Вы тут

Дэпутаты Гомельшчыны прапануюць разам вучыцца дапамагаць развіццю тэрыторыі сваёй малой радзімы


Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў упершыню арганізавала практычнае навучанне па асновах праектнага менеджменту для актывістаў з розных раёнаў рэгіёна.


На семінары-трэнінгу ў Гомелі сабраліся супрацоўнікі сельвыканкамаў, устаноў культуры, адукацыі і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У сустрэчы ад імя актывістаў свайго раёна ўзяла ўдзел старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Кісялёва:

— Ідэй у нашых людзей вельмі шмат, і важна тое, што іх ёсць з кім увасабляць у жыццё. Не згодная, калі гавораць, што ў нас не так развіта праектная дзейнасць у плане мясцовых ініцыятыў. Проста людзі часта ўласныя ідэі, мары па паляпшэнні жыцця на сваёй тэрыторыі рэалізуюць без праектаў, без пэўных грантаў. Мы не ўмеем і, калі можна так сказаць, хваліцца, правільна прэзентаваць паспяховую работу, якую праводзім на месцах, але вучымся!

Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў трэнінгу старшыня Буда-Кашалёўскага райсавета падзялілася падчас перапынку ў занятках. Праграма насычаная і вельмі цікавая па падачы, адзначае Наталля Кісялёва. Дэпутат упэўненая, што веды, атрыманыя падчас трэнінгу, дазволяць ёй больш якасна пабудаваць работу па праектных ініцыятывах у сельсаветах.

— На тэрыторыі нашага ёсць таксама прыклад актыўнай тэрыторыі — аграгарадок Уваравічы. Толькі за апошнія гады там ажыццявілі адразу некалькі сацыяльна значных праектаў, якія дазволілі не толькі павысіць узровень жыцця вяскоўцаў, але, лічу, і паспрыялі замацаванню моладзі на вёсцы.

Ва Уваравічах уладкавалі спартыўны гарадок, добраўпарадкавалі бегавыя дарожкі на стадыёне. Са школьнага спартыўнага пакою, які быў аснашчаны толькі самаробнымі трэнажорамі, зрабілі сучасны спортаб'ект для жыхароў аграгарадка ўсіх узростаў.

— Таксама ў школе быў абсталяваны інфармацыйны цэнтр. Цяпер гэта любімая прастора не толькі для правядзення школьных мерапрыемстваў, але і любых вясковых свят, афіцыйных сустрэч.

Досвед работы з вясковымі актывістамі даказаў, адзначае дэпутацкі лідар Буда-Кашалёўшчыны: поспех у ініцыятывах абавязкова прыходзіць, калі ў людзей ёсць усведамленне, што сельвыканкам падтрымае, акажа дапамогу і зможа шчыра парадавацца, што немалаважна, поспеху ініцыятывы.

— Падобны семінар-трэнінг па асновах праектнага менеджменту дае магчымасць неабыякавым жыхарам раёнаў — калі хочаце, фанатам развіцця сваёй малой радзімы — разабрацца, як напісаць праект, заявіцца з ім, і як зрабіць так, каб перамагчы ў конкурсе ініцыятыў у рэгіёне. Лічу, што гэта таксама важны псіхалагічны момант, які матывуе, — падкрэслівае Наталля Кісялёва.

Цікавым і пазнавальным семінар-трэнінг падаўся яго ўдзельнікам, у якіх ужо быў вопыт праектнай дзейнасці па ажыццяўленні сацыяльных праектаў.

Завуч па выхаваўчай рабоце Веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А. А. Грамыкі Яна Ісачанка падзялілася, што асабліва каштоўная для яе і яе калег магчымасць абмеркаваць з дасведчаным спецыялістам новыя ідэі. Дарэчы, менавіта жыхары Веткаўшчыны аказаліся самымі актыўнымі на праведзеным упершыню конкурсе на найлепшы сацыяльны праект Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Веткаўчане прапанавалі на конкурс адразу 13 ініцыятыў, з якіх дзве былі прызнаны пераможцамі ў рэгіёне. Абодва праекты распрацавалі менавіта ў Веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А. А. Грамыкі.

— Сістэма адукацыі, мы ўпэўнены, — гэта не толькі школа ці дзіцячы садок. Наша мара — адукацыя павінна праходзіць праз усё жыццё чалавека. Імкнуліся стварыць у сваім райцэнтры адукацыйны цэнтр для людзей усіх узростаў, — тлумачыць Яна Ісачанка. — Гэтай мэце прысвечаны наш праектаў «Клуб здароўя» для жыхароў Веткі ва ўзросце 60+.

Завуч па выхаваўчай рабоце Веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А. А. Грамыкі расказала, што да тэрыторыі іх установы прылягаюць цудоўныя парк і сажалка, добраўпарадкаванню якіх кіраўніцтва раёна ўдзяляе вялікую ўвагу.

— Гэтае месца найбольш папулярнае сярод людзей трэцяга ўзросту. Стварэнне клуба дазволіць пажылым людзям не толькі забяспечыць клопат аб сваім здароўі пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў: будуць распрацаваны курсы па скандынаўскай хадзьбе і фітнесе, але і створыць умовы для развіцця сацыякультурнага асяроддзя. Мы матывуем іх да нефармальных зносін, як адзін з адным, так і з моладдзю, дасведчанымі спецыялістамі, якія будуць працаваць у гэтым клубе.

Другая ідэя жыхароў Веткі, якая перамагла ў конкурсе на найлепшы сацыяльны праект Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, — развіццё варкаўт-руху сярод моладзі.

— Горад летась падарыў нам сучасную скейт-пляцоўку, — дадае ўдзельніца семінара-трэнінгу, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Вераніка Ярмак. — Наша ідэя — яе яшчэ больш удасканаліць, каб у дзяцей было болей магчымасцяў развівацца ў любімым відзе спорту.

Падобнае практычнае навучанне па асновах праектнага менеджменту для актывістаў раёнаў Гомельшчыны было арганізавана таксама ў Мазыры. Удзельнікам трэнінгаў прапанавалі ў групах па зададзеным алгарытме папрацаваць над напісаннем канцэпцыі ініцыятывы. Кожны змог выступіць з прэзентацыяй праекта па развіцці тэрыторыі сваёй малой радзімы.

— Спадзяёмся, што ўдзельнікі трэнінгаў атрымалі багаж ведаў па праектнай дзейнасці, які ў будучыні дапаможа ім распрацаваць і рэалізаваць праект на тэрыторыі Гомельшчыны, — падкрэсліла старшыня праўлення Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька.

Як зазначыла дэпутат, Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў працягвае актыўную работу па заахвочванні жыхароў населеных пунктаў да ўключэння ў грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыццядзейнасці людзей, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

— У праектах-ідэях, якія мараць рэалізаваць актывісты, улічваецца актуальнасць ініцыятывы, прадуманасць і паслядоўнасць дзеянняў па яе ажыццяўленні, чаканы сацыяльны, эканамічны і экалагічны эфект, устойлівасць і развіццё атрыманых вынікаў, — дадала Вікторыя Ладуцька.

Як вядома, на першы ў рэгіёне конкурс Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў на найлепшы сацыяльны праект, абвешчаны летась, было даслана 68 праектаў, 18 работ прызнана пераможцамі і ўзята да рэалізацыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Як палескі творца ажыўляе дрэва. Іван Супрунчык і яго жывая гісторыя

Немагчыма злічыць, колькі таленавітых людзей жыве ў Беларусі. Часам вялізны талент можна знайсці нават у невялікай вёсачцы.

Культура

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

Аляксандр Радзькоў: Аб людзях пісаць складана

«Кожны чалавек — гэта космас!»

Грамадства

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Да плюс 32! З нядзелі да нас ідзе новая хваля спякоты

Калі 23 чэрвеня тэмпература паветра была блізкай да кліматычнай нормы.