Вы тут

Не забараняйце сабе фантазіраваць, або Інтым — прапаноўваць!


Васіля Шаўлякова я знайшла ў топе «10 самых сексуальных беларусаў» па меркаванні беларускіх жанчын. Як высветлілася, урач-псіхатэрапеўт, сексолаг у той рэйтынг, які складалі ў асноўным зоркі беларускай эстрады, трапіў зусім выпадкова. Разам з тым мужчына лічыць сябе дастаткова прыцягальным. Кажа, што шмат увагі ўдзяляе сваёй сексуальнай адукацыі. Падчас размовы пераканалася, што для Васіля не існуе забароненых тэм. Ён не чырванее, калі гаворка заходзіць пра секс. Для яго гэта хутчэй паўсядзённасць. Лічыць, што ў адносінах сексуальная блізкасць знаходзіцца не на першым месцы, але, тым не менш, яе якасць вызначае многае.


Пра ваўка, барабанную ўстаноўку ды мужчынскія слёзы

У тым, што я стаў сексолагам, «вінаваты» мае бацькі. Тата — урач, прафесар, доктар медыцынскіх навук. Мама — медсястра. Таму нядзіўна, што пад маёй падушкай з маленства ляжалі анатамічны атлас і медыцынская энцыклапедыя. Яшчэ калі не ўмеў чытаць, проста разглядаў малюнкі, якіх там было даволі шмат.

Палавое выхаванне павінна пачынацца ўжо з нараджэння. (Многія спецыялісты жартуюць, што нават раней, яшчэ да зачацця.) З самаадукацыі бацькоў, ад якіх пасля дзіця і вучыцца праявам сексуальнасці. Галоўнае дзіцячае пытанне — «адкуль я з'явіўся?» звычайна нараджаецца каля 4 гадоў. Казаць, што ты яшчэ маленькі для такіх пытанняў, — самая распаўсюджаная памылка бацькоў. Рэакцыя дарослых на праяўленне такой цікавасці павінна быць адэкватнай. Ёсць шмат цудоўных кніг для розных узростаў, якія з здавальненнем чытаюць і бацькі таксама. Бо рэальнасць у тым, што і дзеці, і дарослыя адукоўваюцца дзякуючы гэтым кнігам практычна аднолькава.

У мяне ёсць татуіроўка з выявай ваўка. На вокладцы майго штодзённіка — таксама воўк. Яшчэ ў дзяцінстве я сябе асацыіраваў з гэтым зверам. А потым даведаўся, што ён з'яўляецца маёй татэмнай жывёлай — духоўным абаронцам і заступнікам. Мне здаецца, для сексолага гэта цудоўны татэм. Ваўкі камунікабельныя, і цялесныя кантакты для іх надзвычай важныя. Паміж самцом і самкай кранальныя ўзаемаадносіны: яны вельмі клапоцяцца адно пра аднаго, пра сваё патомства. А яшчэ воўк вельмі сексуальны вобраз, дзе камунікабельнасць суседнічае з адасобленасцю і вялікай каштоўнасцю асабістых межаў.

У кожнага мужчыны павінен быць «свой гараж». У мяне гэта музыка, барабанная ўстаноўка. Гэта дазваляе пазбягаць выгарання, атрымліваць дадатковыя драйв, энергетыку, каб потым несці яе ў прафесію, сям'ю. Калі ў мужчыны не застаецца часу на сваё хобі, ён пачынае моцна выгараць. Гэта адна з праблем сучаснага грамадства.

Часам я плачу са сваімі кліентамі, якія прыносяць вельмі цяжкія перажыванні. Навешванне стэрэатыпаў у выхаванні хлопчыкаў: «Цярпі», «Не раві, ты ж мужык» — прыводзіць да сумных наступстваў. Дзіця пастаянна блакіруе свае адчуванні. У выніку прывыкае да ігнаравання патрэбнасцяў свайго цела. З-за гэтага потым узнікаюць сур'ёзныя псіхалагічныя праблемы.

Калі ў мяне апускаюцца рукі, я даю сабе магчымасць пагараваць. Хаджу на доўгія прагулкі з навушнікамі, уключаю камп'ютарную гульню. Калі ў мужчыны праблема, ён, як правіла, маўчыць, стараецца застацца сам-насам, каб падумаць. Жанчыны цяжка вытрымліваюць трывогу, таму адразу ж стараюцца яе выгаварыць. Дарэчы, зразумець жанчыну ў яе перажываннях па-сапраўднаму можа толькі жанчына. Бо ў мужчыны асноўнае праяўленне падтрымкі — клопат, канкрэтнае дзеянне, а не суперажыванне.

Пра «сродак прымірэння», дыназаўраў і сужэнскі доўг

Наша, беларуская, сексуальнасць дагэтуль поўніцца стэрэатыпамі. Што жанчына можа пацярпець, што ёй менш патрэбна («Цярпі, Зося, так прыйшлося», «сцерпіцца-злюбіцца»). На жаль, свежая ідэя і «сужэнскага доўгу». Хоць няма лепшага спосабу сапсаваць адносіны, чым даць камусьці ў доўг. У нас захоўваецца нізкі ўзровень сексуальнай адукаванасці. У першую чаргу гэта звязана з адсутнасцю палавога выхавання. Нашы бацькі ўсё спасцігалі сваімі сіламі, правільна перадаваць свае веды і вопыт не маглі, ды і ў іх і жадання такога не ўзнікала. Сітуацыя крыху паляпшаецца са зменай пакаленняў, але даволі павольна.

Болевыя адчуванні падчас сексу — гэта «званочак» аб тым, што штосьці ідзе не так, што трэба ўважліва ставіцца да свайго сексуальнага здароўя. У ідэале звярнуцца да спецыяліста. Калі яго доўга ігнараваць, наша псіхіка бярэ руль кіравання ў свае рукі і пачынае сама спрабаваць справіцца з болем. Збольшага гэта заканчваецца не вельмі добра.

Паміж сном і сексам мы часцей выбіраем сон. Бо сон аднаўляе на ўвесь дзень, а секс — на найбліжэйшыя гадзіны (але пры гэтым ён дае матывацыю, паляпшэнне агульнага тонусу, у цэлым здароўя). І праблема не ў сексе, а тым, што людзі не ўмеюць размяркоўваць нагрузку. Таму, як бы дзіўна гэта ні гучала, інтым трэба планаваць. Гэта не значыць, што мы павінны займацца любоўю па графіку, але выдзяляць час на рэалізацыю сексуальнасці важна. Гэта можа быць проста рамантычная вячэра, цялесныя практыкі, ну нават можна проста паваляцца — пагладзіць адно аднаго. А то атрымліваецца як у анекдоце. «Як вы бавіце час пасля вяселля?» — «Днём працуем, вечарам ядзім». Так, на жаль, і жыве большасць беларусаў.

Яшчэ адзін міф, растыражаваны фільмамі, што секс — выдатны сродак прымірэння пасля сваркі. Нават з пункту гледжання фізіялогіі і псіхалогіі: калі мужчына знаходзіцца ў негатыўных перажываннях, ён проста не можа ўзбудзіцца. Лепш адразу ж прагаварыць непаразуменні, а пасля ўжо можна падумаць і пра інтым. Назапашаныя ўзаемныя крыўды паступова забіваюць фізічную цягу да партнёра.

Каб дасягнуць аргазму, жанчыне патрэбны камфорт. У першую чаргу псіхалагічны. Жаночая сексуальнасць вельмі моцна залежыць ад псіхаэмацыянальнага стану, у тым ліку ад якасных узаемаадносінаў з партнёрам. Тады жанчына можа максімальна знізіць самакантроль, аддацца працэсу і не замінаць свайму арганізму атрымліваць задавальненне. Фізічнае ўзбуджэнне для жанчыны далёка не заўсёды на першым плане. Пры якаснай блізкасці і псіхалагічным камфорце нават без аргазму жанчына можа ачуваць такое ж задавальненне і насычэнне, калі б ён здарыўся.

Мужчынская сексуальнасць знаходзіцца ў жаночых руках. Бо мы пастаянна маем патрэбу ў пацвярджэнні сваёй значнасці. І гэта пацвярджэнне можам атрымаць толькі ад жанчын. Мужчынская сексуальнасць, як і мужчынскае мысленне, — прамаліненая, спантанная, імпульсіўная і накіравана на вынік (задавальненне). Разам з тым яна дастаткова ранімая і адчувальная. Ад рэакцыі жанчыны на мужчынскую няўдачу залежыць многае.

Важна размаўляць пра секс, каб не трапіць у няёмкую сітуацыю. Мужчына думае: «Жанчына вось так выгінаецца і ярка рэагуе на мяне, таму што мае ласкі прыносяць ёй задавальненне». Яна ж у гэту хвіліну думае: «Хутчэй бы ўсё гэта завяршылася, бо мне агідна». Нічога не кажа, бо крыўдзіць мужа не хочацца. Так яны і жывуць гадоў 30. Мужчына думае, што ён бог, а жанчына — «Госпадзі, за што мне гэта ўсё?..» У выніку яна пачынае ўсё больш пазбягаць яго, ён пачынае крыўдзіцца, бо не разумее, што адбываецца.

Агучваць свае адчуванні падчас блізкасці складана. Але гэтаму трэба вучыцца. Замест таго, каб сказаць «гэта вельмі хутка» скажыце «мне хацелася б павольней». Замест «не рабі так» — «зрабі лепш вось так». Прыберажыце «ніколі больш так не рабі» і «ну колькі раз табе казаць» да моманту, калі інтым закончыцца. Калі вам прыемна, скажыце пра гэта некалькі разоў. Ніколі ні пры якіх абставінах не кажыце, што вам падабаецца, калі гэта не так. Лепш прыдумайце стоп-слова (напрыклад, «дыназаўры»), якое будзе азначаць «спыніся зараз жа».

Пра несупадзенне, руціну ў ложку і сіндром адкладзенага жыцця

Калі вы думаеце, што сексолагі — такія гуру сексу, то памыляецеся. Гэта як сцвярджаць, што ўрач-неўролаг заўсёды абсалютна спакойны. Я таксама шмат касячу, у тым ліку і ў сексуальным плане. Проста ў адрозненне ад звычайных людзей магу гэта заўважаць.

Людзі часта не разумеюць: тое, што з імі адбываецца, нармальна ці не? Напрыклад, мужчына з невысокім узроўнем палавой канстытуцыі пачынае хадзіць па ўрачах. І шукаць прычыну, чаму яму сексу не хочацца так, як Васю ці Пецю. Зацыкліваецца на тым, што гэта ненармальна. Пачынаюцца псеўдарасстройствы. У выніку людзі гадамі лечаць тое, чаго няма.

Аднаму трэба займацца сексам па два разы на дзень, іншаму дастаткова разу на месяц. І тое і другое норма. Усё залежыць ад палавой канстытуцыі (моцная, сярэдняя, слабая) канкрэтнага чалавека. Каб гарманічна жыць з партнёрам і не гвалціць свой арганізм, важна ведаць сваю палавую канстытуцыю. У інтэрнэце ёсць тэсты для яе вызначэння. Калі ў пары не супадае палавая канстытуцыя — нічога страшнага. Трэба шукаць кампраміс, дамаўляцца, выкарыстоўваць альтэрнатыўныя спосабы сексуальнай разрадкі.

Пары часта прыходзяць да нейкага сцэнарыя інтымных адносінаў, які паўтараецца з разу ў раз. У выніку ўсё ператвараецца ў добра адрэпеціраваную руціну, а то і ў банальна працу. З-за гэтага змяншаецца каштоўнасць сексуальнага ўзаемадзеяння, блізкасць адыходзіць на задні план. Каб нават пасля 10 гадоў сумеснага жыцця жаданне не патухла, даследуйце сексуальнасць (сваю і партнёра). Перад намі не той жа самы чалавек 10 год запар. Мы ўвесь час мяняемся, набываем новы досвед, мяняецца рэакцыя нашага цела. Нават адчувальнасць эрагенных зон мяняецца. Цікаўнасць і ўважлівасць да гэтых змяненняў і падтрымлівае сексуальныя адносіны. А таксама інтарэс да ўнутранага свету партнёра, яго разваг, ідэй, актыўнае сацыяльнае жыццё як мужа, так і жонкі.

Не зацыклівайцеся на адзіным спосабе дасягнення аргазму, а паспрабуйце адчуць іншае, новае задавальненне. Не забараняйце сабе фантазіраваць. У рамане Джэфры Еўгенідыса «А часам вельмі сумныя», Мадлен прызнаецца, што ёй хацелася б блізкасці пасля «абслугоўвання», і Леанард расчэсвае жонцы валасы, купае ў ванне, выцірае, робіць масаж. Потым, праз нейкі час, Леанард расказвае Мадлен, што ён марыць заняцца любоўю са спячай дзяўчынай, і Мадлен выконвае яго мару. Чым не рамантыка?

Апошнім часам людзі ўсё часцей скардзяцца на няякасны секс. Але часта прычына не ў ім, а ў незадаволенасці сваіх базавых патрэб, што тармозіць сексуальнасць. Наша псіхіка ўспрымае сексуальнае жаданне як патрэбу менш прыярытэтную, чым фізіялагічныя — сон, ежу, бяспеку. Спачатку яны — а потым секс. І вось тут бяда. Асабліва апошнія гады, калі ў свеце адбываюцца суцэльныя крызісы і пандэміі...

Не адкладвайце жыццё на потым. Інакш можа развіцца сіндром адкладзенага жыцця. Калі падаецца, што вы не жывяце, а толькі рыхтуецеся да жыцця, ствараеце для яго ўмовы. Спачатку чалавек проста адкладвае дробныя радасці дзеля вялікай мэты. А потым са здзіўленнем заўважае, што развучыўся хацець.

Секс у 20 і 60 гадоў — гэта розныя рэчы. Бліжэй да 60 на першы план выходзіць платанічна-эратычны складнік, калі пяшчота, абдымкі, размовы адыгрываюць большае значэнне, чым сам палавы акт. І гэта нармальна. Гэта не значыць, што секс стаў дрэнным. Ён стаў іншым. Калі мы прымаем гэта і адаптуемся да змен — жывём больш шчасліва.

Прафесійны гумар

У 95 % людзей ёсць мара, якую можна выканаць да канца тыдня, а яны робяць з яе мару ўсяго свайго жыцця.

...

Псіхатэрапеўт: «Трэба папрацаваць над вашай пастаяннай патрэбай спрабаваць ашчаслівіць іншых».

Пацыент: «Добра, калі вас гэта парадуе».

...

Пайсці да псіхолага: страшна і дорага. Падзяліцца з мамай: небяспечна для жыцця. Прысесці на вушы сваёй сяброўцы і 8 гадзін нызгаць пра свае праблемы: бясплатна і бясцэнна.

БЛІЦ

— Нішто так не развівае чалавека, як...

— Уважлівасць.

— Самы вялікі мужчынскі страх?

— Быць непатрэбным.

— Старасць не нагода...

— Для пагаршэння якасці жыцця. У тым ліку і сексуальнага.

— Для мяне ў сексуальных адносінах самае важнае...

— Узаемнасць.

— Самы сексуальны орган чалавека...

— Жанчыны, напэўна, сказалі б — мозг. У мужчын меркаванні моцна адрозніваліся б. Хочацца ў гэтым месцы пажартаваць, што самы сексуальны орган (дакладней частка цела) — гэта рукі.

— Самы папулярны стэрэатып пра секс?

— Што секс — гэта прыгожа. Насамрэч гэта даволі непрыгляднае мерапрыемства. Калі б мы не адчувалі столькі ўзбуджэння і прыцягнення, якое дыктуе нам наша прырода, то мы сексам бы не займаліся.

— Самае складанае і цікавае ў жыцці...

— Чалавечыя ўзаемаадносіны.

— Парайце які-небудзь псіхалагічны фільм.

— «Мужчыны, жанчыны і дзеці». Фільм пра тое, наколькі інтэрнэт змяніў паняцце адносінаў, сямейных каштоўнасцяў, пра непаразуменні, якія ўзнікаюць паміж бацькамі і дзецьмі-падлеткамі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.