Вы тут

Упор на мадэрнізацыю, імпартазамяшчэнне, бяспеку


У справаздачы старшыні аблвыканкама аб выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту вобласці за мінулы год былі не толькі падведзены вынікі, прааналізаваны дасягненні і пралікі. Даклад, па сутнасці, стаў праграмай далейшага развіцця рэгіёна на пэўны адрэзак часу. Гаварылі пра далейшыя крокі ў кожнай з галін эканомікі, абапіраючыся на тое, што зроблена.


Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка канстатаваў, што нягледзячы на ўплыў негатыўных фактараў, вобласць стала адзіным рэгіёнам краіны летась, які забяспечыў выкананне ўсіх чатырох устаноўленых мэтавых паказчыкаў. Тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту склаў 102,5 працэнта пры прагнозе — 101, 5. Найбольшая заслуга ў гэтым належыць прамысловасці, дзе аб'ём вытворчасці павялічыўся крыху больш чым на пяць працэнтаў. Лепш за іншых спрацавала перапрацоўчая прамысловасць. На перадавых пазіцыях аказаліся прадпрыемства канцэрна «Мясамалпрам», а таксама прадпрыемства «Санта-Брэмар», падраздзяленні «Брэстгазаапарата», вытворцы мэблі.

Адзначалася, што пры цесным узаемадзеянні з міністэрствамі і канцэрнамі ўдалося палепшыць сітуацыю на такіх праблемных прадпрыемствах як «Палессеэлектрамаш», «Брэсцкі электрамеханічны завод», пінскія «Амкадор» і «Кузлітмаш».

Цяпер найважнейшая задача — забяспечыць вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму больш чым 850 мільёнаў долараў па 131 пазіцыі. Актыўна распрацоўваюцца новыя кірункі. Напрыклад, дапрацоўка тэхналогій абагачэння тугаплаўкіх глін для ААТ «Бярозабудматэрыялы» і кварцавых пяскоў для ААТ «Гомельшкло» ў Столінскім раёне.

— І калі летась экспарт тавараў з вобласці ўзрос на 23 працэнты і прадукцыя накіроўвалася ў 106 краін свету, то сёлета мы маем іншыя рэаліі — заўважыў губернатар. — У знешнегандлёвай дзейнасці ўзнік шэраг праблем як з адгрузкай прадукцыі на экспарт, так і з закупкай сыравіны, матэрыялаў і абсталявання па імпарце. Патрабуюцца пераразмеркаванне экспартных паставак і карэкціроўка лагістычных ланцужкоў. Так што год абяцае быць няпростым.

Ёсць праблема, абумоўленая закрэдытаванасцю прадпрыемстваў. Гэта датычыць Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання, пінскага «Палесся», Брэсцкага электралямпавага завода. Але работа па паляпшэнні сітуацыі вядзецца.

Паводле ацэнкі губернатара, сельская гаспадарка вобласці завяршыла мінулы год дастойна. Вобласць стала адзіным рэгіёнам краіны, які забяспечыў прырост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, пераадолеўшы адзнаку ў 100 працэнтаў. Галіна атрымала выручкі на 16 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе. Вырасла рэнтабельнасць продажу аграрнай прадукцыі. А сёлета плануецца павялічыць выпуск малака, яек, вырошчванне жывёлы і птушкі.

Адным з галоўных паказчыкаў паспяховасці эканомікі заўсёды было будаўніцтва. Гадавая праграма будаўніцтва жылля, зацверджаная ўрадам, выканана на 106,7 працэнта. А для шматдзетных сямей, напрыклад, узведзена 2265 жылых памяшканняў пры заданні 1400. Сёлета трэба ўзвесці яшчэ больш жылля. Уведзена ў эксплуатацыю некалькі знакавых для рэгіёна аб'ектаў: медыцынскі комплекс, прыбудова да дзіцячай абласной бальніцы, спартыўны комплекс у Іванаве, сярэдняя школа ў Баранавічах. У гэтым жа годзе запланавана будаўніцтва буйнога свінакомплексу ў Пінскім раёне, узвядзенне вытворчага модуля па перапрацоўцы плазмы ў Ганцавічах, будаўніцтва лічбавага тэхнапарка, пікава-рэзервовай крыніцы ў Белаазёрску.

Прыярытэтным кірункам сацыяльна-эканамічнага развіцця на сесіі названа павелічэнне інвестыцыйнай актыўнасці, асабліва па імпартазамяшчэнні.

Другім важным пытаннем сесіі стала пажарная бяспека насельніцтва. Дэпутаты наведалі Цэнтр навучання бяспечнай жыццядзейнасці абласнога ўпраўлення МНС. Як адзначыў начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Алег Лашко, галоўнай задачай выхавання насельніцтва ратавальнікі лічаць асвету ў гэтым напрамку. Менш чым год існуе цэнтр, а яго ўжо наведала больш за пяць тысяч чалавек. Большасць з іх — дзеці і моладзь.

Работу па другім ключавым пытанні падсумаваў старшыня Брэсцкага абласнога Савета Юрый Наркевіч.

— У любой дзейнасці на першы план выступае бяспека чалавека. І ў гэтым сэнсе хачу падкрэсліць адказнасць не толькі органаў улады, адпаведных ведамстваў, але і самога грамадзяніна. Кожную вясну мы сутыкаемся з сапраўдным бедствам — выпальваннем травы, што нярэдка становіцца прычынай гібелі людзей. Зрабіць тлумачальную работу па бяспецы пастаяннай, данесці сутнасць адказнасці да кожнага — задача ў тым ліку і дэпутатаў усіх узроўняў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.