дома адны, для іх гэта своеасаблівы спосаб псіхалагічнай разгрузкі. Адна з жанчын мне расказала, што калі на душы становіцца зусім невыносна, яна ідзе ў лес і вые там... Калі размаўляеш з людзьмі і шукаеш подступу да песень, а яны не хочуць прызнавацца, што спяваюць, пытаешся: «А на пахаванні?». У адказ чуеш: «Ой, канешне...» Жанчын па-ранейшаму запрашаюць спяваць на пахаваннях. Гэта традыцыя ўсё яшчэ жывая. Вось так паступова, праз пахавальныя псалмы, і знаходзіш падыход да інфарманта.

Вельмі запомнілася нашай суразмоўніцы першая самастойная экспедыцыя ў вёску Мірная ў Рагачоўскім раёне. Яе жыхарка Надзея Адамаўна Швед пісала ў Акадэмію навук лісты, запрашала прыехаць да яе, бо яна «ўжо старая, хутка памрэ і яе песні сыдуць разам з ёй». «Я вучылася ў аспірантуры, і мяне адправілі ў Рагачоўскі раён, — расказвае Яніна. — Пасялілася я ў Надзеі Адамаўны, жыла там некалькі дзён, а яна ўвесь гэты час спявала: раніцай, днём, увечары і нават ноччу. Пад канец ужо амаль страціла голас, але трымалася да апошняга. І вось я збіраюся ад'язджаць, а Надзея Адамаўна, якой ужо было на той момант 90 гадоў, пажадала правесці мяне да маршруткі. Восень, халодны вецер, і тут яна кажа: «Слухай, а давай я табе яшчэ спяю». Проста неверагодная жанчына!

Хоць экспедыцыі звычайна не падобныя адна на адну. Пры выбары месца ацэньваеш загадзя свае перспектывы, рыхтуешся, глядзіш, што ўжо было сабрана папярэднікамі. Здараецца, што шмат чакаеш, але твае спадзяванні на песенны фальклор не спраўджваюцца. Тады запісваеш «этнабатаніку» (пад ёю маецца на ўвазе сістэма ведаў пра ўзаемаадносіны людзей і раслін), цікавішся тэкстылем, вышыўкай. Ці, наадварот, была ў 2020 годзе ў Свіслацкім раёне, на самай мяжы з Польшчай, нават не магла падумаць, што столькі песень там запішу. Да экспедыцыі паглядзела, што ёсць у нашым архіве з тых мясцін, пабачыла: у адной з вёсак запісваў песні Рыгор Шырма. Дык вось там яшчэ жывая памяць пра яго візіт — вяскоўцы паказалі хаты, дзе жылі тыя спевакі, падзяліліся ўспамінамі пра іх. Цікава, што мясцовы фальклорны калектыў «Спадчына» выконвае ў тым ліку і тыя самыя песні, запісаныя Шырмам». У Шчучынскім раёне таксама, у якую вёску мы ні заходзілі б, ва ўсіх спявалі. Лічу, што знайсці цікавае можна паўсюль, нават на Міншчыне, хоць існуе памылковае меркаванне, што тут ужо даўно ўсё вывучана.

Безумоўна, кожны рэгіён Беларусі мае свае асаблівасці: спецыфічныя абрады, гульні, прымеркаваныя да іх песенныя творы. Нярэдка яны ўваходзяць у рэестр нематэрыяльнай культурнай спадчыны і становяцца брэндам адпаведнай мясцовасці. А ўвогуле, калі чуеш песню, то па мове заўсёды можна адрозніць, з якога яна рэгіёна».

«Апошні крык...»?

Некалькі гадоў таму ў рамках праекта «Tradycyja» быў падрыхтаваны дыск «Бяседныя песні». У ім сабраны застольныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу. Усяго рэліз складаецца з 34 кампазіцый. Укладальніцай дыска стала Яніна Грыневіч.

— Бяседныя песні спявалі ў святочныя моманты, калі падчас застолляў збіраліся сям'я, суседзі і знаёмыя. Іх рэгіянальныя назвы — застольныя, гасцявыя, п'яніцкія, карчомныя, банкетовыя, пірушачныя, кірмашовыя. Пра бяседныя песні казалі: «Як толькі адну чарачку вып'ю, і ўсё, пашло — вы сядзіце, а я буду песні пяяць», — расказвае даследчыца. — Бяседныя песні выконвалі, напрыклад, на застоллі ў гонар нараджэння дзіцяці, услаўлялі гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, добры пачастунак. Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з дружыны жаніха і нявесты на вясельным застоллі. Большасць застольных твораў паводле свайго зместу «жыццёвыя». У іх распавядалі пра жаночую долю, няспраўджаныя надзеі, нялюбага мужа. Вясёлыя і гумарыстычныя творы суседнічаюць з сумнымі, мінорнымі.

Летась нашай акадэмічнай камандай быў выпушчаны дыск «Віцебска-вележскія запісы». Мы запачаткавалі такую серыю, як аўтэнтычны фальклор беларускага памежжа. Песні, што ўвайшлі ў першы дыск, былі запісаны нашымі калегамі Галінай Барташэвіч і Канстанцінам Кабашнікавым падчас экспедыцыі ў 1989 годзе на беларуска-расійскай мяжы. Спачатку яе ўдзельнікі збіралі лірычныя творы на беларускім баку, а потым перайшлі на расійскі. Цікава было даведацца: а ці існуе гэтая мяжа? Дык вось жанчыны казалі: «Не, у нас спяваюць па-свойму, не так...», хаця запісаныя песні сведчылі, хутчэй, пра адваротнае.

Напрыканцы гутаркі мы запыталіся ў Яніны: «Цікава, а як вы глядзіце на будучыню фалькларыстыкі, бо ў часы глабалізацыі ўзнікае пагроза як агульнанацыянальнай, так і рэгіянальнай самабытнасці?»

— Ведаеце, я займаюся гісторыяй фалькларыстыкі, сёлета ў мяне запланаваны выхад манаграфіі, прысвечанай Антону Грыневічу. Гэта вядомы збіральнік і папулярызатар беларускага музычнага фальклору пачатку ХХ стагоддзя, выдавец, педагог і кампазітар. У яго вельмі цікавы і трагічны лёс. Сам ён родам з Полаччыны. Жыў і працаваў у Пецярбургу, затым заснаваў прыватнае выдавецтва, збіраў і выдаваў беларускія песні.

З 1920 года Антон Грыневіч жыў у Вільні, дзе працаваў выкладчыкам спеваў у Віленскай беларускай гімназіі. Выдаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік.» У 1921 годзе трапіў у турму за сваю грамадскую дзейнасць, пазней быў вызвалены пад нагляд паліцыі. А ў кастрычніку 1925 года нелегальна выехаў у Мінск. Працаваў сакратаром Песеннай камісіі ў Інстытуце беларускай культуры. Як і многія нацыянальныя дзеячы і прадстаўнікі навуковай эліты таго часу, ён адносіў народную песню да найважнейшых этнавызначальных прыкмет, якія ў поўнай меры адлюстроўвалі ўнікальнасць, самабытнасць і адрозненне беларусаў ад іншых народаў. «Як па твары пазнаюць чалавека, так па песні, асабліва народнай, пазнаецца цэлая нацыя, яе характар і душа», — пісаў ён у 1912 годзе ў адным са сваіх артыкулаў.

А ў другой палове 1920-х гадоў у цэнтральным друку выходзіць артыкул Антона Грыневіча «Апошні крык паміраючай беларускай песні». Яму здавалася, што народная песня вось-вось знікне, можна не паспець яе запісаць. Але... прайшло сто гадоў, і песня не памерла! Цікавасць да фальклору не знікла! І я не бачу перадумоў для яе знікнення.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.