Вы тут

Навінкі кніжнага братэрства


Міжнародны гуманітарны праект «Мінская ініцыятыва», які патраніруецца Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельнікаў СНД, выявіў сябе ў многіх ініцыятывах. І працяг ранейшых — альманах маладой паэзіі «Terrа poetica2021», які нядаўна пабачыў свет у Маскве. 


На мове арыгінала пад адной вокладкай надрукаваны вершы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх паэтаў: Ксеніі Аксёнавай, Ірыны Сажынскі, Яўгеніі Джэн Баранавай, Юлі Гупалюк, Маргарыты Латышкевіч, Майкі Лунёўскай, Віталія Білазёра, Кропачкі, Канстанціна Камарова, Аксаны Асмалоўскай, Вольгі Шпакоўскай, Анны Маркінай, Аляксандра Мімрука, Андрэя Кімбара, Рэгіны Паліван, Аксаны Беўзюк, Яраславы Федчанкі, Міхаіла Рантовіча, Дзмітра Кірычэнкі, Алеся Бараноўскага. 

Цікавымі падаюцца ілюстрацыйныя рашэнні ў афармленні альманаха. Рэпрадукцыяй шматвыразнай карціны паўстае малюнак маладой беларускай мастачкі Лізаветы Пастушэнкі «Масты зямныя і нябесныя». А гэтыя радкі — з верша лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Маргарыты Латышкевіч, якая жыве і працуе на Віцебшчыне, у Полацку: «...Нам забыцца на Слова —/ горш, чым пазбыцца жыцця:/ я паходжу са сціплага племені „кніжных дзяцей“./ І, ўзняўшы да неба свой папяровы сцяг,/ я шукаю вачыма дарогі былой працяг,/ я працягваю рукі да тых,/ хто за мной ідзе» («Кніжныя дзеці»: верш з эпіграфам «... жили книжные дети, не знавшие битв...»). 

Цяжка даваць агульную ацэнку зборніку, які ўжо па самому кніжнаму жанру — альманах — мае права на сустрэчу ўсялякіх форм і цячэнняў. У моладзі ўсё віруе і кіпіць — і вакол, і ва ўласнай свядомасці.

З беларускіх аўтараў прыкметна вылучаецца Алесь Бараноўскі. Аўтар кніг паэзіі «Чуйнае акно», «Вясляр», «Дыяментавы німб для Анёла», «Трыццаць дзве секунды цішыні», 33-гадовы паэт і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук (ён — і аўтар манаграфіі «За прамень схаплюся — і жыву!... Творчая самабытнасць Ніны Шкляравай»). Творца нараджэннем з гомельскай вёскі Церуха бачыць і «поўнач неба», і жураўля, які «над студзяй заснуў», і яго лірычныя, асвечаныя прыродай роднай старонкі, вершы гучаць як грамадзянскія, мужныя словы паэта — уважлівага назіральніка жыцця, здольнага адгукнуцца на рэчаіснасць усім сваім сэрцам. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.