Вы тут

Дзеці ў вадзе. МНС і МУС узмацінілі кантроль за вадаёмамі ў Гомельскай вобласці


Фотаўспаміны пра летні адпачынак у сацыяльных сетках стракацяць здымкамі ў модным ракурсе. Фатограф пакідае ў кадры сваю руку, з якой не выпускае далонь роднага чалавека, знятага са спіны. Прапаную гэтым летам усім бацькам малалетніх дзяцей падчас чарговага адпачынку каля вадаёма зрабіць такое фота са сваім дзіцем. Няхай здымак з бясцэннай далонькай у руцэ, як праваднік, давядзе да свядомасці адну з галоўных запаведзяў ад ратавальнікаў — не адпускай дзіця ў вадзе далей, чым на адлегласць выцягнутай рукі. Мамы і таты з Жыткавіцкага, Пухавіцкага, Мастоўскага, Светлагорскага раёнаў, на жаль, такіх кадраў са сваімі дзецьмі ўжо ніколі не зробяць.


Вера, што знойдуць жывымі

На Гомельшчыне за тыдзень у Прыпяці і Бярэзіне патанула двое дзяцей. Дзяўчынкі 8 і 4 гадоў. У абодвух выпадках вада забрала іх, калі бацькі былі побач, але прыбралі тую самую «руку з кадра». Дарослыя адпачывалі на беразе, дзеці засталіся на некаторы час без нагляду.

У Жыткавіцкім раёне каля вёскі Хваенск у момант трагедыі жанчына пайшла ў палатку ўкладваць спаць двухгадовага сына. Дочкі 9 і 8 гадоў засталіся каля ракі адны. Калі маці вярнулася, малодшай ужо не было. Пазней яе знайшлі вадалазы.

У Светлагорску, па словах бацькі, чатырохгадовая дачка адышла з-за натуральнай патрэбы ў кусты. Праз некаторы час мужчына ўспомніў, што малая не вярнулася, пачаў шукаць. На жаль — не паспеў. Вадалазы абласнога пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада МНС знайшлі дзіця на глыбіні двух метраў і на адлегласці 10 метраў ад берага. Трагедыя здарылася ў месцы, не абсталяваным для купання. Высветліцца таксама, што некалькі гадзін бацька разам з сябрамі самастойна шукаў дзяўчынку, якая, як яны лічылі, згубілася ў кустах. Пачуўшы, што шукаюць дзіця, падняла трывогу і выклікала ратавальнікаў зусім старонняя жанчына.

Надзея, што пачуюць

Пасля трагічных выпадкаў з дзецьмі ў Гомелі прайшло экстраннае пасяджэнне абласной камісіі па справах непаўналетніх. Старшыня камісіі, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў заклікаў узяць пад строгі кантроль бацькоў, якія прыводзяць дзяцей у месцы, забароненыя для купання і ўжываюць там алкаголь. У вобласці заклікаюць усіх, хто бачыць падобнае, паведамляць аб гэтым у міліцыю.

— Калі бацькі прывялі дзіця купацца ў забароненае для купання месца, яны не проста парушылі правіла, але паставілі пад пагрозу яго жыццё і здароўе. Гэта дастатковая падстава для прызнання, што дзеці ў такой сям'і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — растлумачыў пазіцыю органаў улады намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Яўген Міткевіч.

Вельмі сур'ёзны праступак, калі бацькі каля вады ўжываюць алкаголь, і тут жа знаходзяцца іх дзеці. Супрацоўнікі міліцыі будуць неадкладна інфармаваць органы апекі і папячыцельства аб фактах знаходжання непаўналетніх з дарослымі ў нецвярозым стане.

— Для сацыяльных органаў і праваахоўнікаў цяпер не будзе прынцыповай розніцы, дзе бацькі на вачах у дзяцей ужываюць алкаголь — у кватэры або на прыродзе, — дадаў Яўген Міткевіч.

Сёлета на Гомельшчыне 170 праваахоўнікаў штодня выходзяць на патруляванне месцаў масавага адпачынку каля вады — як прызначаных для купання, так і забароненых. З пачатку сезона яны ўжо зафіксавалі каля дзвюх тысяч парушэнняў: траціна з іх — ужыванне алкаголю, каля 700 фактаў — купанне ў неўстаноўленых месцах.

Кожны дзень абыходзяць «дзікія пляжы» і ратавальнікі. Рэйды па вадаёмах, дзяжурствы на пляжах, прафілактычныя гутаркі з людзьмі, авіяцыйны маніторынг берагоў — усё гэта дзеля таго, каб папярэдзіць трагедыі на вадзе.

Любоў, што выратуе

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Павел Новік звяртае ўвагу на тое, што рызыкоўныя паводзіны бацькоў з дзецьмі падчас адпачынку на вадаёмах не заўсёды звязаныя з ужываннем спіртнога.

— Для бяды дастаткова некалькі секундаў. Бацькі павінны цвёрда разумець, што калі яны прыходзяць на пляж з дзецьмі, то гэта для іх не адпачынак, але пільная, бесперапынная работа па наглядзе за кожным дзіцем, — падкрэсліў Павел Новік і адзначыў, што ў рэгіёне ўсе выпадкі ўтаплення дзяцей адбыліся з-за адсутнасці нагляду за імі.

Гібель чатырохгадовай дзяўчынкі ў Светлагорску вымушае задумацца вось яшчэ над чым. У той дзень малая павінна была быць у дзіцячым садку, але засталася з маці, якая ў дэкрэтным водпуску. Дарослыя, калі ідуць на вадаём з некалькімі дзецьмі, абавязаныя ўзважваць свае сілы: ці здольныя яны гарантаваць бяспеку ўсім?

Упраўленне адукацыі ў найбліжэйшы час таксама распрацуе памяткі аб правілах паводзін каля вадаёма. У іх папярэдзяць пра небяспеку кругоў і матрацаў, дзецям да 10 гадоў парэкамендуюць купацца ў надзіманых камізэльках ці нарукаўніках.


«Чэк-ліст» забароненага адпачынку

За купанне ў забароненых месцах пагражае штраф да 96 рублёў. Калі такое купанне адбылося яшчэ і ў стане алкагольнага ап'янення, то штраф вышэйшы. За ўжыванне алкагольных напояў на пляжы — санкцыя да 256 рублёў. За паўторнае падобнае парушэнне пакаранне павялічваецца да 480 рублёў, можа быць прыменены і адміністрацыйны арышт.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС і УУС Гомельскага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.