Вы тут

Выклік ці новы погляд? Ірына Рамбальская прадставіла незвычайную арт-інтэрвенцыю ў музеі Я.Коласа


Здзіўляць, шакіраваць і не баяцца выказвацца — так можна акрэсліць творчае бачанне мастачкі, тэлевядучай Ірыны Рамбальскай. І днямі ў гэтым можна было пераканацца на адкрыцці яе арт-інтэрвенцыя «Ірына Рамбальская (ІRRA). У дарослым інтэр'еры». Больш за два дзясяткі скульптур часова «прапісаліся» ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.


Такая вось спроба «разгерметызаваць» творчую прастору класіка творамі сучаснага мастацтва. Усе скульптуры, якія прадстаўлены тут публіцы, можна ўспрымаць як асобнае выказванне на пэўную злабадзённую тэму. У кожнай кампазіцыі мы бачым жанчын, кожная з іх непаўторная і разбурае звычайнае ўспрыманне свайго вобраза. За вонкавымі атрыбутамі хаваецца шмат сэнсаў і пасылаў, якія наведвальнікі могуць расшыфроўваць па-свойму.

Тут ёсць мастацкае выказванне на тэму глабалізацыі, якая знішчае аўтэнтычнасць, змешваючы сэнсы і вобразы і падмяняючы каштоўнасці. Альбо вось скульптура «Сіла роду» — расповед пра тое, што «жанчына, каранаваная самой прыродай, нараджае ў гэты свет усё цёмнае і светлае, пошлае і геніяльнае, добрае і злое... Гэтая жанчына як ніхто іншы ведае, наколькі каштоўнае жыццё і як цяжка яго дарыць, і сама ж выпускае на свет тых, хто будзе яго ламаць...» Такі пасыл знаходзім у апісанні да скульптуры. Яна мае сэнсавыя акцэнты — на галаве ў жанчыны не звыклая карона, а тазавыя косці... Успрымаць безэмацыянальна такое наўрад ці атрымаецца. Але задумацца пра тое, наколькі адказна даваць новае жыццё і што важна залажыць у сваіх дзяцей, а таксама якой высокай місіяй узнагародзіла кожную з нас прырода, — дакладна ўзнікне жаданне. І так кожная работа Ірыны Рамбальскай — гэта не проста выява жаночай прыгажосці, але і дэманстрацыя безлічы кантрастаў нашай рэчаіснасці, дзе кожны выбірае сваё і па сабе.

— Мы з дырэктарам музея Ірынай Мацяс доўга думалі, ці прымуць гэтую выставу тут. Але, напэўна, трэба ісці туды, дзе страшна, таму і мы ўсё ж рэалізавалі задуманае. Хоць, скажу шчыра, для мяне гэта мінімальны выклік, які я гатова прыняць, — дзеліцца аўтар Ірына Рамбальская. — Спадзяюся, што ў нашай краіне будзе з'яўляцца ўсё больш прасторы для маладых мастакоў, бо, на маю думку, у нас дастаткова таленавітых, яркіх асоб і персанажаў, каб выказвацца. І мая выстава — гэта спроба «разгерметызаваць» звыклую прастору, можа, нават хуліганства, але са знакам плюс. Мы зрабілі тое з мэтай яшчэ больш падкрэсліць веліч тых беларусаў, якія жылі і тварылі, а разам з тым робім пэўны зварот да сённяшніх людзей, выхаваных на сацыяльных сетках. Хочацца паказаць, што нічога не бывае без памылак, не заўсёды проста, і не кожны раз атрымліваецца так, як хочацца. Але трэба ісці і весці за сабой, каб паказаць сапраўднае.

Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, вельмі розныя. Можна ўбачыць нават тыя скульптуры, якія выстаўляліся ў свой час у Луўры і ў Канах. Аднак аб'ядноўвае іх, мабыць, менавіта неабыякавасць аўтара да навакольнага свету, жаданне скульптара праз свае творы заклікаць гледачоў да дыялогу адносна ўбачанага і рэакцый на яго. На адкрыцці можна было пачуць не толькі розныя меркаванні адносна прадстаўленых скульптур, але і ацэнкі здзейсненага эксперыменту.

— Мне прыемна, што ў гэты музей прыйшоў малады, яркі і цікавы дырэктар. І што Ірына Мацяс не пабаялася зладзіць такую выставу. Гэта музей, які мае пад сабой сур'ёзную аснову, які прысвечаны класіку, але і тут павінна ўзнікаць адчуванне працягу жыцця. Сённяшняя «інтэрвенцыя» — якраз і ёсць сведчанне, што гэта адбываецца. Так, бачыць такое ў класічнай прасторы нязвыкла, але такі ход выкліча цікавасць да гэтага месца. Любы музей павінен выказвацца, таму калі і дадзеная экспазіцыя выкліча вялікую размову, то будзе добра. А даць глебу для дыскусіі ў стваральнікаў атрымалася, — адзначыла першы намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз мастакоў» Наталля Шаранговіч.

Неадзназначнасць трактоўкі прадстаўленых скульптур у доме вядомага класіка нават абудзіла фантазію ў прысутных, каб задацца пытаннем, кім бы мог быць сам Якуб Колас, калі б жыў у наш час. Не сакрэт, што пісьменнік заўсёды вельмі прыхільна ставіўся да творчых маладых людзей. Таму версіі агучвалі самыя розныя — ад блогера да рэпера, але адзназначна акрэслілі адно: зробленае творцам выклікала б шырокі розгалас і ўплывала б на свядомасць яго аўдыторыі.

— Сапраўды, здаецца, калі б Якуб Колас жыў сёння, то Ірына Рамбальская была б госцяй гэтага дома. Таму што наш музей заўсёды адкрыты для маладых пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў, — адзначыла дырэктар Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. — І сённяшнім праектам нам хочацца паказаць нашу адкрытасць усяму новаму, хочацца ўкараняць гэтае новае ў нашу прастору і ісці ў нагу з часам. Спадзяёмся, нам удасца зрабіць гэты дом месцам сустрэч як цікавых творцаў, так і публікі, якая жадае спазнаваць і адкрываць для сябе новае і незвычайнае.

Кожнаму, хто мае патрэбу ў натхненні, хто знаходзіцца ў пошуках незвычайных ракурсаў і поглядаў, варта ў найбліжэйшы месяц не прапусціць нагоду і завітаць у сцены, дзе жыў і тварыў вялікі Якуб Колас, каб пачуць уласныя думкі ад убачанага і ацаніць, наколькі ўдалай атрымалася спроба аб'яднаць сучаснае мастацтва з класічным кантэкстам.

 

 

Алена ДРАПКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА 

Выбар рэдакцыі

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.