Вы тут

Энергетыка і ЖКГ будуць гатовыя да зімы строга па графіку. Да форс-мажору — таксама


Бадай, кожны гараджанін нашай краіны штотогод сутыкаецца з праблемай, як перажыць адключэнне гарачай вады. Але такія адключэнні — не проста капрыз камунальмікаў, гэта пытанне працаздольнасці Мінжылкамгаса сумесна з арганізацыямі Міністэрства энергетыкі. Каб якасць нашага жыцця ў халады, якія надыдуць, была на дастаткова высокім узроўні, многім ведамствам трэба дбайна падрыхтавацца летам...


70% — у ліпені. Паказчык нармальны

Як заявіла намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі — начальнік аддзела энергетыкі надзвычайных сітуацый Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана Цімошкіна, узровень выканання падрыхтоўчых работ да ацяпляльнага сезона ў іх ведамстве ўжо складае каля 70 %. «Яшчэ ў красавіку 2022 года была падрыхтавана рабочая праграма па выкананні асноўных відаў работ падрыхтоўкі аб’ектаў ЖКГ да работы ў асенне-зімовы перыяд на 2022—2023 гады. У адпаведнасці з ёй мы і распачалі падрыхтоўку», — распавяла спецыяліст.

За першае паўгоддзе ў сістэме ЖКГ выкананы работы па выпрабаванні абсталявання амаль 2,5 тысячы кацельняў, 10,6 тысячы кіламетраў цеплавых сетак, прафесіянальны агляд абсталявання 2273 кацельняў і 1026 цэнтральных цеплавых пунктаў. Заменена 180,6 кіламетра цеплавых сетак. Таксама перакладзена 150,8 кіламетра сетак водазабеспячэння і 57,8 кіламетра сетак каналізацыі, адрамантавана 419 артэзіянскіх свідравін. Выкананы прафрэмонт сістэм ацяплення 29 тысяч жылых дамоў, 25 тысяч цеплавых пунктаў. У жылфондзе адрамантавана 225 тысяч пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў і 538 тысяч квадратных метраў дахаў.

Поўная гатоўнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі да работы да маючага адбыцца асенне-зімовага перыяду будзе забяспечана ва ўстаноўленыя тэрміны, перакананая эксперт.

Святлана Цімошкіна адзначыла, што арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі напярэдадні маючага адбыцца асенне-зімовага перыяду рыхтуюць не толькі цеплавую гаспадарку, але і водаправодна-каналізацыйны, а таксама жыллёвы фонд, які знаходзіцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ.

Паводле слоў Святланы Цімошынай, містэрствам ажыццяўляецца штотыднёвы кантроль па 13 асноўных паказчыках: замена і капрамонт катлоў, замена цеплавых сетак і стварэнне запасаў драўнянага паліва. Таксама праводзіцца прафілактычны рамонт сістэм ацяплення жылых дамоў, цеплавых пунктаў, рамонт стыкаў, дахаў і іншае. У гэты час ажыццяўляецца штомесячны кантроль па больш чым 60 паказчыках: работы па выпрабаванні абсталявання кацельняў цеплавых сетак і прафілактычны рамонт абсталявання кацельняў і цэнтральных цеплавых пунктаў, прафілактычны агляд рамонту водаправодных і каналізацыйных сетак і збудаванняў на іх, рамонт электраабсталявання жылых дамоў і печаў, паверка прыбораў уліку і гэтак далей.

Спецыяліст звярнула ўвагу на тое, што згаданыя мерапрыемствы гарантуюць надзейнае і бесперабойнае цеплаводазабеспячэнне жылога фонду, а таксама забеспячэнне функцыянавання ўсёй інфраструктуры гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў у ацяпляльны перыяд.

Да пачатку сезона будуць усе пашпарты гатоўнасці

Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Дзяржэнергагазнагляда» Дзмітрый Ласянкоў, напярэдадні сезона будзе аформлена каля

30 тысяч пашпартоў гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду і амаль 10,3 тысячы пашпартоў гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц. Па стане на 15 ліпеня ўжо зарэгістравана 14 % пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 10 % пашпартоў па цеплакрыніцах.

Калі браць арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цяпер зарэгістравана ўжо больш за 5 % пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 17 % па пашпартах гатоўнасці цеплакрыніц. «Мы ідзём наперадзе на некалькі працэнтаў у параўнанні з паказчыкамі мінулага года. Цяпер спецыялісты «Дзяржэнергагазнагляда» абследуюць паднаглядныя аб’екты па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду», — дадаў спецыяліст.

Пры абследаванні аб’ектаў ЖКГ асаблівая ўвага аддаецца кантролю за выкананнем работ па тэхнічным абслугоўванні, рамонце, выпрабаваннях абсталявання цеплавых сетак і інжынерных камунікацый. Акрамя таго, ацэньваецца працаздольнасць запорнай і рэгулюючай арматуры абсталявання і трубаправодаў, наяўнасць ізаляцыйнага пакрыцця на трубаправодах і іншым абсталяванні сістэм цепласпажывання і гарачага водазабеспячэння.

Асобна праводзіцца работа ў рамках падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду па кантролі за аднаўленнем пашкоджаных кабельных ліній і спажывецкіх кабельных ліній, якія знаходзяцца на балансе суб’ектаў гаспадарання.

Да форс-мажорных абставін — гатовыя

Энергетыкі да ацяпляльнага сезона замянілі больш за 76 кіламетраў цеплавых сетак. Першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Уладзімір Баброў адзначыў, што аб’екты энергетыкі паспяхова рыхтуюцца да асенне-зімовага перыяду і абавязкова забяспечаць надзейнае электра- і цеплазабеспячэнне спажыўцоў сваей краіны.

Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу на тое, што падведамасныя арганізацыі гатовыя да любога развіцця сітуацыі. Так, завяршаюцца работы па стварэнні запасаў топачнага мазуту; плануецца нарыхтаваць 300 тысяч тон гэтага паліва.

— Сёння у нашых рэзервуарах захоўваецца больш за 270 тысяч тон мазуту. Ён забяспечвае рэзервовае выкарыстанне паліва ў выпадку якіх-небудзь абмежаванняў альбо сітуацый з прыродным газам, што выкарыстоўваецца як асноўнае паліва. Рэалізоўваецца план па папярэджанні розных надзвычайных сітуацый (пажараў і іншых), які ўключае 51 мерапрыемства. Камісіямі ўжо правераны сістэмы пажарнай аўтаматыкі, дымавыдалення, аб’екты супрацьпажарнага водазабеспячэння, каб усё гэта працавала як мае быць», — сказаў прадстаўнік «Белэнерга».

Работы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду выконваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі, адзначыў ён. У цэлым па краіне капітальны рамонт павінен прайсці на больш чым 20 энергетычных катлах, 14 турбінах, 6 вадагрэйных і 4 паравых катлах. Таксама рыхтуецца да работы ў перыяд халадоў і электратэхнічнае абсталяванне. Усяго запланаваны капітальны рамонт 20 генератараў, 10 сілавых трансфарматараў, а таксама комплексны рамонт 169 падстанцый напружаннем 35-110 кВ. Работы вядуцца і на лініях электраперадачы — амаль 10 тысяч кіламетраў ЛЭП ужо капітальна адрамантаваная, а гэта 43 % ад гадавога плана.

Да маючага адбыцца асенне-зімовага перыяду сфарміравана 1,4 тысячы падраздзяленняў для выканання аварыйна-аднаўленчых работ агульнай колькасцю больш за 7 тысяч чалавек. Яны ў поўным аб’ёме ўкамплектаваны сродкамі аховы, неабходнымі матэрыяламі і інструментамі. На балансе энергазабеспячальных арганізацый знаходзіцца 186 дызельных электрастанцый. Адпрацаваны парадак дзеянняў аператыўных груп ва ўмовах узнікнення парушэнняў энергазабеспячэння з-за нізкіх тэмператур. Праводзяцца проціаварыйныя трэніроўкі.

Газ — прадукт сур’ёзны і зручны

Газазабеспячальныя арганізацыі праверылі тэхнічны стан 388 тысяч адзінак абсталявання напярэдадні ацяпляльнага сезона, рассказаў падчас прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Белпалівагаз» Дзмітрый Шаўлоўскі.

На самай справе, штогод «Белпалівагаз» распрацоўвае комплексы мерапрыемстваў і задач, гэтым разам — на 2022—2023 гады, у якім улічаны ўсе пытанні папярэдняга ацяпляльнага сезона. «Цяпер ідзе планамерная работа камісіі па кантролі і ўліку мерапрыемстваў, якія выконваюцца, па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду. Па рамонце і рэканструкцыі абсталявання газаразмеркавальных сетак і газавыкарыстальнага абсталявання за 6 месяцаў 2022-га праведзены праверкі тэхнічнага стану амаль 400 тысяч адзінак абсталявання», — заўважыў Дзмітрый Шаўлоўскі.

Сёлета таксама праведзена адключэнне газавыкарыстальнага абсталявання з арганізаваным адводам прадуктаў згарання ў 4,4 тысячы кватэр. У 43 % выпадкаў прычына адключэння — парушэнне правілаў карыстання газам у быце, 11 % — адсутнасць акта праверкі тэхнічнага стану і толькі 5 % — няспраўнасць дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Па рамонце і замене асноўнага абсталявання на газаразмеркавальнай сістэме ўсе работы выконваюцца ў планавым аб’ёме і праблем не назіраецца, адзначыў спецыяліст. Што датычыцца прадпрыемстваў, якія займаюцца пастаўкай цеплавой энергіі ў пэўных аб’ёмах па населеных пунктах, то па катлах, артэзіянскіх свідравінах, рамонце цеплаабменнікаў, трансфарматараў, ліній электраперадачы, цеплавых камер і цеплавых сетак работы таксама вядуцца ў планавым парадку, ужо выканана 70 % ад запланаванага аб’ёму. Па забеспячэнні тарфяной паліўнай прадукцыі за першае паўгоддзе 2022 года аб’ём вытворчасці тарфяных брыкетаў склаў 394 тысяч тон, што складае 110 % да плана і 111 % да аналагічнага перыяду мінулага года.

Па словах намесніка дырэктара, запланавана вырабіць 1,29 мільёна тон паліўнай прадукцыі, што на 9 % перавышае паказчыкі аналагічнага перыяду мінулага года. «Усе прадпрыемствы «Белпалівагаза» будуць гатовыя да ацяпляльнага сезона 2022—2023 гадоў», — дадаў Дзмітрый Шаўлоўскі.

Ваду адключаюць на 13 дзён, і не больш

Вернемся да адключэння гарачай вады. Як адзначыла Святлана Цімошкіна, літаральна яшчэ да 2021 года ў нас у краіне тэрміны адключэння гарачай вады складалі 14 дзён. 3 прыняццем новай рэдакцыі Правілаў цеплазабеспячэння яны скараціліся да 13 дзён. У працэсе падрыхтоўкі дакумента (правілаў) абмяркоўвалася пытанне скарачэння работ да 10 дзён, але не было падтрымана ў тым ліку калегамі камунальнікаў з энергетыкі, улічваючы вялікі аб’ём работ, які неабходна выканаць.

Прадстаўнік Мінжылкамгаса дадала, што працягласць адключэння гарачай вады звязаная з тэхналагічным працэсам. Спачатку яе астуджваюць і зліваюць з труб, потым выконваюць неабходныя па рэгламенце работы, a потым зноў напаўняюць трубы і награваюць ваду.

«Адключэнне не залежыць ад кагосьці аднаго. Мы выконваем комплексны падыход: сумяшчаем работы як энергетычных службаў, так і камунальных, якія ажыццяўляюць праверку і настройку свайго абсталявання, што забяспечвае функцыянаванне сістэм ацяплення», — пацвердзіў словы калегі першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДВА «Белэнерга» Уладзімір Баброў.

Энергетыкі ў гэты час у тым ліку мяняюць цепласеткі, шукаюць найбольш уразлівыя ўчасткі і перакладваюць трубы там, а яшчэ робяць планавую замену старых. Уладзімір Баброў расказаў, што падчас адключэння гарачай вады праводзіцца праверка труб на цэласнасць пры дапамозе высокага ціску, потым робіцца праверка ўсіх выкананых работ, запаўненне труб і падключэнне. «У пачатку 2000-х мы і на 21 дзень адключалі, і на месяц», — нагадаў спецыяліст.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.