Вы тут

Нарыхтоўка і рэалізацыя бярозавага соку ў Слуцкім лясгасе. Фотарэпартаж


У Беларусі пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавага соку. Традыцыйна першымі пакаштавалі папулярны вясновы напой жыхары паўднёвых рэгіёнаў. Аднак зараз чарга дайшла і да асобных раёнаў Мінскай вобласці. Мы адправіліся ў Слуцкі лясгас, каб паглядзець, які шлях праходзіць бярозавік перад тым, як трапіць на нашы абедзенныя сталы.


Канешне, усе пачынаецца з лесу. На тэрыторыі Урэцкага доследна-вытворчага лясніцтва Слуцкага лясгаса ёсць вялікі ўчастак, дзе нарыхтоўваецца бярозавік. Спецыялісты адзначаюць пэўныя правілы: нарыхтоўка соку праводзіцца не менш чым за 5 гадоў да наступу ўзросту рубак. Болей за тое, для гэтага падыходзяць толькі дрэвы дыяметрам ад 20 см.

Дапусцім, прыдатная бяроза выбрана. Што далей? На вышыні 35-50 см вызначаецца колькасць і размяшчэнне адтулін у залежнасці ад дыяметра ствала. Пры дыяметры ад 20 да 26 см не больш за адну адтуліну; ад 26 да 34 см — не больш за две; ад 34 да 40 см — не больш за тры.

Першапачаткова выдаляецца грубая кара. Адтуліны свідруюцца толькі тады, калі пачынаецца рух соку. Гэта правяраецца пры дапамозе праколаў шылам. Адтуліны прасвідроўваюцца да 1 см у шырыню ад 2 да 3 см у глыбіню. Пасля ўсталёўваюцца жалабкі, да якіх прымацоўваецца тара. У дадзеным выпадку гэта былі поліэтыленавыя пакеты. Таксама прапілоўкі можна рабіць на адлегласці бензапілой. Шырыня — да 12 см, глыбіня — ад 3 да 4 см. Яны робяцца з невялікім нахілам уніз, каб рух соку быў лепшым. Па словах спецыялістаў, у сярэднім адно дрэва можа даць да 200-300 л бярозавіку за сезон.

Усе зразумела, аднак ці мае права звычайны чалавек прыйсці ў лес, набраць сок і не атрымаць пры гэтым штраф. Вось, як пракаментаваў гэта інжынер па лесакарыстанні Слуцкага лясгаса Яўген Верамейчык:

— Нарыхтоўваць бярозавік маюць права і лясгасы, і насельніцтва. Але насельніцтва павінна звярнуцца ў структурнае падраздзяленне лясгаса лясніцтва і атрымаць на гэта дазвол. Плаціць не трэба. Але спецыялісты павінны паказаць людзям тэрыторыю, дзе можна нарыхтоўваць сок.

Атрымліваецца, што самавольная здабыча бярозавіку забаронена. За гэта прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць і штраф да 20 базавых велічыняў. Канешне, калі бяроза стаіць у вас на тэрыторыі — гэта зусім другая справа. Вы маеце поўнае права нарыхтоўваць столькі соку, колькі душы заўгодна.

Канешне, ёсць і просты шлях, без рызыкі штрафаў: бярозавік заўжды можна набыць у лясгасе. Кошт залежыць ад попыту. Напрыклад, у Слуцкім лясгасе літр соку каштуе 30 капеек, а вось у Мінскім ужо 48. Таксама за невялікую даплату прадастаўляецца тара для тых, у каго яе няма.

Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.