Вы тут

Урач-анколаг: У развіцці раку большую ролю адыгрывае не генетыка, а стрэс


Рак малочнай залозы — самае небяспечнае захворванне грудзей. У структуры анкалагічных хвароб у жанчын яно займае першае месца, у тым ліку і ў нашай краіне. Як своечасова яго выявіць? Ці дапаможа ў гэтым аналіз на мутацыю генаў BRСА1 і BRСА2 і чаму яго не раяць рабіць усім? Ці могуць перарадзіцца ў рак дабраякасныя ўтварэнні — фібраадэномы і кісты? У чым іх небяспека? Якую ролю ў развіцці раку адыгрывае стрэс? Пра гэта мы паразмаўлялі з урачом анколагам-мамолагам 1 катэгорыі Янінай Голубевай.


— Яніна Міхайлаўна, з якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца жанчыны да мамолага?

— Найчасцей сустракаецца фіброзна-кістозная мастапатыя, таксама жалезіста-кістозная мастапатыя. Сярод дабраякасных утварэнняў пераважаюць кісты малочных залоз і фібраадэномы.

— Раскажыце пра мастапатыю, такі дыягназ ставіцца даволі часта...

— Фіброзна-кістозная мастапатыя, па азначэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, —гэта не хвароба, а пэўны стан, які характарызуецца шэрагам дабраякасных змяненняў у малочнай залозе, якія ўзнікаюць на фоне гарманальнага дысбалансу. Калі ў малочнай залозе, дзе ў норме спалучаюцца жалезістая, тлушчавая і фіброзная тканкі, іх суадносіны мяняюцца, пачынае пераважаць адна з іх, такі стан называюць мастапатыяй. Асноўнымі праявамі мастапатыі з'яўляюцца вузлавыя утварэнні ці дыфузныя ўшчыльненні, боль ці дыскамфорт у грудзях (масталгія), напрыклад, пасля таго, як знімаеце бюстгальтар, ацёчнасць (або мастадынія), нагрубанне малочных залоз у канцы менструальнага цыкла, а часам і ў сярэдзіне падчас авуляцыі — цяпер у маладых дзяўчат нярэдка сустракаецца такая рэакцыя. Часам бываюць і выдзяленні з саскоў. Калі яны бялёсыя ці празрыстыя, гэта не крытычна, а вось калі бурыя ці чырвонага адцення, што сведчыць аб прымесі крыві, то варта тэрмінова звяртацца да мамолага.

Сапраўды, у нас дыягназ мастапатыя ставіцца часта, ледзь не кожнай жанчыне, часам, магчыма, не зусім апраўдана. У маладых дзяўчат, напрыклад, у асноўным пераважае жалезістая тканка, гэта асноўная тканка малочнай залозы. У маладой здаровай жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту яна і мусіць пераважаць, гэта варыянт нормы, а ёй часта ставяць мастапатыю. Пра мастапатыю ў дадзеным выпадку можна казаць, калі з'яўляецца балючасць, дыскамфорт, ацёчнасць перад менструацыяй.

Яшчэ выдзяляюць вузлавую або ачаговую мастапатыю — гэта калі ў грудзях ёсць вузел, а таксама дыфузную, калі ўся тканка малочнай залозы становіцца зярністай, цяжыстай, прашчупваецца па тыпе вінаграднай лазы.

— З-за чаго ўзнікае мастапатыя?

— Гэта мультыфактарнае захворванне, звязанае як з генетычнымі і фізіялагічнымі фактарамі, так і з уплывам навакольнага асяроддзя. Як я адзначала, асноўную ролю ў падтрыманні нармальнага функцыянавання малочнай залозы адыгрываюць адэкватныя суадносіны ўзроўню жаночых палавых гармонаў (эстрагену, прагестэрону і пралакціну). Фактары рызыкі, якія выклікаюць дысбаланс палавых гармонаў, — стрэсавыя сітуацыі ў сям'і ці на рабоце, канфлікты, неўрозы, дэпрэсіі. Таксама парушэнні рэпрадуктыўнай функцыі — малая колькасць цяжарнасцяў ці іх адсутнасць, аборты. Важны і ўзрост пры цяжарнасці (чым старэйшы, тым вышэйшая рызыка), вялікі плод, працягласць груднога кармлення. Дарэчы, у жанчыны, якая нарадзіла дваіх дзяцей да 25 гадоў, утрая меншая рызыка развіцця захворвання малочнай залозы ў параўнанні з жанчынамі, якія маюць адно дзіця. Таксама фактарамі рызыкі лічацца гінекалагічныя хваробы. Напрыклад, запаленчыя працэсы ў яечніках, эндаметрыёз і міёма маткі ў 70 % выпадкаў суправаджаюцца наяўнасцю дыфузнай мастапатыі і вялікай колькасці кіст. Эндакрынныя парушэнні, нерэгулярнае палавое жыццё, захворванні печані і жоўцевага пузыра, траўмы малочнай залозы, частае ўжыванне алкаголю, курэнне, вялікая колькасць тлустай і вострай ежы, шакаладу, кавы, вяндліны — усё гэта таксама можа справакаваць мастапатыю. Таксама генетычная схільнасць — наяўнасць дабраякасных (у меншай меры) і злаякасных захворванняў у сваячак па мацярынскай лініі. Адыгрываюць ролю і фактары навакольнага асяроддзя: рызыка большая ў жыхарак мегаполісаў, чым сельскай мясцовасці, у жанчын з вышэйшай адукацыяй, уплывае і іанізацыйная радыяцыя.

— А з-за чаго з'яўляюцца кісты?

— Кіста — гэта поласцевае ўтварэнне, запоўненае вадкасцю. Узнікае з-за закупоркі і парушэння праходнасці пратокаў малочнай залозы — часцей за ўсё перад менструацыяй з-за гарманальнага дысбалансу. Там назапашваецца вадкасць, пакрываецца капсулай і ўтвараецца кіста. Як правіла, яны сустракаюцца з двух бакоў, прычым дробныя — ад 3—5 мм, — і выяўляюць іх толькі дзякуючы сучаснай апаратуры. У анкалагічных цэнтрах такія маленькія кісты нават могуць не ўказваць у пратаколе, бо асабліва ніякай значнасці яны не нясуць.

А вось кісты ад 2-3 да 5 см ужо маюць значнасць, хоць у рак і не перараджаюцца. Яны ствараюць неспрыяльны фон у малочнай залозе і сведчаць, што структура яе парушана, а ў арганізме жанчыны ёсць гарманальны дысбаланс, і на такім фоне могуць узнікнуць злаякасныя захворванні.

Калі ў кісце пэўныя клеткі пачынаюць дзяліцца, утвараецца сценка кісты ці перагародка. Такія ўтварэнні больш небяспечныя. Там можа стварацца крываток, і тады кіста патрабуе абавязковай пункцыі з цыталагічным даследаваннем клетак, бо гэта можа быць перадракам і патрабуе пэўнага лячэння аж да хірургічнага выдалення. Часцей за ўсё такія кісты згрупаваны па некалькі штук. Гэта вузлавая мастапатыя, і яна звычайна лечыцца хірургічным метадам.

— Як часта варта кантраляваць кісты?

— Тут усё вельмі індывідуальна. І залежыць ад таго, ці ёсць у жанчыны спадарожныя хваробы, у прыватнасці эндакрынныя, гінекалагічныя, фактары рызыкі, абцяжараная спадчыннасць, ці прымае яна гарманальныя кантрацэптывы і іншыя гарманальныя прэпараты, ці былі ў яе аборты. Калі кіст няшмат — 3—5 штук, яны невялікія, то ўльтрагукавая дыягностыка (УГД) паказана раз на год, на 5—10 дзень цыкла. Калі кісты памерам звыш 1,5-2 см, іх пяць і больш, яны маюць крываток, перагародкі, мутнае змесціва, непакояць пацыентку, маецца фіброз, то УГД рэкамендуецца праводзіць раз на паўгода. Часам УГ-кантроль прызначаецца і праз тры месяцы, бо небяспека вялікіх кіст у тым, што яны могуць хутка расці — пры аслабленні імунітэту, фізічных нагрузках ці траўмах. Пры пераахаладжэнні такія кісты могуць запаляцца. У іх можа назапашвацца гной. Жанчына адчувае прыліў, як быццам бы прыбывае малако, можа чырванець скура, павышацца тэмпература цела да 37-37,5 градуса. І такую кісту варта аспірыраваць — эвакуіраваць яе змесціва і адправіць на абавязковае цыталагічнае даследаванне. Тут звычайна прызначаюць кансерватыўнае лячэнне — супрацьзапаленчую тэрапію, пры неабходнасці антыбіётыкі, прымочкі, электрафарэз.

— Часта ўрачы пры мастапатыі прызначаюць гамеапатычныя прэпараты. Наколькі яны эфектыўныя?

— Тут таксама ўсё індывідуальна. Маладым дзяўчатам можна абысціся вітаміннымі і антыаксідантнымі комплексамі з сутачнай нормай селену, вітамінамі групы А, Е і С, часам расліннымі прэпаратамі, якія нармалізуюць баланс палавых гармонаў у арганізме. Ад мастапатыі няма чароўнай таблеткі, тут важна змяніць спосаб жыцця, дадаць фізічную нагрузку, зменшыць ужыванне алкаголю і кавы, шакаладу, тлустай ежы, вяндліны — усяго, што выклікае застой вадкасці. Неабходна мінімізаваць стрэсы, пазбягаць неўрозаў і дэпрэсій (пры неабходнасці прымаць заспакаяльныя прэпараты на расліннай аснове ці больш сур'ёзныя), нармалізаваць гарманальны фон. Важнае значэнне мае рэгулярнае палавое жыццё, нараджэнне дзяцей. Добра ўплываюць фізічныя нагрузкі, бо падчас заняткаў спортам гармоны расходуюцца на фізічную актыўнасць і менш уплываюць на малочную залозу. Паралельна мы зніжаем масу цела і колькасць тлушчавай тканкі, дзе сінтэзуюцца эстрагены.

Прэпараты, як правіла, прызначаюцца, калі пацыентка скардзіцца на балючасць, нагрубанне, дыскамфорт, калі кісты пачынаюць павялічвацца ў памерах і колькасці. Але гэта не панацэя, прэпараты накіраваны на змяншэнне гэтых праяў і прафілактыку з'яўлення новых утварэнняў. І тут важнае сістэматычнае іх ужыванне — курсамі па тры месяцы два разы на год, а часам пры выражаных сімптомах на пастаяннай аснове — прэпаратаў некалькі відаў, і яны чаргуюцца паміж сабой.

— Што такое фібраадэнома?

— Дабраякасная, гэта ўжо дакладна даказана, пухліна малочнай залозы. Таксама ўзнікае пры гарманальным дысбалансе. Калі кіста запоўнена вадкасцю, то фібраадэнома складаецца з тканкі. Яна дабраякасная, не валодае агрэсіўным ходам, і гэта вялікі міф, што вы быццам бы леглі спаць з фібраадэномай, а прачнуліся з ракавай пухлінай. Яна расце паступова, і кантраляваць яе трэба раз на паўгода.

— Фібраадэному неабавязкова выдаляць?

— Не. Калі фібраадэнома невялікая, менш за 2 см, яе дастаткова кантраляваць кожныя шэсць месяцаў. Асноўныя фактары, якія правакуюць рост ці пераход у злаякасны стан, —гарманальныя.

— Якому метаду дыягностыкі варта аддаваць перавагу і ў якім узросце?

— Асноўны метад — УГД, ён бясшкодны, хуткі і танны, падыходзіць для жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту з 20 да 45, часам нават да 50 гадоў. У гэтым узросце пераважае жалезістая тканка, яна даволі шчыльная, і апарат УГД, у адрозненне ад мамографа, добра яе праходзіць. Калі наступае менапаўза, жалезістая тканка перараджаецца ў тлушчавую, тады больш інфарматыўная мамаграфія. Яна дазваляе выявіць утварэнні ад 5 мм. Калі раней менапаўза наступала ў сярэднім у 45 гадоў, то цяпер у некаторых жанчын у 50—55 ці нават пазней. У такі перыяд прызначаецца мамаграфія і УГД. Пры падазрэнні на злаякаснае ўтварэнне мамаграфія можа прызначацца і ў 30 гадоў.

Выкарыстоўваецца і такі метад, як МРТ малочных залоз, але яе абавязкова варта праводзіць з кантрасным узмацненнем, інакш яна малаінфарматыўная. Часцей за ўсё ёй карыстаюцца ў складаных выпадках, калі УГД і мамаграфія не даюць поўнай карціны. Таксама МРТ падыходзіць для жанчын, у якіх устаноўлены імпланты і перад пластыкай малочных залоз.

Калі ў пацыенткі хварэлі на рак сваякі першай лініі (маці і тата ў любым узросце) і другой лініі (цёткі, дзядзькі, бабулі, дзядулі да 50 гадоў) ці два і болей сваякі не важна, якой лініі, анамнез лічыцца абцяжараным, такім жанчынам таксама паказана МРТ. Ці калі ў пацыенткі выяўляецца мутацыя генаў BRСА1 і BRСА2 (па выніках аналізаў крыві), гэта таксама паказанне для правядзення МРТ малочных залоз з кантрасным узмацненнем. Працэдура робіцца раз на год для выяўлення раку малочнай залозы на ранняй стадыі, бо тут рызыка павышаная.

Але хачу адзначыць, што ў 90 % жанчын з ракам малочнай залозы адсутнічаюць мутацыі. Таму не трэба на гэтым зацыклівацца і ўсім рабіць гэты аналіз. Адсутнасць мутацыі не дае 100 % гарантыі, што рак не ўзнікне, гэтак жа, як і наяўнасць мутацыі не сведчыць пра абавязковае захворванне на рак. Гэты аналіз прызначаецца ў першую чаргу пацыенткам, у якіх устаноўлены рак малочнай залозы ці яечнікаў, каб падабраць больш дакладную і моцную тэрапію. Няма сэнсу самой сабе прызначаць гэты аналіз.

Больш за тое, пацыенткі, якія даведаліся, што маюць такую мутацыю, мусяць кансультавацца з анкапсіхолагам, бо якасць іх жыцця можа істотна пацярпець. Калі жанчына псіхічна няўстойлівая, надумлівая, яна будзе чакаць, калі ўзнікне рак. Насамрэч шмат іншых анкалагічных паталогій, дзе няма генных мутацый, а рак узнікае.

— Як тады на ранняй стадыі выявіць злаякаснае ўтварэнне?

— Гэта самая вялікая праблема. Найперш важна скарэкціраваць свой лад жыцця, пра што я ўжо сказала. Раней была папулярнай ідэя самаабследавання малочных залоз, але яна сябе не апраўдала, жанчыны грашаць як гіпердыягностыкай, так і, наадварот, недаацэньваюць свой стан. Таму лепш праходзіць рэгулярныя гінекалагічныя агляды. Пры адсутнасці скаргаў, паталогій, спадчыннай схільнасці дастаткова раз на год праходзіць мамолага (на 5—10 дзень цыкла) і рабіць УГД (таксама 5—10 дзень) ці мамаграфію. Калі маецца паталогія, абцяжараная спадчыннасць — раз на паўгода.

Кожнае абследаванне можа заканчвацца прызначэннем біяпсіі. Яе баяцца не варта, часта пацыенткі прызнаюцца, што не настроіліся псіхалагічна, таму было больш страшна, чым балюча. Гэта звычайны пракол тонкай іголкай пад УГ-кантролем, падчас якога забіраецца невялікая колькасць клетак. Працэдура доўжыцца 5—10 хвілін, і ніякіх наступстваў, тым больш перараджэння новаўтварэння ў злаякаснае яна не выклікае. І значнасць яе куды большая, чым болевыя адчуванні.

Як бы там ні было, чакаць рак і мэтанакіравана яго ў сабе бясконца шукаць не трэба. Насамрэч у яго развіцці большую ролю адыгрывае не генетыка, а стрэсы. Многія жанчыны пасля перажытых непрыемнасцяў знаходзяць у сябе ў грудзях утварэнні, якія аказваюцца злаякаснымі. «Чалавек не выбірае сваю хваробу, але ён выбірае стрэс — і менавіта стрэс выбірае хваробу», — казаў амерыканскі псіхатэрапеўт Ірвін Ялам. Таму, пакуль мы здаровыя, можам лічыць сябе шчаслівымі і мусім атрымліваць асалоду ад кожнага дня. Недахоп грошай, падрапаная машына, дрэннае надвор'е — гэта ўсё дробязі, якія праходзяць, і не вартыя таго, каб марнаваць на іх сваё здароўе.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.