Традыцыйна 22 чэрвеня адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні памятнай даты прэзентавалі кнігу «Аб генацыдзе беларускага народа», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» пад агульнай рэдакцыяй генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук Андрэя ШВЕДА.
— Ужо больш за год органамі пракуратуры Рэспублікі Беларусь працягваецца расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. На сённяшні дзень у рамках расследавання дапрошана больш як 14500 сведкаў, большая частка з якіх — былыя вязні канцэнтрацыйных лагераў. Праведзены тысячы аглядаў, у тым ліку і месцаў здарэнняў, у ходзе якіх намі ўстаноўлена больш за 500 раней невядомых месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў. На жаль, з моманту пачатку расследавання папоўніўся істотна і спіс населеных пунктаў, якія былі знішчаны ў гады акупацыі, і цяпер гэтая лічба складае больш за 9500, — распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Сяргей ШЫКУНЕЦ. — Сур’ёзную дапамогу ў расследаванні справы аказваюць прадстаўнікі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судмедэкспертыз, Міністэрства абароны, супрацоўнікі архіваў, гісторыкі. Без іх дапамогі мы б не справіліся з такім вялікім пластом інфармацыі, якую патрэбна было вывучыць і прааналізаваць. Вынікі расследаванай справы, якія на сённяшні дзень ужо маем, і леглі ў аснову стварэння кнігі. Хачу вам сказаць адзінае, што ў гэтым выданні — тая адзіная і сапраўдная праўда, заснаваная непасрэдна на матэрыялах крымінальнай справы, на аналізе дакументаў, якія мы маем.
У гады нацысцкай акупацыі на тэрыторыі нашай краіны нямецка-фашысцкімі захопнікамі было створана звыш 500 месцаў прымусовага ўтрымлівання і знішчэння насельніцтва; забіта не менш за 3 мільёны мірных жыхароў і ваеннапалонных (загінуў кожны трэці беларус); сагнана ў нямецкі палон каля 380 тысяч чалавек, многія з якіх загінулі ад нясцерпных умоў эксплуатацыі; разбурана больш за 200 гарадоў; спалена больш за 9500 вёсак і паселішчаў. У кнізе сабраны матэрыялы, якія дэманструюць сапраўдныя планы нацысцкай Германіі па татальным знішчэнні і заняволенні беларускага народа. Таксама там можна знайсці безагаворачныя даныя пра факты масавага знішчэння насельніцтва БССР, у тым ліку архіўныя дакументы. У кнізе маюцца раздзелы па абласцях, а таксама ў ёй прысутнічаюць фотатабліцы месцаў падзей, з рэальных раскопак.
— Скажу, што Інстытут гісторыі таксама ў пэўнай меры мае дачыненне да гэтага. Бо матэрыялы дадзенай кнігі паступалі да нас і нашы гісторыкі Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі актыўна з імі працавалі. І было некалькі рабочых сустрэч для таго, каб многія моманты, якія ўжо апублікаваны, сталі агульнадаступнымі і каб яны абапіраліся на дакументальныя крыніцы, — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вадзім ЛАКІЗА. — Тое, што гэтае выданне вельмі запатрабаванае, неабходнае, нават не выклікае сумненняў. Бо тая вялікая работа, якая праводзіцца з канца 2020 года і працягваецца дагэтуль, яна аб’ядноўвае каласальныя сілы спецыялістаў. І тая колькасць новых дакументаў, што выяўляюцца сёння, часам проста здзіўляе нават тых людзей, якія ўжо шмат ведаюць у гэтай тэме. Хоць работа яшчэ толькі на пачатковым этапе. І хачу анансаваць, што пад эгідай Генеральнай пракуратуры і Нацыянальнай акадэміі навук рыхтуецца да выхаду ў свет навукова-даследчая работа «Генацыд беларускага народа: гісторыка-прававы аспект». У ёй знайшлі адлюстраванне як гістарычныя моманты, так і пытанні, звязаныя з прававым аспектам, што неабходна і важна. На жаль, сёння цяжка бывае атрымаць доступ да архіваў у іншых краінах, каб ва ўсёй паўнаце сабраць і паказаць гістарычную праўду.
Выданне «Аб генацыдзе беларускага народа» будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў — як для гісторыкаў, навуковых і музейных супрацоўнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў, так і для кожнага, хто мае інтарэс да нацыянальнай гістарычнай спадчыны Беларусі.
— Мы рыхтавалі згаданую кнігу да друку. У ёй кожны абзац — гэта літаральна спасылка на матэрыялы крымінальнай справы альбо архіў. Важна і тое, што інфармацыя ў ёй прадстаўлена на дзвюх мовах (рускай і англійскай), што пашырае ў чытачоў магчымасць азнаёміцца з нашым пунктам гледжання. Чытаць такія кнігі заўсёды складана. Пасля нават спаць не можаш, бо перад вачамі стаяць гэтыя гісторыі, — падзялілася галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Ларыса ЯЗЫКОВІЧ. — Па матэрыялах кнігі мы з Міністэрствам інфармацыі падрыхтавалі перасоўную выстаўку, якая таксама наглядна распавядае аб генацыдзе беларускага народа. Яе мы цяпер паказваем у раённых і абласных гарадах нашай краіны ў рамках рэспубліканскай акцыі, дзе сустракаемся з людзьмі і назіраем, што інтарэс да выдання ў грамадстве надзвычай вялікі. Думаю, работа над такімі выданнямі будзе працягнута, бо настаў час даведацца ўсё.
Алена ДРАПКО
Фота аўтара
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?