Вы тут

Барыс Забораў часта афармляў кнігі паэзіі


Перад вачыма — даўно забыты зборнік народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Лінія перамены дат». Выдадзены накладам 5000 экзэмпляраў у 1969 годзе ў выдавецтве «Беларусь», ён — рэдкі «госць» нават у у букіністычнай краме. І ўсё па той прычыне, што вершы ў ім усё ж не забытыя. 


«Першага снегу/ Мяккі змрок,/ Смелага смеху/ Ціхі крок./ Лесу маўклівасць,/ Цнатлівасць гурб./ Губ сарамлівасць,/ Гарачых губ./ Сціхлы, ссівелы/ Зімовы свет./ Уцэла,/ Уцэла — / Глыбокі след...» У вершах, што склалі «новую кнігу лірыкі», — шмат зімовага настрою, шмат снежнай вабнасці. І верш з прысвячэннем «Петрусю Броўку» носіць ясную, светлую і крохка-шкляную назву: «Заінелая Ушаччына». «Што хукаеш, раніца,/ рукі пакрэплі?/ Ачахлым вуголлем/ на бальшаку/ Снег лёгка вызвоньвае./ Крэкчацца грэблі/ Смачна,/ як свацці пасля першаку./ Аглухлі бары/ ад зімовай сумоты...» Тут і «Слова марознае:/ «Беларусь», і «завеі знясіленай/ млявы лёт», і верш «Дзед Мароз»...

У кнізе, таленавіта, гранічна адкрыта аформленай Барысам Заборавым, — дзве паэмы: «Лінія перамены дат» і «Блакада». 

...Па вясноваму цаліку

Партызанскай сцежкай патайнай

Сёння я прыйшоў 

К Паліку

З невясёлым сваім пытаннем:

— Ты, 

крывёю паліты

Палік, 

Смуткам кожнае сэрца поўніш,

Хоць гадам сваім

Страціў лік,

Можа 

бацьку майго прыпомніш?

Не адказвае мне 

Палік. 

Недзе плача самотны кулік,

Як душа,

Што збавення просіць. 

Засмучоная,

змўкла просінь...

Тонкія лініі, востра, ясна выведзеныя таленавітым графікам, акрэслена фарміруюць барадулінскія вобразы, шчодра дадаюць да яго зіхоткіх моўных стрэл гучанне штрыха, нараджаюць повязі слоў і малюнкаў. Вокладка стылістычна цалкам адпавядае барадулінскай задачы прэзентаваць перад чытачом «Лінію перамены дат» як «новую кнігу лірыкі». Менавіта — лірыкі. І калі снежнае святло, снежнае хараство стала сілай пранікнення паэта ў глыбіню тэм і вобразаў, то вытанчаныя штрыхі мастака ўступілі ў спаборніцтва са словам. Уражанне такое, што і Барыс Забораў, і Рыгор Барадулін у спаборніцтве сваім аказваюцца знітаванымі, крэўна паяднанымі, глыбінна зразумелымі адзін аднаму. 

Узняла брыво зара — 

У трывозе возера. 

 

Чайкі жнуць у два сярпы

Чараты густыя.

Крыўду, мурава, сцярпі: 

Стома 

ў стозе

стыне. 

І вязуць зару чаўны

Проста ў двор дзявочы.

З хвалямі заручаны

Вёслы,

Вёсны, 

Вочы. 

(«Нарач»). 

Рытмічная інтанацыя суладная мастакоўскаму прачытанню кожнага верша, прачытанню паэм Рыгора Барадуліна. Яснасць, яскравасць, зімняя сонечнасць наталяе асалодай адкрыцця новых паветраных калідораў. Складваецца ўражанне, што тую сцюдзёнасць, якая сілкуе многія старонкі «Лініі перамены дат», штрыхі Барыса Заборава саграваюць і разам з тым не разбураюць усёпраніклівым сваім цяплом. 

«Хаця ў азёр/ не просіць неба просіні,/ Ды ў спелым жыце/ ўжо відаць здалёк,/ Нібыта ў кнізе года, / васілёк/ Паміж старонкамі / вясны і восені»... Барыс Забораў аформіў некалькі кніг свайго сябра, свайго паплечніка па служэнню Беларускаму Мастацкаму Слову, якія выйшлі ў Мінску і Маскве. І кожная з іх, часам, сапраўды, забытых для чытача — высокая з’ява мастацтва, напамін пра еднасць тэкста і афармлення, пра прыгажосць памкненняў да адрыццяў чысціні і светласці

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.