Вы тут

«Таблетка» шчасця ад мадэлі з Барысава Наталлі Клачко. На пенсіі жыццё не спыняецца


На пенсіі жыццё не спыняецца. А вось якім яно будзе — залежыць ад кожнага з нас. Барысаўчанка Наталля Клачко, напрыклад, толькі выйшаўшы на заслужаны адпачынак, рэалізавала сваю дзіцячую мару — прайшлася па сапраўдным подыуме. Нядаўна мая гераіня ўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці і атрымала званне «Найлепшая фотамадэль Беларусі 2022».


«Мода з шафы» як выратаванне

— Наталля, вы не працуеце ўсяго два гады, а ўжо паспелі паўдзельнічаць у некалькіх паказах беларускіх дызайнераў і нават у конкурсе прыгажосці. Раскажыце, як атрымалася, што вы сталі ўзроставай мадэллю? І як адчуваеце сябе ў новым статусе?

— Я працавала да 64 гадоў. Калі выйшла на пенсію, нейкі час радавалася свайму шчасцю. Таму што не трэба ўставаць па будзільніку. Не трэба нікуды спяшацца. У мяне яшчэ ніколі не было столькі вольнага часу! Але радасць мая была нядоўгая. Праз некалькі месяцаў мне стала вельмі сумна. І я зразумела, што трэба тэрмінова знайсці сабе занятак па душы. Дзякуючы інтэрнэту даведалася, што ў Мінску ёсць Цэнтр актыўнага даўгалецця. Там для навучання ў студыю мадэлінгу якраз запрашалі тых, каму за 50. Я, хоць і жыву ў Барысаве, адразу ж вырашыла: «Гэта тое, што мне трэба», бо з дзяцінства марыла стаць мадэллю. Тры месяцы ездзіла ў сталіцу вучыцца акцёрскаму майстэрству, фотапазіраванню, дэфіле... У выніку атрымала пасведчанне — і цяпер я ўзроставая мадэль. Месяц таму прыняла ўдзел у конкурсе «Найлепшая мадэль Беларусі 2022». Ва ўзроставай катэгорыі 50+ я была старэйшай. Па выніках конкурсу журы прысвоіла мне тытул «Найлепшая фотамадэль Беларусі 2022». Калі шчыра, яны як быццам угадалі, бо пазіраваць перад камерай мне падабаецца значна больш, чым хадзіць па подыуме. Займаюся мадэлінгам усяго год. Новае хобі мяне радуе і акрыляе, таму планую і далей развівацца ў гэтым кірунку. У Барысаве 28 мая ўпершыню адбудзецца паказ калекцый беларускіх дызайнераў, я падала заяўку, хачу таксама там удзельнічаць як мадэль.

— А ўсё пачалося з вашага інстаграм-праекта «Мода з шафы». Наколькі ведаю, менавіта ён дапамог вам перажыць месяцы самаізаляцыі.

— Так супала, што праз тры месяцы пасля таго як я выйшла на пенсію, быццам снег на галаву зваліўся каранавірус. Памятаеце пачатак пандэміі, калі асабліва нам, людзям ва ўзросце, рэкамендавалі не выходзіць з дому? Нават ад думкі, што давядзецца сядзець у чатырох сценах, мне было не па сабе. Не ведала, як перажыць тую ізаляцыю. І дачка прыйшла мне на дапамогу. Яна сказала: «Мама, рэкамендую табе «таблетку шчасця» — завядзі сабе старонку ў «Інстаграм». — «Ты што, ды каму я там патрэбная, у мяне ніводнага падпісчыка не будзе. Там мільёны сапраўды цікавых людзей». Дачка ж не толькі настаяла, але і дапамагла там зарэгістравацца.

Так я, не выходзячы з кватэры і без выдаткаў, пачала ладзіць на сваёй старонцы модныя паказы. Для гэтага выкарыстоўвала ўвесь арсенал свайго адзення, якога назапасілася нямала, бо мая фігура з маладосці зусім не змянілася. Як насіла 46—48 памер адзення 40 гадоў таму, так і нашу. Дастаю з шафы старыя рэчы, міксую, дапаўняю вобраз сучаснымі аксесуарамі — і ніхто нават не здагадваецца, што гэтай сукенцы ўжо больш за 40 гадоў. Рэчы трэба правільна камбінаваць, а ў мяне на гэта інтуіцыя, чуйка, як кажа мая дачка. Стварэнне сучасных вобразаў так мяне захапіла, што кожны дзень прачыналася з думкай: «Што б яшчэ прыдумаць?» Мне гэта ў нейкай ступені дапамагло прайсці з аптымізмам праз няпросты перыяд.

— Старонку ў «Інстаграм» вы завялі зусім нядаўна. Але ўжо маеце больш за чатыры тысячы падпісчыкаў. Як бачыце, дарэмна баяліся.

— Прычым з многімі сябруем з першых дзён. Інстасяброўства — яно вельмі цікавае, своеасаблівае. Падчас вучобы ў школе мадэлінгу таксама знайшла аднадумцаў, з якімі трымаем сувязь. Нават цяпер, калі праходзіў конкурс прыгажосці, яны мяне падтрымлівалі. Не магу адказваць за моладзь, але, што датычыцца катэгорыі 50+, ніхто не прыйшоў кагосьці перамагаць, усе атрымлівалі асалоду ад працэсу. Я назвала б гэта нават не конкурсам, а фестывалем мод жанчын з жыццёвым досведам, якія выгадавалі дзяцей, маюць унукаў і пры гэтым захавалі знешнюю і ўнутраную прыгажосць. Я рада, што маю магчымасць быць побач з такімі людзьмі і адчуваць сябе часцінкай усяго гэтага.

«Ногі — мая фішка, таму я іх не хаваю»

— Мяркуючы па вашых хэштэгах у Інстаграме (#стылёваябабуля, #узростнеперашкода, #узростуняма), у вас філасофскае стаўленне да ўзросту?

— «Нясу свой узрост як карону» — так пачынаецца адзін мой верш. У конкурсе прыгажосці нас было 16 удзельніц, і мы не ведалі, каму колькі гадоў. Нікога тое не цікавіла. І мне гэта так падабаецца! Якая розніца, колькі табе гадоў? Абсалютна не мае значэння. Як пісала Ларыса Рубальская: «Зависит возраст женщины — от духа. // Быть можно молодой и в пятьдзесят. // А можно жить и в двадцать, как старуха!» Усё залежыць ад нас саміх, ад нашых паводзін, стаўлення да жыцця. Дарэчы, у галіне ўзроставага мадэлінгу запатрабаваныя менавіта жанчыны са зморшчынкамі. Прыгажосць у тым, каб проста быць сабой. А быць сабой, аказваецца, — цэлае мастацтва. Я сама яшчэ толькі вучуся.

— У вас дзявочая фігура, стройныя ногі. Падзяліцеся сакрэтам, як трымаць сябе ў форме, каб і праз 40 гадоў улазіць у старыя сукенкі?

— У мяне ёсць сукенка ў гарошак, якую я пашыла сама ўручную, калі мне было гадоў 20. Памятаю, у дэфіцытны савецкі час доўга стаяла ў чарзе па баваўняную тканіну, потым па вялікім блаце даставала карункі «рышэлье» і вельмі ганарылася сваёй абноўкай, бо больш ні ў кога такога не было. Тая сукенка ў гарошак — мой эталон, як у аэрапорце габарытныя стойкі для багажу. Дык вось мае габарыты і сёння, праз 46 гадоў, адпавядаюць стандарту. Нічога такога асаблівага спецыяльна не раблю. Вельмі доўга займалася гімнастыкай. Зараз кожную раніцу пачынаю з зарадкі, у мяне ёсць адпрацаваны комплекс практыкаванняў. Не ведаю, наколькі гэта дапамагае мне трымаць сябе ў форме, бо я раблю гэта не для фігуры, а проста для здароўя. Я ніколі не сядзела на дыеце. Ем усё, што хачу, у тым ліку і салодкае, і пры гэтым мая вага застаецца нязменнай на працягу многіх гадоў. У мяне няма абмежаванняў. Таму, я думаю, мне проста пашанцавала з генетыкай.

— «Калі хочаце дадаць маладосці ў свой вобраз, цяльняшка — гэта роўна тое, што патрэбна», — раіць эксперт моды Эвеліна Хромчанка. Як лічыце, ці варта дадаваць маладосць у свой вобраз людзям сталага ўзросту?

— Усё вельмі індывідуальна. Заўважыла вось што: чым старэйшай я раблюся, тым карацейшыя сукенкі і паліто. У мае 66 гадоў мне пасуе кароткае! Падчас конкурсу прыгажосці дызайнер адзення паглядзела на мяне і спытала: «Вы міні носіце?» — «Абажаю, калі дазволіце, я з задавальненнем надзену ваша міні (а ў яе было вельмі шмат рознага шыкоўнага адзення)». Ногі — гэта мая фішка, таму я іх не хаваю, пакуль ёсць такая магчымасць. Магу сабе дазволіць больш маладзёжную форму адзення. У маім гардэробе няма ніякіх балахонаў. Я нашу выключна рэчы, якія падкрэсліваюць маю фігуру. З адзеннем у любым узросце трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Часам я прыкмячаю, што людзі, не толькі сталыя, але і маладыя, падкрэсліваюць тое, што трэба схаваць. Хочацца дапамагчы ім, падказаць. Але ў мяне ёсць правіла: ніколі не даю парад, калі іх не просяць, бо няпрошаная парада часам горшая за абразу.

«Прырода — самы эфектыўны акумулятар»

— Што, на ваш погляд, першае трэба зрабіць пасля выхаду на пенсію?

— Мы ўсе абсалютна розныя. Для некага выхад на пенсію — гэта серыялы і радасць ад таго, што яны цяпер могуць глядзець іх суткамі. Для мяне тэлевізар ніколі не меў вялікага значэння. Калі вам, як і мне, таксама патрэбна актыўнасць, то, лічу, у наш час першае, што трэба зрабіць, — гэта асвоіць інтэрнэт. Магчыма, хтосьці гэтага не робіць, бо лічыць непатрэбным. Я таксама, калі працавала, нават не разумела, што там людзі робяць у гэтым інтэрнэце, лічыла гэта неразумнай тратай часу. Адкрыла яго для сябе толькі пасля выхаду на пенсію. Там можна знайсці ўсё, у тым ліку і процьму варыянтаў, як сябе рэалізаваць. Толькі было б жаданне!

— Падзяліцеся сакрэтам жыццялюбства і аптымізму?

— Пасля таго як выйшла на пенсію і знайшла справу па душы, для мяне раніца стала добрай. Я не бегаю па кватэры, а хаджу. Раніцай я стала ўсміхацца. Проста так. Прачынаюся, адсоўваю фіранкі і кажу: «Здравствуй, утро, я проснулась. Здравствуй, день, я улыбнулась. Здравствуй, вечер, я взгрустнула. Здравствуй, ночь, я вновь уснула... Я уснула, чтоб проснуться. Утром жизни улыбнуться. И сказать ей снова «Здравствуй! Ты — волшебна! Ты прекрасна». З удзячнасцю прымаю новы дзень, смакую кожнае імгненне, жыву «тут і цяпер» і радуюся таму, што маю. А не зацыкліваюся на тым, чаго ў мяне па нейкай прычыне няма.

Мы ўжо 35 гадоў жывём у доме, які знаходзіцца побач з рэчкай Сха. Там зараз качкі, лебедзі, хутка салаўі па вечарах будуць даваць канцэрты. Калі працавала, не цаніла ўсяго гэтага. Работа-дом-магазіны. Калі мне туды бегаць? Я лепш прылягу, адпачну, бо стомленая. Зараз у мяне адкрыліся вочы на ўсё. Я стала заўважаць дрэвы, неба, людзей. Толькі зараз, калі выйшла на пенсію, зразумела, як мне пашанцавала, аказваецца, я жыву ў шыкоўнай зоне горада Барысава. Я гуляю там штодзень. Пакідаю свой мабільны заражацца дома, а сама іду атрымліваць падзарадку на прыроду. Яна мой самы эфектыўны і надзейны акумулятар. Гэта і СПА-салон, і трэнажорная зала, і салярый. Працуе кругласутачна, уваход бясплатны. Гуляю і заадно прымаю СПА-працэдуры: сухія паветраныя ванны, бескантактны масаж парывамі ветру, кіслародныя кактэйлі, ароматэрапію і ўльтрафіялетавае апраменьванне. Тут вельмі лёгка пішуцца вершы. Я з задавальненнем наведваю літаратурнае аб'яднанне «Натхненне». Сёлета Барысаву спаўняецца 920 гадоў. Рыхтуем зборнік вершаў, прысвечаны роднаму гораду. Дык вось днямі я напісала верш пра сваё месца сілы, што побач з домам. Магчыма, ён з'явіцца ў гэтым зборніку.

— Наталля, а ці думалі вы пра тое, каб зарабляць мадэлінгам грошы?

— Зараз я менш за ўсё думаю пра грошы. 43 гады (столькі ў мяне агульнага працоўнага стажу) я толькі і рабіла, што зарабляла. У мяне як у кіраўніка была вялікая нагрузка, таму заўсёды атрымлівала добрую зарплату. Зараз ні ў якім разе не стаўлю мэтай зарабляць грошы. Хачу паспець іх крыху на сябе патраціць. Проста пажыць так, як мне падабаецца, рабіць тое, што люблю, што мяне натхняе.

— У вас трое дзяцей, 15-гадовы ўнук. Як яны і муж паставіліся да вашага новага захаплення, удзелу ў конкурсе?

— Дачка пра ўсё ведала і падтрымлівала мяне з самага пачатку, мы з ёй удзвюх ідзём паўсюль. Яна не проста мая сяброўка, мой анёл, два мае крылы. А сыны, калі даведаліся, спачатку былі ў шоку. Яны не маглі нават зразумець, як такое магчыма. У іх мама асацыіруецца з блінамі, пірагамі. Яны прызвычаі-
ліся, што я іх сустракаю-праваджаю. А тут мама на подыуме... Зараз жа я адчуваю, што яны ганарацца мной, кажуць: «Мама, якая ты ў нас класная». Дзеці хадзілі са мной на паказ, падтрымлівалі. Муж таксама задаволены, што я знайшла сабе прымяненне, што чымсьці занятая, не сумую. Раніцай, калі ён сыходзіў на працу, сказала яму: «А я сёння інтэрв'ю даю. Вось яшчэ і «Звяздой» буду». Пасмяяліся, пажартавалі. Калі вы мне прапанавалі паразмаўляць, прамільгнула думка: а каму гэта патрэбна? А потым думаю: а чаму я вырашыла, што гэта нікому не трэба? Калі зоркі запальваюць, значыць, гэта каму-небудзь патрэбна. Можа быць, хтосьці пачытае, задумаецца і ў свае 60+ карэнным чынам памяняе жыццё, як гэта зрабіла я.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Нясу свой узрост як карону»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.