Вы тут

Урок памяці ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны


Своесаблівы ўрок памяці і праўды аб найбольш трагічным перыядзе ў нашай гісторыі адбыўся ў сімвалічным месцы — у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Лейтматывам сустрэчы з моладдзю, арганізаванай па ініцыятыве ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама, стала тэма генацыду беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця.


Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК ашаламіў прысутных малавядомымі фактамі аб тых злачынствах, якія падчас акупацыі здзяйснялі на нашай зямлі фашысты і іх памагатыя. Прычым рэзанансныя рэчы, якія пацвярджаюць факт генацыду беларускага народа, парламентарый, ён жа доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, агучыў, цытуючы нямецкіх і брытанскіх гісторыкаў. Ім, як пажартаваў дэпутат, заробак у Беларусі не плацяць, а гэта значыць толькі тое, што гэтыя замежныя даследчыкі, якія з'яўляюцца сур'ёзнымі сусветнымі спецыялістамі ў тэме Другой сусветнай вайны, сведчаць праўду, пра якую так не хочуць гаварыць іх заходнія калегі.

— Генацыд беларускага народа — гэта не фэйк, выдуманы ўладай і Генеральнай пракуратурай нашай краіны, — падкрэсліў Ігар Марзалюк. — Генацыд у Беларусі быў шматслойны. Гэта і Халакост, масавае вынішчэнне яўрэяў. Немцы выдатна ведалі ўсе нацыянальныя канфлікты, якія адбываліся на нашай тэрыторыі, і ўмелі выкарыстоўваць іх у сваіх мэтах. У выніку латышскія нацыяналісты вынішчалі Віцебшчыну, Армія Краёва праводзіла зачыстку на тэрыторыі Заходняй Беларусі, літоўскія падраздзяленні разам з украінскімі нацыяналістамі выпальвалі вёскі па ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Нас знішчаў нацысцкі інтэрнацыянал.

Падчас сустрэчы з моладдзю пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Алена ЛУЖЫНСКАЯ расказала аб ходзе расследавання крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. «Распачатая крымінальная справа перш за ўсё накіраваная на ўстанаўленне канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць пакарання за забойства мірных жыхароў, за здзекі, катаванні ў гета, масавы згон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства, — нагадала пракурор. — Толькі ў Мінску дапытана каля тысячы сведак. Большасць з іх — гэта вязні фашысцкіх канцлагераў. Усяго па краіне ў допыце ўзяло ўдзел больш чым 13 тысяч сведак. За перыяд следства пракуратурай Мінска ў архіўных установах Беларусі праведзена звыш 900 аглядаў, у ходзе якіх знойдзены архіўныя дакументы, што сведчаць аб фактах масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва і згоне ў рабства».

— Трагедыя Хатыні, а таксама тысяч вёсак і гарадоў Беларусі — несуцішны боль кожнага грамадзяніна нашай краіны, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга ЧАМАДАНАВА. — Вось ужо 77 гадоў як скончылася вайна, але мы кожны дзень кажам аб тым, як у той складаны час выжывалі людзі. Мы сёння звяртаем увагу на тое, што ў нас Год гістарычнай памяці, але ў нас і Год гістарычнай праўды. Мы павінны данесці яе да кожнага дзіцяці, кожнага беларуса, які не ведае аб тым, хто ваяваў у час Вялікай Айчыннай вайны і хто абараняў нашу беларускую зямлю.

На сустрэчу з моладдзю была запрошана і вязень канцлагера «Азарычы», старшыня савета старэйшын Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын Надзея ЛОСЬ. Да сёння ў яе памяці — вайна, а таксама тыя здзекі, якія ўчынілі на беларускай зямлі і над яе народам фашысты. У «Азарычы» яна трапіла шасцігадовай дзяўчынкай. «Лагер знаходзіўся за восем кіламетраў ад маёй вёскі, — расказвае Надзея Лось. — У 1941 годзе немцы прыйшлі туды як гаспадары. Нашу сям'ю, маці і траіх дзяцей, выгналі з хаты, у якой пасяліўся нямецкі генерал. Нам забаранілі нават падыходзіць да сваёй хаты. Добра, што гэта было летам, і мы мелі магчымасць прыгатаваць хоць якую-небудзь ежу на вогнішчы. У 1944 годзе жыхароў нашай вёскі, у асноўным старых і дзяцей, вывелі на шырокую дарогу. Паставілі ў шарэнгі, каля нас ішлі жандары з сабакамі: яны сачылі за тым, каб людзі не адставалі ад калоны. Тых, хто не мог ісці, адразу застрэльвалі. Мне запомнілася, што я моцна ўхапілася за руку сваёй сястры і імкнулася не адстаць, хоць трэба было ісці восем кіламетраў». Як прызнаецца жанчына, звычка трымаць кагосьці за руку — дачку, пасля ўнука — у яе засталася на ўсё жыццё.

«Канцлагер «Азарычы» быў акружаны калючым дротам, — успамінае былая вязніца. — З аднаго боку ад яго знаходзілася балота, з іншых — лес і дарога. Каля агароджы з калючага дроту былі выкапаны рвы. У нас забралі ўсе пажыткі, якія былі з сабой, і сказалі легчы на замёрзлую зямлю. Быў сакавік. Ноччу — мінусавая тэмпература, днём прыгравала сонца. Днём мы стаялі па калена ў вадзе ў балоце, а ноччу ператвараліся ў ледзяныя скульптуры. Пітной вады не было. Людзі пачалі паміраць. Мне запомнілася, як маленькая дзяўчынка прасіла ў маці папіць, не разумеючы таго, што яе маці памерла. Трупы не прыбіралі. Мёртвыя ляжалі побач з жывымі. Акрамя таго, што не было ежы і вады, фашысты заразілі нас сыпным тыфам. Мы выжылі толькі таму, што знаходзіліся ў лагеры параўнальна нядоўга, нас вызвалілі савецкія салдаты».

Гэты аповед жанчыны моцна ўразіў маладых слухачоў. Перад новым пакаленнем беларусаў стаяў чалавек, які ўсё бачыў на свае вочы, які на сабе зведаў, што такое генацыд.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Урок нашай праўды

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.