Вы тут

Раіса Баравікова: У кожнага творцы — свая таямніца


Гэты юбілейны год для лаўрэата Дзяржаўнай преміі ў галіне літаратуры, паэта і пісьменніцы Раісы Баравіковай вельмі сумны. У лютым яна страціла мужа, з якім была разам 42 гады. Таму і размова наша атрымалася не святочная. Пра жыццё і каханне, натхненне і сваю місію, пра тое, аб чым сёння часта думаецца і пра што ўспамінаецца. 


Быць жанчынай 

— Раіса Андрэеўна, прачытала шмат Вашых інтэрв’ю і нідзе нічога не знайшла пра мужа. Раскажыце, калі ласка, дзе яго сустрэлі, як пазнаёміліся? 

— Сяргея прывёў да мяне сусед. Здарылася так, што я пераехала ў новую кватэру і ў мяне пачаў тарахцець халадзільнік. Час ад часу ён узрываўся страшэнным грукатам, але ў мяне не было ні часу, ні жадання ім займацца. І вось аднойчы да мяне прыйшоў сусед знізу і паскардзіўся, што ў яго на кухні ад гэтага тарахцення пачала трэскацца сцяна. Растлумачыла, у чым справа. «Тэрмінова выклікайце майстра», — параіў ён і, убачыўшы маю разгубленасць, прапанаваў свайго знаёмага, які можа хутка адрамантаваць. Я пагадзілася. Назаўтра ён прыйшоў да мяне з Сяргеем (Сяргеем Фёдаравічам Касцюком. — Прым. аўтара), які і адрамантаваў мой «Саратаў». Пазней муж са смехам прызнаваўся, што яго ўразіла колькасць прадуктаў у халадзільніку: ён не разумеў, навошта адзінокай жанчыне столькі запасаў. Каб неяк аддзячыць, я накрыла стол, сусед запрасіў сваю жонку, і мы разам пасядзелі. Калі разыходзіліся, Сяргей прапанаваў мне вывесці антэну ад тэлевізара на балкон, потым быў рамонт крана... Ну вось так мы і пазнаёміліся. Праз год ён зрабіў мне прапанову. 

— Чым, на ўласны погляд, тлумачыліся стабільнасць і доўгатэрміновасць вашага шлюбу? Ці быў сакрэт? 

— Сакрэт просты — нам было вельмі цікава адно з адным. Кожны дзень нешта новае адкрывала ў сваім мужы. Кожны дзень ён мяне чымсьці здзіўляў. Сяргей быў таленавітым навукоўцам, спецыялістам па даследаванні вібрацыйных сістэм і працэсаў, займаўся вібрадыягностыкай. Вельмі адукаваны, адораны, энцыклапедычна дасведчаны чалавек. Хоць наша знаёмства пачалося з побыту, неяк вельмі празаічна, але ён ніколі не жыў гэтым. У ім хавалася нейкая вялікая ўзнёслая таямніца, з якою ён і пайшоў у іншы свет, не адкрыўшы яе нават мне. Сяргей шмат у чым адрозніваўся ад пісьменнікаў і мастакоў, якіх я ведала, і разам з тым быў выключна творчай натурай. Недзе адразу ж пасля нашага знаёмства ён прысвяціў мне некалькі вершаў, хоць да гэтага ніколі іх не пісаў. Муж быў моцным, валявым, настойлівым і разам з тым выключна добрым, шчодрым. Навуковы супрацоўнік, ён шчыра верыў у Бога. І апошні яго падарунак, зроблены мне, вельмі сімвалічны — гэта залаты крыжык.

— Ці вызваляў муж Вас ад побыту, улічваючы творчы характар Вашай працы?

— Ніколі. Больш таго, ён лічыў, што і ў любую хатнюю работу жанчына павінна прыўносіць натхненне. Рабіць гэта лёгка, з выключна творчым падыходам. Ну, а мая асноўная праца... Мне часам здавалася, муж рэўнаваў мяне да яе. Успамінаю наша першае сумеснае лета. Я рыхтуюся да традыцыйнага Свята паэзіі ў Вязынцы. З вечара адабрала прыгожую сукенку, рана прачнулася, каб нагатаваць Сяргею ежы на ўвесь дзень. І вось заходжу ў свой пакой, каб апрануцца, і ахаю: усё маё адзенне, якое было ў шафе, парэзана нажніцамі, каб не было ў чым ехаць. Я ў слёзы. Сяргей мяне супакойвае і абяцае купіць новае. Але пры гэтым цвёрда кажа: «У нашым доме ніякіх свят паэзіі не будзе. Жанчына павінна быць дома і заўжды пры мужы». Зразумела, праз пэўны час усе падобныя непаразуменні зніклі. Я наведвала і святы паэзіі, і розныя іншыя імпрэзы, і не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Але пасля таго выпадку зрабіла для сябе пэўныя высновы, як паводзіць сябе з мужам, каб у сям’і былі мір і лад. Мне нічога не каштавала займацца гаспадаркай, ніякая карона з галавы не падала. З вялікім задавальненнем і імпэтам гатавала. Нават заносіла снеданне мужу ў яго пакой і прыбірала посуд, калі ён паеў. Раней, калі не было пральных машын, усю бялізну мыла рукамі. Ведаеце, мне падабалася ў сваім доме адчуваць сябе не творцай, а проста жанчынай: жонкай і маці. Цяпер з тымі ж пачуццямі буду адчуваць сябе ўжо толькі маці і бабуляй.

— Але Ваш муж неяк уплываў на Вашу творчасць? Ці чыталі Вы яму свае вершы, аповесці? 

— У мяне ёсць кнігі, якія Сяргей увогуле не бачыў, нават вокладкі. І я вельмі ўдзячна яму за тое, што ён не надта ўнікаў у маю творчую імперыю. Калі на сустрэчах з чытачамі ў мяне часам пыталіся: «А як муж рэагуе на такія любоўныя вершы?», я шчыра адказвала: «Я далёка не ўсё яму паказваю, ён шмат чаго не ведае». Мая творчасць — гэта вельмі інтымны працэс, гэта мая маленькая таямніца, мой востраў і мая стыхія. Нават не магу ўявіць, як Сяргей адрэагаваў бы, калі раптам я прачытала б верш, які аднойчы прысвяціла яму:

Не крычы, не буркай, ты не леў,

рукі пакладу табе на плечы,

будзе заўтра справа наша блеф,

а цяпер, як кажуць, шчэ не вечар.

 

З маладосцю ўжо не сваякі,

толькі водсвет ловіш мой дзявочы,

ды шукае на падушцы ўночы

мой румянец жар тваёй шчакі.

— Атрымліваецца, Вы, Раіса Андрэеўна, вельмі патрыярхальная жанчына... 

— Мажліва. Але магу быць і настойлівай, і ўпартай, у мяне даволі моцны характар. Помню, калі працавала галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», адзін супрацоўнік мне неяк незласліва сказаў: «Ды вы проста нейкая жанчына-дыктатар». А мая мама нярэдка казала, што «мужчына ў сям’і — гэта галава, а жанчына — шыя, якая круціць гэтай галавою». Калі людзі аб’ядноўваюцца ў сям’ю, трэба не проста кахаць адно аднаго, але і вучыцца жыць са сваім партнёрам. У радасці і ў бядзе, у дастатку і ў нястачы. Гэта вялікая навука, і ёй трэба авалодваць. Ведаць, калі мужа пахваліць, а калі пажурыць, калі падтрымаць, быць побач, а калі не чапаць, даць пабыць у адзіноце. Лічу, што добрая жонка павінна быць не проста мяккай і пяшчотнай, а яшчэ і мудрым дыпламатам.

Адкуль прыходзіць натхненне 

— Вы верыце ў тое, што нарадзіліся паэтам? 

— У жыцці кожнага чалавека прысутнічае свая таямніца. У нараджэнні, у смерці, у тым, як кожны з нас пражывае сваё жыццё на гэтай зямлі. Заўсёды дзякавала Богу за тое, што даволі рана адчула, чым мне, мажліва, трэба займацца. Усякаму таленту патрэбен нейкі штуршок. За паўгода да таго, калі я напісала першы верш, са мной адбылося дзіўнае здарэнне. Жылі мы тады ў Бярозе на Берасцейшчыне. Бацька даў мне тры рублі з зарплаты на ласункі. Насоўвалася хмара, пачалі зіхацець маланкі, але я не ўседзела ў хаце, а пабегла ў кавярню, каб купіць цукеркі. Толькі дабегла да куста бэзу і раптам перада мной праляцела вогненная палачка, я нават пачула патрэскванне на канцах, як у бенгальскіх агнях. Спалохалася і адхінулася назад, гэты электрычны разрад праскочыў міма, і адразу паліўся дождж. Запомнілася мне на ўсё жыццё. Можа, гэта і быў нейкі знак? Чымсьці зусім незямным дыхнула на мяне. 

— Памятаеце, пра што Вы напісалі свой першы верш? 

— У 1959 годзе ў акіяне прапала савецкая баржа з маракамі. Два тыдні іх шукалі і не маглі знайсці. Але яны ўсяляк выжывалі і ўрэшце выратаваліся. Гэта было свята: іх называлі героямі, усе пра іх пісалі, захапляліся імі. І ў мяне таксама быццам сам сабою склаўся верш, які я паказала сваёй настаўніцы — Ганне Канстанцінаўне Жэшцы. Яна аднесла яго ў раённую газету «Маяк камунізму». Гэта і быў мой дэбют. 

— Вас многія ведаюць перш за ўсё як аўтара любоўнай лірыкі. Ці патрэбна жанчыне-паэту быць заўсёды трохі закаханай? 

— Я ведаю, што такое каханне — яно было ў маім жыцці. Але ў творчасці мне дапамагае здольнасць вельмі лёгка перажываць пачуццё закаханасці — шчаслівай і нешчаслівай. Душа неяк сама па сабе настройваецца на адпаведны стан. Падштурхнуць да гэтага можа таленавіты кінаакцёр, выпадковы незнаёмы, на якога звярнула ўвагу ў метро, нават асоба з мінулага. Напрыклад, пасля першага знаёмства з малюнкамі Напалеона Орды, закахалася ў яго і захапілася яго творчасцю. Напісала цэлы цыкл вершаў, прысвечаных яму. У адным ёсць такія радкі: «Чаму не нарадзілася ў стагоддзі, тым самым, што было калісь тваім?» 

— Чаму Вы толькі ў сталым узросце пачалі асвойваць прозу: пісаць драматургію, казкі? 

— Паэзію невыпадкова называюць вясной літаратуры: яна патрабуе натхнення, імкненняў душы, узнёсласці, эмацыйнага ўздыму. Лепшыя вершы складаюць звычайна ў маладосці, яны і ўваходзяць у гісторыю літаратуры. З гадамі з’яўляецца майстэрства. Вершы ёсць і нават някепскія, але рэдка з’яўляюцца шэдэўры. У нейкі момант я для сябе зразумела: каб не сапсаваць уражання ад сваёй любоўнай лірыкі, трэба своечасова пераходзіць да прозы. Напісала спачатку драму «Барбара Радзівіл» у вершах, потым для Тэатра беларускай драматургіі падрыхтавала варыянт п’есы, прем’ера якой адбылася ў 1994 годзе. Паспрабавала пісаць аповесці і апавяданні. Выйшла два зборнікі прозы: «Вячэра манекенаў» і «Кава для дамавіка». А потым захацелася напісаць казку. І працаваць у гэтым жанры мне асабліва спадабалася. 

— Таму, што ў Вас з’явіліся ўжо ўнукі?

— Галоўным было тое, што гэты жанр здаўся вельмі прывабным. Для казкі самае важнае быць фантазёрам — прыдумаць займальны сюжэт. Мне гэта няцяжка: у дзяцінстве на Палессі я чула шмат розных паданняў, надзвычай цікавых гісторый пра ведзьмакоў, пра неверагодныя прыгоды розных казачных істот. Гэта вельмі натхняльны матэрыял, асабліва, калі ў гэта верыш. Зразумела, я ўлічваю, што сучасныя дзеці іншыя, чым былі мы. Таму падзеі ў маіх творах адбываюцца часам у космасе, а героем можа стаць міжпланетны пажарнік. Ідэі сюжэтаў прыходзяць адусюль. Напрыклад, даўняе ўражанне ад камандзіроўкі на Новалукомльскую ДРЭС, дзе я пабачыла, як у безпаветраным рэзервуары «плавае» электрычнасць. Захапляльнае відовішча! У мяне было адчуванне, нібыта я пабыла ў космасе. І гэта знайшло адлюстраванне ў «Казках астранаўта» («Касмічныя падарожжы беларусаў»).

— Унукам падабаюцца Вашы казкі? Увогуле, з якім пачуццём Вы глядзіце на пакаленне сучасных дзяцей? 

— З самым добрым. Уяўляеце, аднойчы сустракаюся з шасцікласнікамі, і адзін хлопчык раптам пытаецца, называючы казку: «У ёй вы, напэўна, скарысталі тэорыю Эйнштэйна?» У нас растуць вельмі разумныя дзеці. Асабіста ў мяне пяцёра ўнукаў. Старэйшай Лізе ўжо 17 гадоў, Дзіма ходзіць у трэці клас, а Мікіта і Саша — у другі, малодшай Дашы 4 гады. Усе яны вельмі розныя, але мае казкі, зразумела, ім падабаюцца. Гэта ж казкі ад бабулі. Часта сустракаюся з маленькімі чытачамі, люблю размаўляць з імі і здзіўляюся іх шырокім ведам і здольнасцям. Хочацца, каб яны раслі добрымі, прыстойнымі людзьмі, змаглі зрабіць нешта адметнае ў жыцці. 

— Чаму шмат дзяцей зараз не любіць чытаць? 

— Мне здаецца, гэта праблема дарослых. На мой погляд, у наш час, калі бацькі вельмі занятыя, а інфармацыйны паток неверагодны, кніга для дзяцей — сапраўдная дарадчыца. Яна не толькі абуджае цікаўнасць да людзей, да свету, а і развівае фантазію, інтэлект, у тым ліку эмацыйны. Ды і многаму вучыць. 

— Самі знаходзіце час, каб чытаць? 

— Зараз менш, чым раней. Аддаю перавагу біяграфіям знакамітых людзей з серыі ЖЗЛ, навуковай і духоўнай літаратуры. Па вялікім рахунку чалавек — вечны вучань. Пакуль жывём, павінны вучыцца. Стараюся чымсьці сябе напаўняць, даведацца пра тое, чаго яшчэ не ведаю. 

Трэба захоўваць веру ў жыццё

— Вы часта выкарыстоўваеце слова «таямніца». Ці было ў Вашым жыцці, акрамя таго выпадку ў дзяцінстве, нешта незвычайнае? Ці адчувалі Вы, што Вас нехта ў жыцці вядзе? 

— Так, і неаднойчы. Увогуле жыццё — гэта цуд. І не ўсё ў ім можна вытлумачыць. Веру і ў знакі, і ў прарочыя сны. Аднойчы мне прыснілася, што я выходжу з пад’езда на ганак. Свеціць сонца, на зялёных раслінах зіхацяць буйныя кроплі пасля дажджу. І раптам неба рассоўваецца і з’яўляецца ікона Божай маці з хлопчыкам на руках. Такі неверагодны сон! Калі я расказала пра яго адной бабульцы, яна адказала, што гэта пэўны знак чагосьці вельмі добрага. Прайшоў час. Мы з мужам, чакаючы нараджэння дачкі, вырашылі шукаць большае жыллё. Паўднёвы Захад только пачаў будавацца. І вось мы ўзыходзім на ганак аднаго дому, і я пазнаю: ён з таго самага сну. Менавіта там мы і выбралі кватэру. 

— Чым жывяце цяпер? Аб чым часцей за ўсё думаеце? 

— Я заўжды жыла будучым, выбудоўвала планы на гады. А калі пахавала мужа, усё рэзка змянілася і, думаю, не хутка адновіцца. Ва ўсялякім выпадку зараз думаю не пра будучае, а жыву мінулым, успамінамі, пытаюся ў сябе, ці дастаткова дала цяпла мужу, якіх слоў яму не сказала, ці ўсё зрабіла для яго, ці добра яму жылося са мною. Неверагодна цяжка без Сяргея. Трэба вучыцца жыць без яго, а як вучыцца — не ведаю. З вялікім сумам думаю пра тое, што жыццё такое кароткае, так хутка ўсё зменьваецца. Чым больш гадоў, тым дні пралятаюць хутчэй і хутчэй. Стараюся захоўваць веру ў жыццё, бо ўсё ж яно — вельмі прыцягальнае, нягледзячы ні на што, і надта спадзяюся на тое, што добрым людзям на тым свеце добра. 

— Што і хто Вас падтрымлівае ў гэтыя непростыя часы? 

— Зразумела, у першую чаргу дзеці: сын Яўген, дачка Алена, нявестка, зяць, унукі. А яшчэ мая прафесія. Калі хоць бы старонку ці нават абзац у дзень не напішу, фізічна адчуваю сябе вельмі кепска. Не ўяўляю сябе без гэтага, хоць часам проста хочацца глядзець у акно, за якім віруе жыццё, і думаць, думаць... Не выключаю таго, что на нейкі час з’еду ў сваю сядзібу ва Уздзенскім раёне і буду сумяшчаць творчасць з фізічнай працай на зямлі, якую таксама люблю. Усе мае продкі былі сялянамі і змаглі перадаць мне ўменне чуць і разумець дыханне глебы. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ 

фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.