Вы тут

Уладзімір Цумараў: Знешнія выклікі прымушаюць працаваць больш напружана


Знамянальна, што гаворку пра развіццё горада Уладзімір Міхайлавіч пачаў менавіта з ролі сродкаў масавай інфармацыі. Апошнім часам людзі пачалі разбірацца, што інфармацыя бывае розная, у тым ліку дэструктыўная, накіраваная на падрыў грамадства. І роля дзяржаўных СМІ, за артыкуламі якіх стаяць канкрэтныя аўтары, а ў якасці суразмоўнікаў выступаюць аўтарытэтныя эксперты, прыкметна ўзрасла. «Асабіста я цалкам давяраю газетам, — адзначыў Уладзімір Цумараў. — Там працуюць сапраўдныя прафесіяналы, яны нясуць адказнасць за тое, што размясцілі на старонках сваіх выданняў. Я гэта вельмі цаню і ўдзячны за такую работу ў інтарэсах дзяржавы». Сёння ў чытачоў «Звязды» ёсць добрая нагода даведацца пра дзейнасць аднаго з шасці абласных цэнтраў краіны з вуснаў яго непасрэднага кіраўніка.


— Нягледзячы на эканамічныя і пандэмічныя праблемы, мінулы год стаў для Магілёва плённым па колькасці ўведзеных у эксплуатацыю сацыяльна важных аб'ектаў — участка трасы-дублёра Мінскай шашы, спартыўных і медыцынскіх збудаванняў... Напэўна, актывізавацца прымушаюць і знешнія выклікі?

— Так, знешнія выклікі сапраўды прымушаюць працаваць больш актыўна і адказна. І вядома, робіцца гэта дзеля таго, каб абараніць нашых людзей, каб яны не так востра адчулі наступствы апошніх падзей. Сёлета мы працягваем работу па будаўніцтве і рэканструкцыі сацыяльна важных аб'ектаў, у прыватнасці, медыцынскага прызначэння. Днямі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю адрамантаваную дзіцячую паліклініку № 1 па вуліцы Язерскай — будынак былой дарослай паліклінікі № 3, якая пераехала ў новы корпус ў Казіміраўцы. Тутэйшыя вытворчыя плошчы будуць для дзіцячай паліклінікі ў чатыры разы большыя, чым тыя, дзе яна знаходзілася дагэтуль. З'явілася магчымасць стварэння дадатковых рабочых месцаў для медыцынскага персаналу і арганізацыі аддзялення медыцынскай рэабілітацыі.

Працягваецца будаўніцтва інфекцыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы № 1, работы па капрамонце будынка паліклінікі па Віцебскім праспекце. У планах — завяршыць будаўніцтва, звязанае з пашырэннем анкалагічнага дыспансера. Распачаты праектна-пошукавыя работы для будаўніцтва першай чаргі медкорпуса экстраннай хірургіі кардыё-, цэрэбраваскулярнай паталогіі на тэрыторыі Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў. У паліклінікі №№ 4 і 9 Міністэрства аховы здароўя перадало новыя рэнтген-апараты, цяпер там вядуцца мантажна-будаўнічыя работы ўнутры кабінетаў, дзе будзе ўстаноўлена апаратура. У Магілёўскай цэнтральнай паліклініцы плануецца замяніць тры ліфты, а для Магілёўскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі — набыць тры новыя аўтамабілі хуткай меддапамогі і рэанімабіль. Летась аўтапарк станцыі ўжо папоўніўся чатырма аўтамабілямі хуткай медыцынскай дапамогі.

Не забываемся і пра іншыя аб'екты. Працягваем развіваць гарадскі парк у Падніколлі, падчас суботніка там было высаджана некалькі сотняў новых дрэў. Помнім і пра пажаданні жыхароў Кастрычніцкага раёна горада добраўпарадкаваць парк 60-годдзя Кастрычніка, які знаходзіцца ў раёне Святога возера. Ужо ёсць дазвол для правядзення там праектна-пошукавых работ.

— Сённяшнія знешнепалітычныя падзеі вымушаюць кардынальна мяняць работу з замежнымі партнёрамі. Што робіцца для таго, каб дыверсіфікаваць дзейнасць магілёўскіх вытворчасцяў? Якія напрамкі абяцаюць стаць найбольш перспектыўнымі?

— У Магілёве каля 600 суб'ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць знешні гандаль таварамі, і 270 — якія аказваюць знешнеэканамічныя паслугі. Летась экспарт тавараў магілёўскіх прадпрыемстваў склаў больш чым 931 мільён долараў — на 22 % больш, чым пазалетась. Магілёў падтрымліваў гандлёвыя сувязі са 105-ццю дзяржавамі свету, прадукцыя экспартавалася ў 82 краіны. Былі наладжаны сувязі з 16 новымі краінамі, на рынкі якіх было адпраўлена прадукцыі на 4,5 мільёна долараў. Сёлета знешнепалітычныя падзеі патрабуюць карэкціроўкі экспартнай накіраванасці. У прыватнасці, пераарыентацыі экспартных патокаў з рынкаў недружалюбных краін на рынкі краін ЕАЭС, краін Блізкага Усходу, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Адным з найбольш перспектыўных рынкаў, акрамя расійскага, разглядаецца кітайскі. Летась знешнегандлёвы абарот прадпрыемстваў Магілёва з Кітаем склаў 77 мільёнаў долараў — гэта ў 2,3 раза больш, чым за 2020 год. Мы пачалі актывізаваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з пабрацімамі і гарадамі-партнёрамі ў галіне гандлёва-эканамічных адносін. Сярод іх расійскія Хабараўск, Уладзівасток, Омск, Пенза, Тула, кітайскія Нанкін, Чжэнчжоў, Чанша, Сіянь, партнёры з Азербайджана, Таджыкістана, Кыргызстана, Турцыі, Сербіі, Ірана, Грузіі.

— Як сёння горад дапамагае прадпрыемствам і ў цэлым бізнесу перажыць складаны перыяд?

— У Магілёве ажыццяўляюць дзейнасць чатыры цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і два інкубатары малога прадпрымальніцтва. Толькі ў першым квартале яны аказалі паслугі больш чым адной тысячы кліентаў, правялі 25 навучальных курсаў. Пры Магілёўскім гарвыканкаме працуе Савет па развіцці прадпрымальніцтва, што дазваляе плённа супрацоўнічаць уладзе з бізнесам. Вядзецца работа па ўцягванні суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кааперацыйныя ланцужкі па вытворчасці тавараў (вузлоў, камплектуючых) для буйных прадпрыемстваў. Ужо сёння актыўна супрацоўнічаюць з буйнымі беларускімі і расійскімі вытворцамі магілёўскія прыватныя кампаніі — «Фабрыка сотавага кардону», «Стрым», «Тэхналіт», «Аўтарадыус».

Для фінансавай падтрымкі нядаўна створаных суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, занятых у сферы вытворчасці, на працягу першых трох гадоў з даты іх дзяржаўнай рэгістрацыі не прымяняюцца павышаючыя каэфіцыенты да ставак падаткаў на зямлю і нерухомасць. Такое рашэнне прыняў наш гарсавет дэпутатаў. Ёсць і іншыя інструменты падтрымкі.

— Як сёння складваецца абстаноўка на рынку працы? Якая дапамога аказваецца найбольш уразлівым катэгорыям насельніцтва?

— За першы квартал па садзейнічанне ў працаўладкаванні ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама звярнулася больш за тысячу чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 красавіка не змяніўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў 0,3 % да колькасці рабочай сілы. Наймальнікамі горада на гэтую дату было заяўлена больш як тры з паловай тысячы вакансій. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы склаў 0,1 %. Для вырашэння пытання з працаўладкаваннем штогод праводзіцца работа па арганізацыі аплатных грамадскіх работ, аказваецца фінансавая падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятыве, выдзяляюцца субсідыі пад адкрыццё ўласнай справы. Попытам у насельніцтва карыстаюцца кірмашы вакансій, у тым ліку электронныя. Праводзіліся мэтавыя кірмашы вакансій для асоб з інваліднасцю, а таксама тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Аказваецца ўсякае садзейнічанне людзям, якія не здольныя паўнавартасна канкурыраваць на рынку працы. Іх у Магілёве каля 30 % ад агульнай колькасці зарэгістраваных беспрацоўных. Для іх браніруюцца рабочыя месцы на прадпрыемствах.

Найбольшы ўклад у стварэнне новых рабочых месцаў у Магілёве зрабілі за апошні час абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту, таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Сям'я і здароўе», «Албін», «АмігаТакс», «ПраектТэкстыль». На новаствораныя рабочыя месцы за кошт уводу новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў у студзені-сакавіку было працаўладкавана каля 250 чалавек.

— Хутка свята Перамогі, як рыхтуецца горад да гэтай даты і якія плануе прапанаваць мерапрыемствы?

— З 6 да 8 мая ў горадзе тэматычнымі мерапрыемствамі будзе ахоплена больш за 20 адкрытых пляцовак. У праграме ўскладанне кветак да памятнікаў і абеліскаў, выставы, агульнагарадскі ўрок мужнасці, спартыўна-патрыятычныя і ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, гульні, квэсты, акцыі, эстафеты памяці, тэматычныя канцэрты, забаўляльныя праграмы, вечары адпачынку, арт-выставы. У Магілёве стартаваў збор фатаграфій, лістоў, сямейных апавяданняў для стварэння інтэрактыўнай экспазіцыі «Магілёў памятае. Створым сямейны альбом Вялікай Перамогі». Творчы праект будзе экспанавацца ў Музеі гісторыі Магілёва. Урачыстыя мерапрыемствы адбудуцца на мемарыяльным комплексе, прысвечаным байцам батальёна міліцыі капітана К. Уладзімірава ў вёсцы Гаі. 8 мая, у дзень дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, з плошчы Славы стартуе Магілёўскі міжнародны марафон па лёгкаатлетычных забегах на 4 і 10 кіламетраў, а на пляцоўках каля Палаца гімнастыкі і спартыўнага комплексу «H2O» адбудуцца марафоны «Пад сцягам Беларусі мы адзіныя!». Святкаванне Дня Перамогі пачнецца 9 Мая з урачыстага маршу воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона на плошчы Леніна. А затым па вуліцы Першамайскай пройдзе шэсце-парад, у якім возьмуць ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, жыхары горада з партрэтамі родных і блізкіх, удзельнікаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве плануецца задзейнічаць больш за 6 тысяч чалавек. Завершыцца святкаванне на плошчы Славы вялікім канцэртам і патрыятычнай акцыяй «Праспяваем «Дзень Перамогі», пасля якой адбудзецца святочны феерверк.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.