Вы тут

Філасофія жыцця і работы фермераў Камякоў


Думаю, што фермерам стаць можа далёка не кожны вясковы жыхар. Нават калі браць пад увагу працавітых, дастаткова адукаваных, матываваных працаваць на зямлі. Патрэбныя таксама гаспадарская жылка, адпаведны спосаб мыслення, а яшчэ гатоўнасць да спрадвечнага сялянскага — працаваць ад цямна да цямна. Да ўсяго варта дадаць асаблівае стаўленне да зямлі. Ну гэта ўжо калі зямлі пашанцуе на фермера. Такога, напрыклад, як Васіль Камяк.


Ва­сіль і Та­ма­ра Ка­мя­кі.

Конь за дэкрэтныя грошы

Хоць няправільна, відаць, называць аднаго Васіля Васілевіча: сваю гаспадарку яны адбудавалі разам з жонкай Тамарай Міхайлаўнай. Васіль сёння — уладальнік фермерскай гаспадаркі «Коланск» Івацэвіцкага раёна, а Тамара, згодна з пасадай, — яе кіраўнік. А з чаго пачыналася іх справа, яны дакладна нават не змаглі згадаць. Няма канкрэтнай даты або знакавай падзеі. Неяк усё развівалася паступова, само па сабе. У самым пачатку 1990-х, калі маладыя вясковыя спецыялісты Тамара і Васіль стварылі сям'ю, яны, напэўна, і не ўяўлялі, што стануць буйнымі гаспадарамі-фермерамі. Тамара працавала настаўніцай пачатковых класаў, Васіль быў ветурачом у мясцовым калгасе. А калі ў 1993 годзе нарадзіўся сынок, то за дэкрэтныя грошы яны купілі жарабя-падлетка і развялі вялікую гаспадарку. «Людзі за дэкрэтныя грошы набывалі нешта з мэблі, бытавой тэхнікі, — з усмешкай згадвае Тамара Міхайлаўна, — а мы прывялі ў хлеў кабылку. Тады ў нас было дзве каровы, не менш за тры мацёры, куплялі для адкорму цялушак і бычкоў. Свету не бачылі за гэтай гаспадаркай. Але ж у тыя небагатыя 1990-я ў нас была дакладная ўстаноўка, што ўласны дабрабыт можна стварыць толькі сваёй працай».

— Для падсобнай гаспадаркі ўзялі тры гектары зямлі, дзе вырошчвалі бульбу. Тады буйных фермераў яшчэ не было, у вёску па бульбу прыязджалі нарыхтоўшчыкі з Расіі, — згадвала далей Тамара. — Мы з імі пазнаёміліся, яны ў нас бралі бульбу не раз у адносна вялікіх аб'ёмах, завязаліся, можна сказаць, партнёрскія адносіны. І аднойчы яны прапанавалі дапамагчы купіць нам грузавы аўтамабіль, каб мець магчымасць самім вазіць сваю прадукцыю.

Першая машына і першы кавалак зямлі

— Спачатку мы пабойваліся такой здзелкі, якая азначала залезці ў даўгі. А потым усё ж рашыліся. Варта сказаць, што мы даволі хутка адбілі гэтыя грошы, разлічыліся з даўгамі і адчулі, як той казаў, смак. Уласная грузавая фура давала новыя магчымасці, мы аформілі грузаперавозкі, — працягвае галава сям'і. — У Расію везлі тую ж бульбу, адтуль — макароны, цукар, іншыя прадукты, тады папулярны быў падобны бартар. І для нас выгадны. З гэтай машыны зарабілі на іншую, якая ўжо каштавала іншых грошай. Па яе давялося ехаць у Еўропу. Потым купілі трэцюю, бізнес як быццам пайшоў, стаў развівацца. Але пазней быў прыняты заканадаўчы акт, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам браць на работу людзей, што не з'яўляюцца членамі сям'і. Трэба было мяняць профіль. Адзін са сваякоў, які працуе ў сталіцы, параіў адкрыць фермерскую гаспадарку. Маўляў, вы недалёка ад гэтай работы, варта рызыкнуць і развярнуцца яшчэ больш.

— Тады мы падалі заяву і ўзялі нашыя першыя 27 гектараў зямлі. Зямля была, вядома, не самая лепшая. Я першы раз як убачыла той надзел, мне страшна стала, падалося, што не справімся, — згадвае Тамара Камяк. — Першае, што сказала мужу: «Давай адмовімся». Але ён праявіў цвёрдасць і рашучасць, і ўзяліся асвойваць тыя гектары.

Цяпер яны разумеюць, што гэта быў своеасаблівы іспыт, які наладзіла раённая ўлада. Быў у раёне пэўны негатыўны вопыт, калі фермеры бралі, але не спраўляліся, запускалі ўчастак зямлі да бур'яну. Ды падобнае стаўленне — не ў іх сямейнай традыцыі. Яны ўзяліся грунтоўна, працавалі так, як і на сваіх трох гектарах, як на ўласным агародзе, ураджай атрымалі добры. З культурай земляробства таксама ўсё складвалася, захоўвалі севазвароты. Адным словам, на іх поле было прыемна паглядзець у любую пару, ды і аддачу зямля давала ў выглядзе ўраджаю. Гэта быў 2007 год. Тамара Міхайлаўна пакінула сваю настаўніцкую работу, бо сумяшчаць стала даволі цяжка. Муж цалкам перайшоў на ўласную гаспадарку яшчэ раней.

Нарошчванне аб'ёмаў

Пакрысе стала развівацца вытворчасць. Паявілася больш тэхнікі, бралі на работу новых людзей. З кожным годам фермерская гаспадарка стала прырастаць плошчай. Дабаўлялі па дзясятку альбо некалькі дзясяткаў гектараў. Бралі вельмі асцярожна, столькі, колькі былі ўпэўненыя, што апрацуюць.

— Мы даўно зразумелі, — гавораць сужэнцы, — што ў сельскай гаспадарцы, каб нешта атрымаць, трэба спачатку ўкласціся ў зямлю. Таму развіваліся паступова, па кроку, з сезона ў сезон.

Згадалі, як першы раз звярнуліся па крэдыт на куплю трактара. У Беларусбанку ім адмовілі, сказалі, што не крэдытуюць фермераў, але там жа параілі звярнуцца ў Аграпрамбанк. Ішлі ўжо, здавалася, без вялікай надзеі, там жа іх зусім не ведаюць. Але ў названым банку аднесліся з разуменнем і пракрэдытавалі набыццё трактара фактычна адразу, затым такім жа чынам купілі другі трактар.

— Наогул нам не раз шанцавала, — разважае Тамара Камяк. — Банк пайшоў насустрач, хоць пэўным чынам рызыкаваў. Бывае, сустракаюся з калегамі-фермерамі з іншых раёнаў, яны такія рэчы расказваюць пра, мякка кажучы, непаразуменні ў зносінах з раённай уладай, што мяне здзіўляе. У нас увесь час адносіны былі даволі канструктыўныя. Узнікаюць час ад часу рабочыя пытанні, але яны і вырашаюцца ў рабочым парадку. І гэта вельмі важна. Важна, што нас падтрымалі з першымі трактарамі, сельгасмашынамі. Цяпер у нас ужо недзе ў суадносінах 60 на 40 працэнтаў — замежная і айчынная тэхніка. Маем трактары «Джон Дзір» коштам каля 100 тысяч долараў, літаральна днямі атрымалі сеялку з Італіі за 25 тысяч еўра, на падыходзе яшчэ адна сельгасмашына.

Як ужо сказана, большую частку таго, што зараблялі, заўсёды ўкладвалі ў вытворчасць. Яны нават дом будавалі восем гадоў. З атрыманага за сезон прыбытку вырывалі трохі, укладвалі ў дом, астатняе — у гаспадарку, налета — тое ж самае. Затое дом у горадзе ўзвялі дыхтоўны, прыгожы. А да той пары сын універсітэт скончыў, жаніцца сабраўся. Вось дом і спатрэбіўся.

Пра сына і дом

Сын Міхаіл — іх галоўная надзея, адзіны нашчадак сям'і, да таго ж аднадумец бацькоў, спецыяліст сельгасвытворчасці. Міша, можна сказаць, вырас на гаспадарцы, быў першым памочнікам. Таму не дзіва, што паступіў у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, каб стаць аграномам. Вучыўся заўзята, з цікавасцю, скончыў факультэт з адзнакай, паралельна атрымаў эканамічную адукацыю. У ліку найлепшых студэнтаў стаў лаўрэатам прэміі імя Аляксандра Дубко. Тады шчаслівыя бацькі ездзілі ў Гродна, іх запрасілі на ўрачыстасць з нагоды прысуджэння прэміі. Потым ён, зноў жа ў ліку найлепшых, паехаў на практыку ў Германію, затым выйграў грант і прайшоў адукацыйны курс у нямецкай аграрнай установе. Пасля яму прапаноўвалі застацца на кафедры роднай ВНУ, мог бы пры жаданні працаваць і ў Еўропе. Але хлопец ужо ведаў, што вернецца ў гаспадарку бацькоў, каб прадоўжыць справу разам і вывесці вытворчасць на новы тэхналагічны ўзровень.

Міхаіл Камяк цяпер працуе аграномам. У яго распісаны кожны тэхналагічны цыкл для кожнай расліны. «Навука ж не стаіць на месцы, — разважае Васіль Васілевіч. — Тым больш я па спецыяльнасці ветурач. А ён сочыць за ўсімі навінкамі ў агратэхніцы, у курсе перадавога сусветнага вопыту. Сёння ў спажыўца на першым месцы — якасць прадукцыі, таварны выгляд, смакавыя характарыстыкі, усё гэта дасягаецца найперш перадавымі тэхналогіямі».

— Сын прыехаў некалькі гадоў таму і раскрытыкаваў мяне адразу, — з усмешкай згадвае Тамара Міхайлаўна: «Накладныя, напісаныя ад рукі — гэта ж ХІХ стагоддзе». Цяпер у нас дакументы складаюцца ў электронным выглядзе.

Так што новы дом, які будавалі доўга і з любоўю, прыйшоўся дарэчы сям'і сына. Самі ж пакуль жывуць у вёсцы ў хаце, якую ў свой час узводзілі бацькі Васіля. Хата старая, і, на думку гаспадыні, рэканструкцыі не падлягае — яна і са спецыялістамі раілася. Таму прапанавала мужу знесці стары дом, а на яго месцы паставіць новы, а той не згаджаецца: як гэта, маўляў, бацькоўскую хату знесці. Пакуль не знайшлі кансэнсусу, то жывуць у гэтай хаце, каля якой клапатлівай рукой маці і бабулі — Соф'і Феліксаўны — пасаджаны кветкі. Крокусы ў Камякоў цвітуць з пачатку сакавіка, як ні ў кога.

Задавальненне ад працэсу работы і яе вынікаў

Паводле слоў жонкі, Васіль — такі чалавек, якога не цікавяць грошы, выгоды, прадметы раскошы, яго цікавяць працэс работы і атрыманне вынікаў, у гэтым бачыць асалоду і задавальненне. Згадаў, нібы між іншым, як прыемна было, як затрапяталася душа, калі на рэспубліканскіх «Дажынках» у Горках (2012 год — аўт.) яго выклікалі на сцэну ў ліку найлепшых сельгасвытворцаў, на вачах ва ўсёй краіны.

Бывала, яна ўжо прапаноўвала спыніцца на гэтым этапе: як быццам ёсць стабільнасць гаспадаркі, ёсць дабрабыт сям'і, у іх жа адзін сын. Працуй паціху, нібы ў калгасе. Але ён на тое не згодны: калі на год спынішся ў сваім развіцці, знойдзецца той, хто апярэдзіць. А гэта не стасуецца з жыццёвым крэда фермера Камяка. Ён лічыць развіццё абавязковай умовай гаспадарання. Таму з прыходам вясны рэалізоўваюцца новыя ідэі, новыя задумкі, новыя эксперыменты. Ёсць два сховішчы для агародніны, цяпер задумалі будаваць трэцяе. Калі ўраджай добра захаваць да вясны, зусім другі даход атрымаецца.

Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні агародніны; ёсць трохі бульбы, пэўная плошча адведзена пад збожжавыя для севазвароту. Сёння «Коланск» мае 200 гектараў зямлі, невялікую жывёлагадоўчую ферму. Частка прадукцыі ідзе на экспарт. Нарыхтоўчую кантору свайго райспажыўтаварыства і суседніх раёнаў «Коланск» забяспечвае памідорамі, агуркамі, капустай. Адгружаюць іх таксама ў садкі, школы, бальніцы як свайго раёна, так і ў сацыяльныя ўстановы Пінскага і іншых раёнаў. На пастаяннай аснове ў фермерскай гаспадарцы працуе 12 чалавек, хутка яшчэ двое будуць прынятыя на работу. Летам наймаюць некалькі дзясяткаў сезонных рабочых. Гэта праблема ўсіх фермерскіх гаспадарак. Афармленне такіх работнікаў займае вельмі шмат часу. На розных узроўнях яны прапаноўвалі спрасціць такую працэдуру, напрыклад, уносіць нейкую фіксаваную суму ў фонд сацстраху ды ў якасці падатку. Пакуль усё застаецца па-ранейшаму, але яны з калегамі спадзяюцца, што будуць пачутыя і справа неяк зрушыцца.

Людзі, якія працуюць у «Коланску», атрымліваюць прыстойную зарплату. Гаспадарка садзіць ім «соткі», правільней сказаць, забяспечвае бульбай, агароднінай. Не забываюць і вясковых пенсіянераў. Па-першае, тыя з іх, каму дазваляюць узрост і здароўе, падпрацоўваюць у якасці сезонных рабочых. Ды і з любой праблемай, калі патрэбна дапамога, транспарт, вяскоўцы ідуць да Тамары Міхайлаўны.

Тут і мясцовая ўлада ведае, што на любое мерапрыемства, любую падзею Камякоў не трэба ўгаворваць стаць спонсарамі. Ды і па сваёй ініцыятыве многае робіць Васіль Васілевіч. Напрыклад, заказаў і ўстанавіў у вёсцы крыж на тым месцы, дзе ён быў спрадвеку. А яшчэ каля крамы паставіў валун, зрабіў дошку з надпісам, які сведчыць, што Коланск вядомы з 1401 года. Больш за 600 гадоў тут жывуць людзі. Трэба, каб пра гэта ведалі нашчадкі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва фермерскай гаспадаркі

Івацэвіцкі раён

Загаловак у газеце: Крэда — развіццё і рух наперад

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.