Вы тут

Што патрэбна, каб узгадніць устаноўку кандыцыянера ці легалізаваць ужо зроблены і працоўны?


Што патрэбна, каб узгадніць устаноўку кандыцыянера ці легалізаваць ужо зроблены і працоўны. Чаму лепш зрабіць гэта, а не чакаць штрафу? Як дзейнічаць, калі ва ўстаноўцы адмовілі, і дзе ўстанаўліваць такія прылады нельга? Адказы на ўсе гэтыя і іншыя пытанні ў пакрокавай інструкцыі даюць спецыялісты Міністэрства ЖКГ.


Калі вы задумалі разнастаіць інтэр'ер сваёй кватэры кандыцыянерам, неабходна атрымаць узгадненне тэрытарыяльнага падраздзялення архітэктуры і горадабудаўніцтва згодна з Палажэннем аб умовах і парадку ўстаноўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый. Для гэтага трэба звярнуцца ў адміністрацыю раёна.

Каб атрымаць узгадненне на ўстаноўку, патрэбны наступныя дакументы:

— заява на ўстаноўку кандыцыянера (яе бланк можна атрымаць у службе «адно акно» і ўпісаць туды свае даныя);

— тэхнічны пашпарт і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне, калі вы ўласнік жылля;

— пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, або дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўніка грамадзяніна.

Сабраўшы ўсе дакументы, можна звяртацца па ўзгадненне ўстаноўкі кандыцыянера ў службу «Адно акно» адміністрацыі раёна, дзе тэрытарыяльна будзе знаходзіцца прылада. Працэдура ўзгаднення бясплатная, а заяўку павінны разгледзець за 15 дзён з дня падачы.

Узгадняць устаноўку кандыцыянера неабходна па наступных прычынах:

— павінен вытрымлівацца эстэтычны выгляд дома (вонкавыя блокі кандыцыянераў павінны ўстанаўлівацца ў пэўным парадку, адзін над адным);

— мантаж абсталявання не павінен сапсаваць фасад;

— кандэнсат ад кандыцыянера не можа капаць на галовы прахожых або цячы на вокны ці сцены суседзяў, каб не разбураць адмостку і падмуркі.

Адмовіць ва ўзгадненні ўстаноўкі кандыцыянера могуць у наступных выпадках:

— грамадзянін прадставіў дакументы або звесткі, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, у тым ліку падробленыя або нядзейсныя дакументы;

— у выніку ўстаноўкі кандыцыянера ўзнікне пагроза абвальвання канструкцый шматкватэрнага дома;

— дом унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі;

— будынак выходзіць на галоўныя вуліцы і плошчы, пералік якіх вызначаецца адміністрацыяй раёна.

Калі вам адмовілі ва ўзгадненні ўстаноўкі, рашэнне можна абскардзіць у вышэйшай інстанцыі ці судзе.

Пры станоўчым адказе можна выбіраць кандыцыянер і падрадную арганізацыю па яго ўстаноўцы. Лепш, калі продаж і мантаж робіць адна фірма — тады ўсе спрэчныя моманты можна адрасаваць адной асобе, раяць камунальнікі.

Самавольная ўстаноўка кандыцыянера забаронена — за гэта прадугледжаны штраф ад дзвюх да 15 базавых велічынь, нагадваюць спецыялісты. Аднак калі жыхар устанавіў кандыцыянер самавольна, а пасля сам жа вырашыў легалізаваць становішча прылады, то працэдура ўзгаднення для яго гэткая ж, як і перад устаноўкай кандыцыянера. Толькі адказ на свой запыт уладальнік кандыцыянера будзе чакаць не 15 дзён, а месяц з дня падачы дакументаў.

Важна памятаць, што, калі ўстаноўлены кандыцыянер адмовяцца ўзгадніць, уладальніку прылады прыйдзецца самастойна ці з дапамогай спецыялізаванай арганізацыі дэманціраваць яго ў адведзены тэрмін. Акрамя таго, жыхар павінен прывесці ў папярэдні стан фасад ці дах дома, дзе ён без дазволу ўстанавіў кандыцыянер.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Кандыцыянер па ўзгадненні

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.