Вы тут

“Белы філін”, ціхі лес


На Навагоднія святы журналісты пабывалі ў паляўнічай гаспадарцы “Белы філін” Барысаўскага доследнага лясгаса


Катанне па зімовым лесе на квадрацыкле з санкамі

Прэс-тур ладзілі прэс-цэнтр Дома прэсы сумесна з Міністэрствам лясной гаспадаркі напярэдадні Навагодніх святаў. Ехаць ад Барысава ў лясныя масівы нам прыйшлося кіламетраў 50. А для чаго? ­Паглядзець не проста лясных жыхароў ці елачкі – камфортныя месцы для адпачынку. Апошнім часам лясгасы Беларусі актыўна развіваюць экалагічны і паляўнічы турызм. Пра тое расказаў кансультант аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Генадзь Салянка. Паводле яго словаў, экатурызм лясгасаўскі – гэта не столькі сродак зарабіць грошы, колькі магчымасць экалагічна адукаваць людзей, асабліва дзяцей. Ужо традыцыйным стала правядзенне на тэрыторыях паляўнічых комплексаў Навагодніх і Калядных святаў. Ладзяцца там і рэзідэнцыі Дзедаў Марозаў. Апошнія працавалі нядаўна ў Верхнядзвінскім, Дзятлаўскім, Жлобінскім, Барысаўскім, Чавускім ды іншых лясгасах, на тэрыторыі заказніка “Налібоцкі”.

Галоўны ляснічы Барысаўскага доследнага лясгаса Ягор Літвінаў патлумачыў: “Месца, дзе створаны паляўнічы комплекс, называецца “Студзёнка”. Раней была непадалёк аднаіменная вёска, але яна знікла яшчэ ў савецкія часы. Цяпер у мясцовым лесе ­ладзяцца паляванні, у тым ліку на трафейных жывёл. Замежным паляўнічым звычайна цікавае паляванне на лася ці касулю”.

У той дзень, калі мы наведвалі тамтэйшыя мясціны, для дзяцей супрацоўнікаў лясгаса ў “Белым філіне” была зладжана забаўляльная імпрэза: з Дзедам Марозам, казачнымі персанажамі, гульнямі, танцамі-карагодамі, вершамі, песнямі ды падарункамі. Дзеці з бацькамі каталіся па заснежаным лесе на санях, прымацаваных да хуткаснага квадрацыкла. Нам расказалі, што сядзіба “Белы філін” можа ­прадаставіць ахвочым адпачынак і ў адзіноце: вакол – толькі сосны і елкі, а бліжэйшая вёска з крамай за 7 кіламетраў. Там рады гасцям, якія маюць патрэбу ў ціхім і спакойным адпачынку сам-насам з прыродай.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: “Белы філін”, ціхі лес

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.