Вы тут

Шумім, суседзі, шумім! Што рабіць, калі турбуе шумны сусед


Увесь тыдзень мая прыяцелька дае сабе абяцанне: вось сёння прыйду з работы і сяду за швейную машынку. Але як толькі яна прыходзіць дадому, дык у дачок сто пытанняў, нейкія дробныя хатнія справы адцягваюць увагу. Пра шыццё зноў успамінае за поўнач. «Позна, у такі час у нашай панэльцы чуваць усё, нават калі хтосьці посуд мые, што ўжо казаць пра машынку з электрапрыводам — гудзіць, стукае», — тлумачыць жанчына. Але, на вялікі жаль, не ўсе такія свядомыя.


Перапланіроўка ў нявызначаны час — штраф

«Раніцай устаў — адразу за дрэль!» — памятаеце гэтую ўжо крылатую фразу з кінафільма «Пакроўскія вароты»? У фільме гучыць смешна, а вось калі суседзі ладзяць доўгайграючы рамонт, вясёлага мала.

Спачатку маладая сям'я, якая набыла кватэру ў пяціпавярховіку, з усімі суседзямі мела прыязныя адносіны. Затым Каця пачала расказваць, што будуць паціху рабіць рамонт, з гонарам дадаючы: «сваімі рукамі». Суседзі думалі, справа абыдзецца пераклейваннем шпалераў. Але ж не. Маладыя вырашылі аб'яднаць кухню з гасцінай. Дзяніс, муж Каці, узяў водпуск і пачаў разбіваць сцяну. Досведу ў яго ў гэтай справе не было, таму атрымлівалася доўга — з раніцы да позняга вечара, і гучна. Пад канец другога тыдня суседзі не вытрымалі і паскардзіліся ў ЖЭУ. Камунальнікі наведаліся ў кватэру, дзе высветлілася, што перапланіроўка няўзгодненая.

У выніку быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 3 арт. 22.12 КаАП: «Правядзенне работ па пераўладкаванні і (або) перапланіроўцы ў жылых дамах у выхадныя і святочныя дні, якія ствараюць шум ці вібрацыю, а таксама правядзенне такіх работ у перыяд з 19 да 9 гадзін у працоўныя дні — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь». Памер штрафу вызначае суд.

Нагадаем, што для індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы кошт парушэння вышэйшы: ад пяці да дваццаці пяці базавых велічынь. Вось таму легальныя будаўнічыя брыгады працуюць у дазволены час.

Складаць пратаколы за названае парушэнне ўпаўнаважаныя работнікі ЖЭУ і міліцыя.

Правілы фармальныя і нефармальныя

Шум стварае не толькі рамонт з перапланіроўкай жылля. Больш за ўсё нас раздражняюць звычайныя бытавыя шумы. Пад дадзеную катэгорыю падыходзіць гучна ўключаны тэлевізар, магутная кухонная выцяжка, пральная машынка, якая вібрыруе; ручныя пагрузачна-разгрузачныя работы, практыкаванні на музычных інструментах, гучная гаворка і спевы, рамонтныя работы і нават рэзкае зачыненне дзвярэй. Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі ўстаноўлена, што «ціхі час» доўжыцца з 23 да 7 гадзін.

«У нашым пад'ездзе ва ўсіх больш-менш падобны графік: у сем-восем вечара прыходзім з работы. Існуе правіла па змоўчанні: калі я ўключаю міксер а палове дванаццатай, прымаю душ а палове першай ночы, то не абураюся, што ў суседзяў у шэсць раніцы заводзіцца пралка», — дзеліцца мінчанка Анастасія.

А вось Раіса Сяргееўна ўвесь час піша скаргі: на пажылога суседа, які дрэнна чуе, таму гучна размаўляе па тэлефоне; на дзіця суседкі, якое плача... Тут ужо ўчастковаму міліцыянеру даводзіцца заклікаць жанчыну да эмпатыі і прыняцця становішча суседзяў. Ну вось забылася Раіса Сяргееўна, што некалі яе дзеці гадзінамі плакалі, бо рэзаліся зубкі, і ніхто на яе не скардзіўся. Малое ж суседкі плача некалькі хвілін...

Па назіраннях спецыяліста аднаго са сталічных ЖЭУ, часцей за ўсё як афіцыйныя правілы, так і нефармальныя парушаюць тыя, хто арандуе кватэры. Напрыклад, студэнцкая кампанія гучна адзначае заканчэнне сесіі. Тут і музыка, і віск, і феерверкі за поўнач.

Завяршаецца забаўляльная праграма, калі прыязджае міліцыя. Яе супрацоўнікі складаюць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 22.12 КаАП: «Здзяйсненне дзеянняў, якія парушаюць спакой іншых грамадзян у жылым доме або ствараюць вібрацыю і шум, у перыяд з 23 да 7 гадзін». У якасці пакарання — штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь.

Другая такая вечарынка на працягу года абыдзецца даражэй: памер штрафу пачынаецца з 10 базавых велічынь, а максімум складае 30.

Але, як правіла, аднаго інцыдэнту дастаткова, каб наступным разам госці своечасова разышліся па дамах.

Лайфхак ад «Сямейнай газеты»

Калі турбуе шумны сусед, імкніцеся заручыцца падтрымкай іншых жыхароў. Мінімум дзве заявы на аднаго грамадзяніна пазбаўляюць работнікаў ЖЭУ або міліцыі ад збору доказаў правапарушэння, адпаведна, паскараецца працэс разбору па справе.

Памятайце і пра тое, што многія людзі гатовыя моцна абурацца, але як толькі афіцыйная асоба задае пытанне: «Ці турбуе вас шум з канкрэтнай кватэры?», адмоўчваюцца, маўляў, навошта псаваць адносіны з суседзямі.

Не пі — у ЛПП трапіш

Адна справа — вечарынка студэнтаў ці застолле калег. Іншая, калі «гуляюць» сацыяльна неўладкаваныя персоны. На «смачнае недарагое» віно ў іх грошы знаходзяцца, на штраф — не. Але тут і іншы алгарытм дзеянняў міліцыі. Па-першае, нядобрая кватэра пасля другой скаргі суседзяў трапляе «на карандаш», гэта значыць яе паставяць на ўлік у тэрытарыяльным органе ўнутраных спраў, што мае на ўвазе рэгулярныя візіты ўчастковага. Па-другое, калі ўдзельнікі кампаніі здзейснілі тры і больш адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з ужываннем алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы або са з'яўленнем у такім месцы ці на рабоце ў стане ап'янення, то яны атрымаюць пуцёўкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.