Вы тут

Пад кіраўніцтвам міністра абароны прайшоў штогадовы збор


Сёлета збор прайшоў пад назвай «Ваенная бяспека і абарона дзяржавы». Старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, а таксама ваенныя камісары абласцей і сталіцы павысілі веды ў пытаннях сумесных дзеянняў войск у сучасных узброеных канфліктах, удасканалілі свае навыкі пры выкарыстанні стралковай зброі і ўзбраення, якое знаходзіцца на балансе тэрытарыяльных войск.


Удзельнікам збору давялі тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі, прадэманстравалі асноўныя ўзоры ўзбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, якімі аснашчаны тэрытарыяльныя войскі. Азнаёміліся яны і з парадкам прымянення авіяцыі ў інтарэсах выканання задач тэрытарыяльнай абароны, а таксама варыянтам дзеянняў тэрытарыяльных войск у ходзе выканання задач па прызначэнні.

— Аб значнасці і актуальнасці тэрытарыяльнай абароны зараз асабліва трэба казаць у сувязі з той ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая складваецца вакол нашай краіны, — адзначыў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — Мы бачым, што менавіта тэрытарыяльная абарона з'яўляецца тым момантам, які сапраўды можа аказаць вырашальнае значэнне ў выпадку ўзброенага канфлікту. Хачу з асаблівым задавальненнем адзначыць, што няма ніводнага кіраўніка абласнога і раённага ўзроўняў, які б не ўдзяляў пільнай увагі пытанням тэрытарыяльнай абароны. Аб гэтым сведчаць і планавыя мерапрыемствы, якія мы праводзім, і пазапланавыя праверкі, якія нядаўна прайшлі ў Лідскім і Кобрынскім раёнах у межах рэагавання на тыя падзеі, якія адбываюцца на сумежных тэрыторыях.

Кіраўнік абароннага ведамства паведаміў, што на сходзе ў межах карэкціроўкі пытанняў развіцця Узброеных Сіл, які днямі быў праведзены пад кіраўніцтвам Прэзідэнта краіны, Галоўнакамандуючага, была пастаўлена задача стварыць у нашай краіне і народнае апалчэнне. «Самае галоўнае, што ў нас ёсць для гэтага і людзі, і ўзбраенне, — заўважыў Віктар Хрэнін. — Мы абмяркуем гэтыя пытанні з губернатарамі, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні. Мы добра разумеем, што колькасць абаронцаў нашай Радзімы павялічыцца ў разы. Для нас гэта вельмі важна, тым больш у цяперашняй абстаноўцы. Калі нехта прыйдзе на нашу зямлю, адказ будзе адэкватны».

На базе ваеннага аэрадрома Мачулішчы ўдзельнікі збору прайшлі тэарэтычную падрыхтоўку і пазнаёміліся з узорамі тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл нашай краіны. На іншым пункце маршруту перад удзельнікамі збору быў разыграны эпізод практычных дзеянняў войск. У рэжыме рэальнага часу яны ўбачылі парадак арганізацыі аховы і абароны аб'екта тэрытарыяльнай абароны — чыгуначнага моста праз раку Свіслач. Удзельнікі збору даведаліся аб прызначэнні аб'екта і яго значнасці ў сістэме транспартнага забеспячэння краіны. Асаблівая ўвага была засяроджана на функцыянаванні і ахове аб'екта ва ўмовах ваеннага часу.

— Практычная рэалізацыя гэтых навыкаў дазваляе не толькі ўспомніць, але і першы раз паспрабаваць свае сілы са шматлікіх відаў стралковага ўзбраення, — заўважыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН. — У Мінскай вобласці ўзаемадзеянне Узброеных Сіл і мясцовых органаў улады — на годным узроўні. У мірны час нам вельмі важная дапамога вайскоўцаў у адточванні навыкаў практычных дзеянняў.

Удзельнікі збору сталі сведкамі і эпізоду практычных дзеянняў войск, які прадэманстраваў выкананне баявых і транспартных задач авіяцыі ў інтарэсах вядзення тэрытарыяльнай абароны. У адпаведнасці з задумай, па інфармацыі аперацыйна-сітуацыйнага штаба, ад мясцовых жыхароў паступіла паведамленне аб знаходжанні ў лясным масіве групы людзей у камуфляжнай форме са зброяй. У штабе раёна тэрытарыяльнай абароны прынялі рашэнне аб правядзенні пошуку бандфарміравання. Для выканання транспартных і агнявых задач задзейнічалі авіяцыю.

Група ўзброеных людзей — колькасцю да 150 чалавек — была аператыўна выяўлена разведгрупай. Акрамя таго, пры сабе бандфарміраванне мела пераносныя супрацьтанкавыя комплексы. Пастаўлена задача — і верталёты Мі-24 нанеслі ўдар па месцы базіравання праціўніка. Разведчыкі ажыццявілі даразведку мясцовасці — і праціўнік быў канчаткова ліквідаваны.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Мінская вобласць

Загаловак у газеце: Абараніць сваю зямлю

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.