Вы тут

Лукашэнка: «Трэба больш актыўна працаваць і глядзець, што ў нас атрымаецца»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў селекцыйна-насенневодчы комплекс Навукова-практычнага цэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве, дзе азнаміўся з эксперыментальнымі палямі. Таксама кіраўнік дзяржавы пагутарыў з вучонымі і даведаўся аб перспектыўных сартах культур, якія ўжо паспяхова вырошчваюцца. Ішла размова і аб тым, дзе трэба нарасціць аб’ёмы, а пад якую культуру адвесці меншую плошчу, каб у выніку атрымаць добры ўраджай.


Адной з першых беларускі лідар закрануў тэму апрацоўкі бабовых. Разам са спецыялістамі было абмеркавана, што больш выгадна вырошчваць: лубін, сою або люцэрну? Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на лубін (гэтая культура багатая на бялок, таму вельмі важная ў рацыёне жывёл) і пацікавіўся, якія ўмовы неабходныя, каб атрымаць добры ўраджай. Таксама кіраўніку дзяржавы расказалі аб асаблівасцях вырошчвання люцэрны і соі. Праўда, калі апошняя не вырасце, вялікай бяды ў гэтым не будзе. Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Фёдар Прывалаў, сою цалкам могуць замяніць прывычныя для беларусаў культуры: напрыклад, гарох, які з’яўляецца непатрабавальнай культурай і славіцца куды большай ураджайнасцю. 

Аднак гэта не нагода не спрабаваць нешта новае. У прыватнасці, на эксперыментальным полі Прэзідэнта ў наступным годзе пасеюць найлепшыя сартыі лубіну, гароху і сланечніку — для таго, каб зрабіць высновы, наколькі патрэбная нам тая ці іншая культура. 

Ёсць новае — гаварыце аб гэтым 

Перш чым выслухаць даклады па тэме сустрэчы, Прэзідэнт звярнуўся да журналістаў і расказаў, што апошнім часам паступае шмат зваротаў ад насельніцтва з просьбай наведаць той ці іншы раён — усе настойваюць, каб да іх прыехаў кіраўнік дзяржавы. Прычын для гэтага шмат, яны розныя. Аднак калі глядзець аб’ектыўна, Прэзідэнт не можа, проста не паспее пабываць усюды. «Напэўна, не зусім правільна, калі я буду матацца па ўсіх кропках без выбару, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я еду туды, дзе можна ўбачыць нешта новае». 

Ён прывёў у прыклад нядаўнюю паездку ў Мядзельскі раён, дзе кіраўніку дзяржавы паказалі, як стварыць гаспадарку з нуля, як уцягваць у абарот закінутыя землі. Расказаў і пра будучы візіт у Крупскі раён, дзе адраджаюцца цэлыя раёны — за кошт тых гаспадарак, якія маюць патрэбу ў корме. «Калі нешта ёсць новае, трэба аб гэтым гаварыць, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Не для таго, каб толькі мне паглядзець, а для таго, каб гэта ўкараняць і асвойваць у краіне».

Гаворачы пра Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве, беларускі лідар падкрэсліў, што гэтаму прадпрыемству можа пазайздросціць любая дзяржава ў свеце. 15 структурных падраздзяленняў цэнтра ажыццяўляюць селекцыю азімага жыта, пшаніцы, трыцікале, ячменю, аўсу, крупяных, зернебабовых і крыжакветных культур, шматгадовых траў. Вучоныя цэнтра праводзяць даследаванні ў галіне земляводства і расліннаводства, біятэхналогіі і генетыкі, селекцыі і насенневодства, сельскагаспадарчых культур. Адным словам, ёсць чым пахваліцца. 

Кампактна пасеяць — раней сабраць

Кажучы пра ўраджайнасць, Прэзідэнт адзначыў, што ёсць палі, якія сёння выдаюць 90 — 120 цэнтнераў з гектара. Такім чынам, па яго словах, лепш пасеяць менш, галоўнае — каб быў вынік. Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на палегласць палёў і ў сувязі з гэтым паставіў задачу выпрацаваць сарты нізкарослых раслін, устойлівых да палягання. Пры гэтым, апрацоўваючы культуры на палях, важна выконваць тэхналогію. Таксама дзеля добрага ўраджаю варта рацыянальна выкарыстоўваць угнаенні — толькі так, улічыўшы ўсё да дробязяў, можна спадзявацца на добры ўраджай. 

«Гэты і наступны гады павінны быць пераломнымі, калі хочам быць багатымі ў сельскай гаспадарцы», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, па яго словах, нельга забывацца пра дысцыпліну. «Давайце не будзем марнаваць грошы на ўсялякае бязладдзе, а будзем па-сапраўднаму займацца тэхналогіямі», — канстатаваў беларускі лідар. 

Прэзідэнту расказалі пра асаблівасці вырошчвання найбольш перспектыўных культур. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што не задавальняе спецыялістаў падчас апрацоўкі кукурузы. Дырэктар Палескага інстытута расліннаводства Леанід Шыманскі пагадзіўся з кіраўніком дзяржавы, што сёння трэба памяншаць плошчы пасеваў, а звярнуць большую ўвагу на тэхналогію апрацоўкі. Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаюцца аграрыі, — у сувязі з вялікімі аб’ёмамі плошчаў расцягваюцца тэрміны пасеву, у выніку чаго не заўсёды атрымліваецца якасная сыравіна. Прэзідэнт быў максімальна канкрэтны: «Кампактна раней пасеяць — кампактна раней сабраць». Прычым, як сведчаць спецыялісты, гібрыдныя сарты кукурузы дазваляюць пачынаць уборку з поўдня краіны ўжо з 20 жніўня. 

У перспектыве плошчы, часткова вызваленыя ад кукурузы, плануецца выкарыстоўваць пад сланечнік. Прэзідэнт каторы раз звярнуў увагу на тое, што мы вымушаны купляць сланечнікавы алей у той час, як можам самі сябе ім забяспечыць. Прычым выкарыстоўваць сланечнік можна і на сілас. Такім чынам, сланечніку ў Беларусі быць! Гэта задача Прэзідэнта, якая, як вядома, не абмяркоўваецца. Масава садзіць сланечнік ці не — гэта ўжо іншае пытанне, па якім зробяць высновы ўжо ў наступным годзе, калі будзе сабраны ўраджай. 

На думку Прэзідэнта, каб у нечым пераканацца, трэба спрабаваць. Ён нагадаў Хрушчова, з якога ў свой час смяяліся наконт яго наватарства па вырошчванні кукурузы. Аднак меў жа Мікіта Сяргеевіч рацыю: вялікую долю ад усіх кармоў сёння займае менавіта кукуруза. «Калі мы ўбачым, што гэта трэба, гэтаму быць, то мы хутчэй гэта рэалізуем, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Трэба больш актыўна працаваць і глядзець, што ў нас атрымаецца».

Адказна падыходзіць да справы

Зайшла размова і пра азімы ячмень. Прэзідэнт пагаджаецца, культура далікатная, але яна дала сёння ўраджай. Невыпадкова Гомельская вобласць вырашыла ў пяць разоў павялічыць плошчы для ячменю. Гэта акурат той выпадак, калі перш чым рабіць высновы, трэба спрабаваць. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, усюды трэба адказна падыходзіць да справы: прычым у аднолькавай ступені важна ўдзяляць увагу як пасеву, так і ўборцы. 

Паказалі кіраўніку дзяржавы і перспектыўныя гатункі лёну. Сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры па краіне складае 36 цэнтнераў з гектара. Прагнозы добрыя — гэта датычыцца як валакна, так і насення. Пры гэтым адметна, што кожны год нашы вучоныя даюць новы сорт лёну. Прэзідэнт пацікавіўся, у якіх мэтах выкарыстоўваецца алей гэтай культуры і атрымаў адказ, што як мінімум ён запатрабаваны ў харчовай і драўлянай прамысловасці. «Дык ільну быць ці не?» — удакладніў Прэзідэнт. Атрымаўшы станоўчы адказ, кіраўнік дзяржавы адразу анансаваў асеннюю сустрэчу на Аршанскім льнокамбінаце, дзе перспектывы гэтай культуры абмяркуюць больш падрабязна. 

Прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку і новыя кармавыя травяныя культуры, якія пакуль не масава, але высаджваюць на беларускіх палетках. У прыватнасці, Прэзідэнта зацікавілі сорга венічнае і сорга цукровае. Калі першае, у асноўным, выкарыстоўваюць для стварэння венікаў, то цукровае сорга пераважна ідзе на корм жывёлам — па сваёй харчовай каштоўнасці, як паведамілі вучоныя, яно пераўзыходзіць проса. 

Даражэй за золата

Кіраўнік дзяржавы прайшоўся па палях Навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробстве. Прэзідэнту паказалі дэманстрацыйныя палі з лубінам розных сартоў. Увазе Аляксандра Лукашэнкі прадставілі некалькі розных відаў пшаніцы, гароху, рапсу. Вучоныя цэнтра падрабязна расказалі, як вырошчваюцца гэтыя сельскагаспадарчыя культуры. Вучоныя растлумачылі, што сорт культурнай расліны пачынаецца з аднаго коласа. Далей ужо атрыманае насенне высейваецца на дробныя дзялянкі. Далей праз год высейваецца гадавальнік, сабранае насенне высейваецца на 3-5 гектараў. З часам плошча ўгоддзяў паспяховых культур павялічваецца. 

Таксама Прэзідэнт аглядзеў галоўныя аб’екты Навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробстве. Кіраўнік дзяржавы прайшоў па тым жа маршруце, па якім звычайна праходзіць насенне падчас селекцыйнага працэсу. Першы пункт — корпус сепарыравання зерня, тут яно ачышчаецца ад пылу і ўсяго лішняга. «Калі б мы ў свой час закінулі ўсё гэта, як нам прапаноўвалі, нічога не было б сёння», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Наступным пунктам быў унікальны для краіны аб’ект — шматфункцыянальнае сховішча для насення. Дзякуючы спецыяльным панэлям, з якога яно пабудавана, летам і зімой у сховішчы не адбываецца перападу тэмператур, таму насенне тут якасна захоўваецца круглы год. Як заўважыў дырэктар навукова-практычнага цэнтра Фёдар Прывалаў, у Беларусі вырабляць насенне навучыліся і ў гэтым не ўступаюць ніякай краіне свету. «Гэта і мой гонар, што мы захавалі аграрную навуку. І не толькі збожжавае насенняводства і бульбу, а ўсё», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Вучоныя расказалі, што замежныя канцэрны, якія варочаюць мільярдамі долараў на насенным рынку, працуюць як правіла з трыма-чатырма культурамі. Беларускія спецыялісты вядуць селекцыю 38 культур, неабходных для забеспячэння ўсёй краіны. У айчыннай сельскай гаспадарцы беларускія сарты культур займаюць 80 працэнтаў. 

«Гэта найскладанейшая справа. Тое, што мы тут убачылі і паслухалі — гэта найскладанейшая справа. З аднаго каласка... Прывозяць адзін каласок, пачынаюць апрацоўваць і даводзяць да тысяч тон. Гэта даражэй за золата. Людзі павінны разумець, што яны кавалак хлеба купілі ў краме, а хлеб пачынаецца з навукоўцаў і тых дзялянак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнту паказалі і сховішча селекцыйнага матэрыялу. У спецыяльных пластыкавых кантэйнерах захоўваюцца абразцы кожнай культуры. На селекцыйных палях каля 300 гадавальнікаў. Усяго на іх размешчана 300 тысяч дзялянак і на кожнай расце селекцыйны абразец кожнай культуры. Вучоныя цэнтра па земляробстве ўважліва вывучаюць, аналізуюць кожны з іх і выбіраюць лепшыя для далейшай працы. 

У комлексе сушылак адабраны селекцыйны матэрыял сушыцца і ачышаецца. З гэтага комплексе насенне паступае ў лабараторыю, дзе за кожны сорт адказвае свой спецыяліст. Яе таксама наведаў Прэзідэнт. Навукоўцы растлумачылі, што селекцыйны працэс займае 10-15 гадоў. Таму галоўны вынік гэтай глабальнай працы — пераўзысці паказчыкі мінулага матэрыялу. Дарэчы, усе ўзоры сельскагаспадарчых культур Беларусі захоўваюцца ў генетычнам банку, створаным на базе навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробству. 

Вучоныя цэнтра паказалі Прэзідэнту вынікі сваёй працы — хлеб, алеі, крупы і і іншыя прадукты харчавання. На дэгустацыі адбылася і прэзентацыя новага віду хлеба. Справа ў тым, што вучоныя аналізуюць хлебапякарныя якасці збожжа розных культур. Зараз яны працуюць над трыцікале. Хлеб з яго атрымліваецца з шэрым адценнем у адрозненне ад традыцыйных чорнага (жытняга) і белага (пшанічнага). У шырокім продажы гэты хлеб можа з’явіцца праз два-тры гады. Звычайна трыцікале не выкарыстоўваецца ў хлебапячэнні. Аднак вучоныя паставілі перад сабой мэту стварыць такі сорт, які па сваіх якасцях будзе для гэтага прыдатны.

Аляксандр Лукашэнка пакаштаваў і пшанічны хлеб. Рэцэпт вельмі просты: толькі 50 г мукі і вада, хоць па аб’ёме хлеб атрымаўся вельмі прыстойны. Як растлумачылі навукоўцы, аб’ём хлеба, які выпякаецца з 50 г мукі, можа быць розным. Такім чынам вызначаецца пякарная якасць збожжа — сіла хлеба. Калі выходзіць аб’ём у 0,75-0,8 л, то гэта вельмі высокая якасць, а калі меней 0,4 л, то такое збожжа прыдатнае толькі на фураж.

Пакуль гаспадары шукалі нож адрэзаць лусту, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў народзе хлеб не рэжуць, а ламаюць. І паказаў майстар-клас, пакаштаваўшы выпечку і пачаставаўшы журналістаў. 

Развітваючыся, Прэзідэнт падкрэсліў, што карміць людзей — гэта вельмі высакародная прафесія. Ён падзякаваў вучоным за іх працу і падкрэсліў іх значнасць, нагадаўшы, як у блакадным Ленінградзе людзі паміралі з голаду, але захавалі калекцыю насення. Прэзідэнт пахваліў супрацоўнікаў Навукова-практычнага цэнтра за іх працу і падкрэсліў, што пры неабходнасці ім будзе аказана патрэбная дапамога. 


У тэму

Як расказаў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Фёдар ПРЫВАЛАЎ, беларускае насенне мае каштоўнасць ва ўсім свеце. «У прыватнасці, наша насенне сёння пастаўляецца ў 37 рэгіёнаў Расіі, — адзначыў ён. — Многія выбіраюць толькі беларускія сарты. Для нас гэта гонар».

На базе цэнтра створаны банк генетычных рэсурсаў, прызнаны ўрадам нацыянальным здабыткам. «У агульным банку ў нас знаходзіцца 90 тысяч узораў захоўвання, — заўважыў Фёдар Прывалаў. — Толькі насення — 46 тысяч узораў. Генетычныя рэсурсы — гэта аснова селекцыі. А ёсць селекцыя — ёсць жыццё, прадукты, бяспека і іншае». 
Таксама гендырэктар цэнтра расказаў, што на востраве Шпіцберген, у ледніках, пабудавана планетарнае сховішча, дзе захоўваюцца лепшыя ўзоры генетычных рэсурсаў з усяго свету, у тым ліку адзін з беларускіх сартоў пшаніцы, які па сваёй хлебапякарнай якасці найлепшы.

Вераніка КАНЮТА 

Валерыя СЦЯЦКО

Смалявіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.