Вы тут

Кніжныя навінкі: знаёмімся з гістарычным шляхам Кітая


У Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя 25 мая адбылося літаратурнае мерапрыемства «Жыццё як подзвіг — рэвалюцыі і лёсы людзей». Падчас сустрэчы супрацоўнікі выдавецтва «Восточная литература» прэзентавалі перакладзеныя на рускую мову кнігі «Рэвалюцыянеры» Хэ Цзяньміна і «Рускі іерогліф. Гісторыя жыцця Іны Лі, расказаная ёю самой» Аляксандра Архангельскага. 


Дакументальна-мастацкае апавяданне «Рэвалюцыянеры» прысвечана рэвалюцыйнаму руху ў Кітаі 1920-1930-х гадоў — па ім знялі фільм, а таксама зрабілі радыёпастаноўку і спектакль. Намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў КНР Хэ Цзяньмін запісаў відэа-зварот да наведвальнікаў прэзентацыі. У ім аўтар адзначыў, што з юнацтва вельмі любіць беларускіх пісьменнікаў — Цётку, Янку Купалу і Якуба Коласа. 

— Як вы ведаеце, сто гадоў таму з дапамогай Савецкага Саюза кітайцы стварылі Камуністычную партыю, а пасля заснавалі тое, што зараз мае назву Новы Кітай. Падчас таго працэсу мы вялі рэвалюцыйную барацьбу, асабліва ў 20-30 гадах мінулага стагоддзя — камуністы-рэвалюцыянеры ў Шанхаі, сярод якіх было шмат юнакоў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, змагаліся за звяржэнне старой улады. Мая кніга адлюстроўвае гэтую барацьбу. 

У сваю чаргу Сяргей Клюцкі, гісторык і рэдактар выдавецтва «Восточная литература», засяродзіў увагу на тым, што ў кнізе выкладзены гістарычныя факты, апісаны барацьба і простыя чалавечыя ўзаемаадносіны. Твор дакладна перадае дух часу і ўспрыманне жыцця, уласцівыя кітайскаму менталітэту: 

— Самая галоўная ўмова для прачытання «Рэвалюцыянераў» — гэта разуменне той перспектывы, у якой знаходзіцца аўтар. Ён разглядае падзеі ў прасторы камуністычных ідэалаў, падчас напісання апявядання галоўнай мэтай быў зварот да кітайскага чытача, дэманстрацыя таго, з чаго пачынаўся Новы Кітай. 

Наступнае выданне, прадстаўленае кніжнай крамай «Шанс», прысвечана гісторыі жыцця Іны Лі і распавядае аб незвычайным чалавечым лёсе. Будучы дачкой сузаснавальніка Камуністычнай партыі Кітая і дваранкі з роду Кішкіных, сваё дзяцінства Інна Лі правяла ў сталінскай Маскве, а юнацтва — у Пекіне пры Мао Цзэдуне. Перажыла кітайскую «культурную рэвалюцыю», прайшла турму і высылку, жыла ў Расіі пасля перабудовы. І пры гэтым лічыць сваё жыццё абсалютна шчаслівым. 

Падчас прэзентацыі кнігі было адзначана, што з многімі дзецьмі выбітных кітайскіх рэвалюцынераў-камуністаў адбылася незвычайная гісторыя — у раннім дзяцінстве іх разлучылі з бацькамі і адвезлі ў Савецкі Саюз, у якім яны жылі і вучыліся. Потым, калі ўтварыўся Новы Кітай, многія з іх вярнуліся дадому.

Спачатку дзеці размаўлялі з бацькамі праз перакладчыка, і толькі пазней пачыналі вывучаць родную мову. У сваёй кнізе Іна Лі спрабуе зразумець, хто яна — кітаянка ці руская. Большасць такіх дзяцей у выніку засталіся ў Кітаі. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў, Камуністычнай партыі Беларусі, даследчыкі, выкладчыкі ВНУ і студэнты. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.