Вы тут

З імкненнем да ўдасканалення: свята праваслаўя ў Заслаўі


Агульная малітва пад адкрытым небам ля сцен храма — гэта адметнасць вялікага свята, што павінна аб’ядноўваць. І ёсць у гэтым нейкая першаснасць, зварот да найстаражытных часоў, калі хрысціянства толькі праходзіла ў жыццё нашых далёкіх продкаў. Менавіта гісторыя прывяла ў старажытны горад Заслаўе гасцей урачыстасцяў у гонар 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях.


З раніцы вернікі збіраліся на богаслужэнне на пляцоўцы кафедральнага сабора Праабражэння Гаподня ў Заслаўі, горадзе, які быў заснаваны ў 985 годзе і атрымаў назву па імені Ізяслава, сына Кіеўскага князя Уладзіміра, памяць якога адзначаецца 28 ліпеня. Вось чаму ў гэты дзень адбываецца адно са святаў у гонар 1030 праваслаўя ў Беларусі. Заснаваўшы горад, Уладзімір быў ужо хрысціянінам, а яго былая жонка, колішняя Полацкая кнёзёўна Рагнеда з сынам накіраваліся на радзіму. Лёс распарадзіўся так, што яны сталі носьбітамі наовай веры, якая прыходзіла да іх землякоў. Пра тыя часы нагадвае сёння хіба што Замэчак — месца ў Заслаўі, дзе калісьці быў дзяцінец. Падчас святкавання 1000-годдзя праваслаўя на беларускіх землях тут з’явіўся каменны крыж. Пазней цэнтр жыцця ў Заслаўі змяніўся, у ХІ стагоддзі ён быў менавіта там, дзе цяпер знаходзіцца храм Праабражэння Гасподня. Гісторыя Заслаўскай царквы вельмі няпростая, яна адлюстроўвае этапы развіцця культуры Беларусі: у розныя часы будынак належыў прадстаўнікам розных канфесій. А ў ХХ стагоддзі перажыў шмат драматычных момантаў ад закрыцця, пажару і аднаўлення. З кастрычніка 2014 года ў сувязі з утварэннем новых праваслаўных епархій Спаса-Праабражэнскі храм атрымаў статус кафедральнага сабора Мінскай епархіі. Змяніўся і тытул правячага епіскапа епархіі і прадстаяцеля Беларускай праваслаўнай царквы — мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, патрыяшры экзарх усяе Беларусі.

— Апошнія 30 гадоў можна праілюстраваць лічбамі, — адзначыў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. — Напрыклад, была адна епархія, а стала 15 епархій. Быў адзін Жыровіцкі манастыр, а на сённяшні дзень у нас 36 манастыроў. Больш за 1780 прыходаў на беларускіх землях. Больш за 100 храмаў знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. І гэтага недастаткова. Будзем улічваць патрэбы, зыходзячы з абставін жыцця таго ці іншага населенага пункта, горада, каб людзі адчувалі сябе зручна ў храме Божым.

Сапраўды, гісторыя шмат чаму вучыць, але галоўнае — што наш народ захаваў веру, якая дапамагала пераадольваць цяжкасці. І тыя, хто праяўляў асаблівую стараннасць на сваім жыццёвым шляху, дасягалі святасці. Іх праца стала ўнёскам у духоўную спадчыну беларускай зямлі. Паводле мітрапаліта Веніяміна, гэта галоўны плён 1030-гадовай гісторыі. А з сучасным чалавекам трэба размаўляць сучасным чынам, на зразумелай яму мове — важна, каб слова Божае было пачута.

Нездарма ў царкоўных песнапеннях сённяшняга свята роўнаапослальнага князя Уладзіміра называюць другім Паўлам. Мы ведаем з гісторыі, што святы апостал Павел (Саўл) быў ганіцелем хрысцін. Але Гасподзь заклікаў яго на працу прапаведніка Евангелля. Таксама і святы князь Уладзімір. У «Аповесці мінулых гадоў» Нестара Летапісца ёсць сведчанне, што калі ён быў паганцам, то жыў у жарсцях. Быў жорсткім чалавекам і здзейсніў шмат грахоў да таго моманту, калі ў яго сэрца прыйшла вера, якая аго змяніла. Хрысціўшыся сам, ён прывёў да веры хрыстовай славянскія плямёны, аб’яднаныя вакол Кіева. Пра тыя падзеі нагадалі падчас пропаведзі, якая гучала па-беларуску:

— Мы ведаем гэтую гісторыю, спачатку трагічную — як Рагнда была сілай узятая і потым жыла з думкай адпомсціць і як хацела нажом забіць свайго мужа. І як іх дзіця — Ізяслаў — заступіўся за маці і прасіў бацьку адкрыць свае вочы і праявіць міласць. Тут у старажытным Заслаўі — адна з калысак праваслаўя на нашай беларускай зямлі, гэтаксама як і Полацк, гэтаксама як і Тураў, як і Гродна і іншыя мясціны. Як Усход Беларусі, дзе ў зямлі радзімічаў і па сёння захоўваецца мясціна, якую звязваюць з хрышчэннем Русі пры святым князі Уладзіміры — маецца на ўвазе Сінекалодзеж. Усе гэтыя мясціны сведчаць, што застаўся запавет святога князя Уладзіміра аб богапазнанні, запавет аб захаванні веры і яе перадачы нашым дзецям і ўнукам з пакалення ў пакаленне, як і запавет аб тым, каб мы духоўна ўдасканальваліся і ўваходзілі ў Божую славу. Многія падзеі нашай гісторыі вучаць нас быць мірнымі, адзінадумнымі, выконваць запаведзі святога Евангелля. Памяць пра святога князя Уладзіміра заклікае нас да духоўнага ўдасканалення.

Святкаванне ў Заслаўі — не апошняе, якое адбываецца ў Беларусі ў памяць пра заснаванне першай у Беларусі Полацкай епархіі. Працягам урачыстасцяў стане богаслужэнне ў гонар Мінскай іконы Божай маці, якое адбудзецца 26 жніўня ў сталіцы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.