Вы тут

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух


Валанцёрства дапамагае развіць у моладзі эмпатыю і пачуццё салідарнасці, сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі, вучыць рабоце ў камандзе. У гэтым на сваім вопыце пераканаліся і працягваюць пераконвацца педагогі і навучэнцы Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. У гэтай установе адукацыі Гомельшчыны амаль чвэрць стагоддзя развіваюць валанцёрскую дзейнасць. Яны сталі першаадкрывальнікамі маладзёжнага валанцёрства ў Жлобінскім раёне і аднымі з першых, хто вёў такую работу з падлеткамі ў рэгіёне. Сёння тут распрацоўваюць уласныя праекты і дзеляцца сваімі напрацоўкамі з іншымі ўстановамі адукацыі краіны.


Крок насустрач

— Самае галоўнае, што сёлета ўжо 25 гадоў, як у нас не спыняецца валанцёрскі рух, — радуецца за родны каледж, сябе і калег педагог Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, кіраўнік валанцёрскага атрада «Усход» Алена Анісковіч. — Калі мы пачалі, то арыентаваліся на тое, што нашы навучэнцы змогуць прапанаваць, што шчыра падтрымаюць і якая валанцёрская дапамога ад моладзі ўвогуле неабходная ў нашым раёне.

Работу з маладымі людзьмі з інваліднасцю ў каледжы пачалі яшчэ ў 1999 годзе. Заручыліся падтрымкай Жлобінскай першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Перад новым годам арганізавалі першую акцыю «Чароўныя Каляды» для амаль ста ўдзельнікаў. Яна праходзіць і па сённяшні дзень.

— Падчас акцыі ў кожнай навучальнай групе адбываюцца куратарскія гадзіны «Крок насустрач», праводзім конкурс паміж групамі на самае лепшае навагодняе афармленне актавай залы і ўсіх памяшканняў, дзе праходзяць мерапрыемствы. Акрамя таго, нашы навучэнцы ў сталовай самі пякуць кулінарную прадукцыю, рыхтуюць салодкі стол. Запрашаем дзяцей-інвалідаў, маладых людзей з інваліднасцю з усяго раёна. На сабраныя сродкі купляем падарункі для кожнага запрошанага, сувеніры для ўдзельнікаў. Дзецям-інвалідам, якія па стане здароўя не маюць магчымасці прыехаць на свята, падарункі дастаўляем на дом, — звяртае ўвагу намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Алена Кананкова.

Па словах Алены Аляксееўны, вельмі важна, што ў падрыхтоўцы і арганізацыі свята заўсёды бяруць удзел усе навучальныя групы і работнікі каледжа. Узначальваюць гэту работу вучнёўскі прафкам і валанцёрскі атрад. Рыхтуюцца да акцыі і дзеці-інваліды, і маладыя людзі з інваліднасцю: афармляюць творчую выстаўку.

Навучанне валанцёрству

На працягу многіх гадоў жлобінскія педагогі і іх навучэнцы падтрымліваюць гуманітарны адукацыйны праект раённай першаснай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам», які датычыцца паляпшэння доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю. Юнакі і дзяўчаты — валанцёры — вучацца ўзаемадзеянню з маладымі людзьмі з інваліднасцю, праводзяць творчыя і інфармацыйныя сустрэчы, экскурсіі, сумесна арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы.

Так валанцёрскі атрад каледжа «Усход» разам са Жлобінскай раённай асацыяцыяй дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў рэалізоўвалі мясцовую ініцыятыву «Калі мы адзіныя — праблемы вырашальныя». Вельмі добрыя водгукі атрымаў навучальны трэнінг «Я хачу быць валанцёрам». Падчас яго навучэнцы каледжа асвоілі першасныя навыкі аказання дапамогі маладым людзям з інваліднасцю.

— У рамках другой мясцовай ініцыятывы — «Мы разам» — нашы валанцёры праводзілі навучальныя заняткі па камп’ютарнай пісьменнасці, — дадае Алена Кананкова. — Спачатку вучылі людзей з інваліднасцю выконваць самыя простыя заданні: стварыць дакумент, набраць тэкст, паменшыць ці павялічыць памер шрыфта, пабудаваць табліцу, а паступова сталі даваць задачы больш складаныя. Прапаноўвалі, напрыклад, зрабіць аб’яву аб пошуку сабакі. Для многіх падапечных было цяжкавата, але яны справіліся. Спрабавалі зрабіць рэкламу для кветкавай крамы і кавярні нашага горада.

Ёсць у валанцёраў каледжа і вопыт удзелу ў мясцовай ініцыятыве Жлобінскай раённай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «МастерОК». Удзельнікі атрада «Усход» праводзілі заняткі па сталярнай справе. Дапамагалі падапечным там, дзе гэта было неабходна. Але і самі госці каледжа паказалі ўменне працаваць на станках, карыстацца прыладамі, у тым ліку і электрычнымі. Майстар навучання, які кантраляваў працэс сумеснай работы, застаўся вельмі задаволены.

Калі ўсвядомлена

Сёння ў валанцёрскім атрадзе «Усход» Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа 20 актывістаў. Але валанцёрскай працай займаюцца тут усе. Як зазначае кіраўнік атрада педагог Алена Анісковіч, больш за 150 навучэнцаў бяруць удзел у акцыях і мерапрыемствах валанцёрскай накіраванасці.

— Спецыфіка нашай работы ў тым, што ў нас няма магчымасці, як у школе, працаваць з дзецьмі на працягу 11 класаў. Таму сваіх навучэнцаў імкнёмся задзейнічаць у гэту работу з першага курса, — тлумачыць педагог. — У пачатку навучальнага года знаёмім юнакоў і дзяўчат з валанцёрскай працай. Не ўсе дзеці гатовы да яе. На першых занятках навучэнцы, якія цікавяцца валанцёрствам, знаёмяцца адзін з адным, потым — з нашымі падапечнымі, пасля чаго ацэньваюць: ці змогуць займацца такой работай. Бо не кожнаму даросламу лёгка мець зносіны з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, тым больш падлетку. Калі прыходзіць усвядомленае рашэнне, навучэнец прымаецца ў валанцёрскі атрад.

Штомесяц на кожны тыдзень валанцёры выбіраюць для работы адзін з чатырох асноўных праектаў. Сярод іх заняткі дэкаратыўнай творчасцю і вывучэнне народных традыцый, святкаванне хрысціянскіх і дзяржаўных свят. Для падапечных валанцёраў любімы фармат любога мерапрыемства ці сустрэчы — чаяванне і шчырая сяброўская размова.

— З гэтага года мы запусцілі праект «У зямлі нашы карані, у зямлі наша сіла». Вядома, што на тэрыторыі нашай установы адукацыі знаходзіцца ўнікальны ў сваім родзе гадавальнік лекавых і дэкаратыўных раслін. Лекавыя, чайныя і духмяныя (вострыя) травы сваімі сіламі вырошчваюць і даглядаюць навучэнцы і педагогі. Цяпер заахвочваем да гэтай дзейнасці маладых людзей з інваліднасцю. Водгук настолькі добры, што просяцца на заняткі і бацькі нашых падапечных, — падзялілася кіраўнік валанцёрскага атрада «Усход».

Дапамагаць па-рознаму

Жлобінскія валанцёры не абмяжоўваюцца дапамогай людзям з інваліднасцю. Актыўна падтрымліваюць усе сацыяльна і грамадска значныя праекты БРСМ, удзельнічаюць ва ўсіх значных мерапрыемствах, якія праходзяць у Жлобінскім раёне.

— Самі распрацавалі і ўвасабляем у жыццё праект «Бяспечныя канікулы». Нашы навучэнцы праводзяць акцыі па бяспецы жыццядзейнасці. І не толькі на тэрыторыі каледжа, але і на вуліцах горада, актыўна далучаем да акцыі гараджан, — тлумачыць Алена Анісковіч. — Наша задача, у тым ліку праз валанцёрства, — выхаваць маладога чалавека, які будзе гатовы ў дарослым жыцці да працы ў калектыве, камандзе, будзе гатовы ўзаемадзейнічаць з людзьмі рознага ўзросту, розных магчымасцяў. Гэта вельмі важна для моладзі. Праз валанцёрства дапамагаем раскрываць ініцыятыўнасць маладога чалавека, уменне не пасаваць перад цяжкасцямі, вырашаць праблемныя сітуацыі, — дадае кіраўнік валанцёрскага атрада. — Сярод нашых выпускнікоў ёсць такія, хто далей па месцы вучобы і працы працягвае займацца валанцёрствам і дзяліцца вопытам, атрыманым у родным каледжы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Жлобінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.