Вы тут

Знайсці «свайго» аўтара


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прэзентавалі незвычайную кніжную серыю, дзякуючы якой чытач можа даведацца пра сучасную беларускую літаратуру і знайсці ў ёй любімага аўтара. Серыя так і называецца — «Сучасная беларуская літаратура», гэта сумесны праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі, які прадстаўляе беларускую прозу апошніх дзесяцігоддзяў. Выйшла ўжо сем густоўна аформленых і змястоўных тамоў, з гэтай нагоды і адбылася прэзентацыя, на якую сабраліся і аўтары серыі, і выдаўцы, і прыхільнікі-чытачы.


Да кожнага зборніка напісаў прадмову ўкладальнік, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. 

— Гэты праект прапанавалі Саюзу пісьменнікаў Беларусі дырэктар выдавецтва «Аверсэв» Дзмітрый Дэмбоўскі і галоўны рэдактар выдавецтва Аляксандр Таранда, — распавёў гісторыю ўзнікнення серыі Алесь Карлюкевіч. — Нам падалася важнай такая ініцыятыва, скіраваная на прапаганду беларускай літаратуры, створанай у апошнія дзесяцігоддзі, на падтрымку пісьменнікаў, якія сёння жывуць і працуюць у нашай краіне. 

Алесь Мікалаевіч назваў прынцып адбору — гэта павінны быць лепшыя творы з тых, што друкаваліся ў дзяржаўных літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях. Такія творы ўжо маюць пацверджаную якасць, звярнулі на сябе ўвагу крытыкаў і чытачоў. Да таго ж прыняты крытэрый дае магчымасць складальніку заарыентавацца ў моры напісанага сучаснымі беларускімі літаратарамі. 

Дзмітрый Дэмбоўскі прызнаўся, што ганарыцца, калі бачыць кнігі гэтай серыі на паліцах кніжных крамаў — бо гэта ўнёсак у папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры, якую на сёння, на жаль, ведаюць незаслужана мала. А яшчэ звярнуў увагу, што серыя прадстаўляе не толькі літаратуру, але і выяўленчае мастацтва — на вокладцы кожнага выдання выкарыстана рэпрадукцыя карціны з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Так што той, хто будзе чытаць гэтыя кнігі, паглыбіцца і ў гісторыю беларускага жывапісу.

Напрыклад, на вокладцы зборніка «Цені дзікага палявання», дзе сабраныя ўзоры фальклорна-міфалагічнай і гісторыка-дэтэктыўнай прозы — ілюстрацыя з вершнікам-паляўнічым народнага мастака Васіля Шаранговіча, для зборніка літаратурных казак «Чароўная скарбніца» выбраная карціна Міколы Селешчука, можа быць, самага містычнага і казачнага беларускага мастака. А сёмую кнігу, «Планета ў падарунак», прысвечаную фантастыцы, упрыгожвае фрагмент твора яшчэ аднаго народнага мастака, Аляксандра Кішчанкі, які якраз вызначаўся «касмічнасцю» мыслення. 

Адзін з аўтараў зборніка апавяданняў «Душа твая светлая», намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп згадаў іншую серыю — «Залатую калекцыю беларускай літаратуры», якая выходзіць зараз і знаёміць з шэдэўрамі класікі. Не выключана, што ў апошнія яе тамы патрапяць і лепшыя творы аўтараў серыі «Беларуская сучасная літаратура». Віктар Анатольевіч таксама распавёў пра сваё лірычнае апавяданне «Закаханы ў Снягурку» — аказваецца, у аснове — рэальная гісторыя з яго дзяцінства, калі маленькі будучы паэт пісаў у лесе на снезе вершы для казачнай прыгажуні. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах таксама прадставіла свае апавяданні, якія ўвайшлі ў зборнік, і таксама прыгадала іншую важную серыю, якая прадстаўляе беларускую літаратуру, на гэты раз на міжнародным полі — серыю кніг «Сугучча сэрцаў», дзе дэманструецца лепшае з літаратур краін СНД. 

Што тычыцца серыі «Сучасная беларуская літаратура», то сярод выдадзеных тамоў ёсць і тыя, што дазволяць прасачыць «гендэрны стан» сучаснай літаратуры — том «жаночых» апавяданняў «Размова з люстэркам» і том «мужчынскіх» апавяданняў «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын». Вядома, падзел літаратуры на «мужчынскую» і «жаночую» вельмі ўмоўны і даўно састарэў, тым не менш некаторыя назіранні наконт асаблівасцяў светапогляду аўтараў і аўтарак зацікаўлены чытач зрабіць можа. А галоўнае, што атрымае прыхільнік серыі — убачыць Беларусь і беларусаў з розных ракурсаў аўтарскіх паглядаў, але з аднолькавым гуманістычным і патрыятычным пасылам. Бо ва ўсіх творах, і гумарыстычных, і трагічных, і казачных, і фантастычных, і сурова рэалістычных, прысутнічае і любоў да сваёй зямлі, і спачуванне да чалавека, і зварот да гістарычнай памяці.

Аўтары — Зіновій Прыгодзіч, Сяргей Трахімёнак, Таццяна Сівец, Алена Брава, Людміла Рублеўская, Алёна Беланожка, Валянціна Драбышэўская і іншыя распавядалі гісторыю сваіх твораў, якія ўвайшлі ў зборнікі серыі, усе адзначалі высокі ўзровень выдання. Людміла Рублеўская падкрэсліла, што падобныя зборнікі карысныя яшчэ і тым, што паказваюць літаратурную панараму і даюць магчымасць знайсці свайго, любімага аўтара, каб пасля шукаць ужо менавіта яго кнігі. Вядомая казачніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая прыйшла не адна, а з героем сваіх казак — Вухуцікам, сімпатычным іншапланетнікам з планеты Вухуція, які адгэтуль паселіцца ў сувенірнай краме музея. 

Усяго плануецца выпусціць дванаццаць зборнікаў, адзін з якіх будзе адмыслова прысвечаны рускамоўнай прозе Беларусі. Але на гэтым справа выдавецтва па папулярызацыі беларускай сучаснай літаратуры не скончыцца — з’явяцца новыя кніжныя праекты.

— Галоўнае, каб у вашых творах адлюстроўвалася жыццё ва ўсіх ягоных праявах, — звярнуўся да аўтараў на завяршэнні вечарыны Алесь Карлюкевіч. 

Людміла ІВАНОВА

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.