Вы тут

Адзіны тарыф для ўладальнікаў газавых катлоў з 1 чэрвеня


Адзіны кошт на прыродны газ — 0,1977 рубля за м3 будзе ўстаноўлены з 1 чэрвеня для спажыўцоў, якія маюць індывідуальныя прыборы ўліку расходу газа і газавыя ацяпляльныя прылады (катлы). У летні перыяд гэты тарыф быў 0,5417 рубля, а ў ацяпляльны (з 1 студзеня да 31 мая ўключна) — 0,1494 рубля. Такім чынам пры адзінай цане пасля 1 чэрвеня кошт газу паменшае на 0,344 рубля за м3, а ў ацяпляльны перыяд ён павялічыцца на 0,0483 рубля за м3.


Перад увядзеннем адзінага тарыфу газавікі прааналізавалі спажыванне і разлік за газ уладальнікамі газавых катлоў ва ўсіх абласцях краіны і прынялі рашэнне аб вызначэнні сярэднеўзважанай цаны, што будзе больш зручна для спажыўца. То бок, калі раней людзі яшчэ думалі, ці апальваць жыллё вясной і летам, калі тэмпература, як зараз, яшчэ не зусім камфортная, то цяпер, пры адзіным для лета і зімы кошце, сагравацца будзе прасцей і не так адчувальна для кашалька, патлумачыў новаўвядзенні Уладзімір Завальнікаў, начальнік упраўлення газазабеспячэння і маркетынгу Белпаліўгаз:

— Тарыфная палітыка ў Беларусі шматузроўневая і даволі складаная ў выкарыстанні. Разбіўка кошту на ацяпляльны і неацяпляльны перыяды істотна ўскладняла работу газазбяспечваючых арганізацый і выклікала пытанні пра разліку за ўжыты газ у месяцы, калі перыяд пачынаўся ці канчаўся. Гэта было абумоўлена тым, што, як вядома. Кожны райвыканкам прымае самастойнае рашэнне аб даце пачатку і завяршэння сезона ацяплення.

Узровень адзінага кошту на газ вызначаны крыху больш высокім, чым кошт у ацяпляльны перыяд, аднак значна меншым, чым той, што ўстаноўлены ў летні перыяд (цана з 1 чэрвеня паменшыцца на 63,5 %), заўважыў Ягор Ізэргін, галоўны інжынер Магілёўаблгаз.

— Дата пачатку выкарыстання адзінай цаны за ўжыванне газу насельніцтвам вызначана не з пачатку года, а з 1 чэрвеня для больш плаўнага пераходу на новую аплату. Такое рашэнне прымалася з улікам неабходнасці арганізацыі інфармавання людзей. А таксама дазволіла грамадзянам своечасова вызначыць прымальны для сябе варыянт разліку за газ у ацяпляльны перыяд 2022-2023 гг., у тым ліку магчымасць акумуліраваць сродкі, якія вызваляюцца пры аплаце за газ у летні перыяд з 1 чэрвеня гэтага года па адзіным кошце.

Дзяржаўнае рэгуляванне кошту на газ для насельніцтва вызначана заканадаўча. Рэгулюе цэны на газ для насельніцтва (як субсідзіруемыя тарыфы, так і кошт, які забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на газазабеспячэнне) Савет міністраў краіны, дадаў Сяргей Хоўрын, начальнік эканамічнага ўпраўлення Белпаліўгаз.

— Што датычыцца тых уладальнікаў катлоў, якія плацяць за газ па дыферэнцыраваных тарыфах у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання, то для іх захаваецца ранейшы парадак. Спажыўцы, якія з 1 студзеня не перавысілі спажыванне ў тры тысячы м3, будуць плаціць па субсідзіруемых цэнах. Для тых, хто ўжыў звыш гэтага аб’ёму і да 5500 м3, аплата будзе вызначацца з улікам карэкціруючага каэфіцыенту 1,3. Жыхары, якія напалілі больш як 5500 м3, заплацяць па цане эканамічна абгрунтаванага кошту. 

Пры пераходзе на адзіны тарыф з 1 чэрвеня газазабяспечваючым арганізацыям трэба будзе правесці зверку паказчыкаў індывідуальных прыбораў уліку расходу газа, таму спецыялісты просяць грамадзян з разуменнем паставіцца да гэтай неабходнасці і забяспечыць доступ спецыялістаў да прылад.

Усе газавыя службы зараз рыхтуюцца да пераходу на адзіны тарыф, які, на думку Аляксандр Бранцэвіча, першага намесніка генеральнага дырэктара — галоўнага інжынера Віцебскаблгаз, спросціць жыццё звычайных грамадзян:

— Хаця ацяпляльны перыяд скончыўся, у індывідуальных дамах хочацца яшчэ і абагрэць, і прасушыць хату. А летні тарыф, які пакуль яшчэ дзейнічае, вымушае іх думаць, ці траціцца на абагрэў.

Каб зэканоміць грошы пры ацяпленні газавымі катламі, неабходна герметызаваць вокны напачатку ацяпляльнага перыяду, пры неабходнасці, магчыма, устанавіць другія тамбурныя дзверы. Неабходна правільна падбіраць магутнасць ацяпляльнага абсталявання і сачыць за ўзроўнем тэмпературы ў пакоях (у памяшканнях, якія не ацяпляюцца, — зніжаць градус), параілі спецыялісты.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.