Вы тут

Як палепшыць сваю працаздольнасць?


Працаздольнасць — гэта функцыянальныя магчымасці нашага арганізма. Яна характарызуецца колькасцю і якасцю работы, якую мы выконваем за пэўны час пры максімальна інтэнсіўным напружанні. Узровень функцыянальных магчымасцяў чалавека залежыць ад яго ўмоў працы, стану здароўя, узросту, ступені трэніраванасці, матывацыі да работы і іншых фактараў.


Фота: pexels.com

Як тлумачыць памочнік урача-гігіеніста аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна Ляшкевіч, працаздольнасць вагаецца на працягу рабочага дня і мае некалькі фаз.

  • Першая — фаза ўцягнення ў работу, пры якой паляпшаюцца псіхафізіялагічныя паказчыкі і вынікі работы, доўжыцца ад некалькіх хвілін да 1,5 гадзіны.
  • Другая — фаза высокай устойлівай працаздольнасці, для якой характэрнае спалучэнне высокіх працоўных паказчыкаў з адноснай стабільнасцю напружанасці фізіялагічных функцый, доўжыцца 2-2,5 гадзіны.
  • Трэцяя — фаза зніжэння працаздольнасці, якая характарызуецца пагаршэннем стану сардэчна-сасудзістай сістэмы, павелічэннем часу праходжання рэфлексаў, зніжэннем увагі, запаволеннем хуткасці рашэння задач, назіраецца да абедзеннага перапынку.

Характэрна, што такая дынаміка працаздольнасці паўтараецца і пасля абедзеннага перапынку.

Што можа дапамагчы работніку, улічваючы дынаміку працаздольнасці, максімальна якасна выконваць сваю работу?

Найперш — рацыянальная арганізацыя рабочага месца і мэблі. Канструкцыя вытворчага абсталявання і арганізацыя рабочага месца павінны адпавядаць нашым антрапаметрычным даным і псіхафізіялагічным магчымасцям.

Па-другое, нельга дасягнуць высокай працаздольнасці без трэніроўкі. Таму паўтараючы дзень пры дні дзеянні, якія патрабуе работа, мы ўдасканальваем свае ўменні і навыкі.

Па-трэцяе, прытрымлівайцеся рацыянальнага рэжыму працы і адпачынку. Гэта або ўвядзенне абедзеннага перапынку ў сярэдзіне рабочага дня, або кароткачасовыя рэгламентаваныя перапынкі.

Дапамагае і вытворчая фізкультура. Некалькі практыкаванняў на 5-7 хвілін спрыяюць хутчэйшаму ўваходжанню ў работу. Фізкультпаўзы праводзяцца як падчас зніжэння працаздольнасці, так і для зніжэння стомленасці асобных органаў. Асабліва яны неабходныя для тых, хто займаецца разумовай працай. Гэта комплекс практыкаванняў для мышцаў шыі, спіны, рук, ног, дыхальныя практыкаванні.

Добра, калі ў вас на рабоце ёсць пакоі псіхафізіялагічнай разгрузкі. За кошт эстэтычнага афармлення інтэр'ера, зручнай мэблі, праслухоўвання класічных музычных твораў, прыёму танізавальных напояў, дэманстрацыі слайдаў з краявідамі прыроды і перадачы гукаў лесу, марскога прыбою дасягаецца эфект псіхаэмацыяльнай разгрузкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.