Вы тут

Барацьба за абітурыента


Прыёмная кампанія ў ВНУ распачынаецца не ў ліпені, і нават не ў маі, калі адкрываюцца пункты рэгістрацыі на ЦТ. Яна стартуе літаральна на наступны дзень пасля закрыцця прыёмных камісій.


Для таго каб прыцягнуць на вучобу добра падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў, патрабуецца карпатлівая мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа. Гэта добра разумеюць у рэгіянальных ВНУ, бо ім даводзіцца канкурыраваць за сваіх абітурыентаў са сталічнымі ўніверсітэтамі.

Стаўка — на профільныя класы

— Для нас прафарыентацыя — працэс бесперапынны, — падкрэслівае прарэктар па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай Юрый ГОЛУБЕЎ. — Мы прыкладаем шмат намаганняў для прыцягнення ў свой універсітэт выпускнікоў са свайго рэгіёна, каб пасля вучобы, стаўшы спецыялістамі, яны заставаліся працаваць у Полацку і Наваполацку — гэта буйныя прамысловыя цэнтры з развітой сацыяльнай інфраструктурай. Дзеля гэтага масава адкрываем у школах, гімназіях і ліцэях профільныя класы, пераважна тэхніка-тэхналагічнага профілю, паколькі наш рэгіён — прамысловы і ёсць вялікая патрэба ў адпаведных кадрах. Да таго ж у структуры спецыяльнасцяў Полацкага ўніверсітэта вялікую долю складаюць спецыяльнасці менавіта тэхніка-тэхналагічныя. Пераважна мы працуем на свой рэгіён, і абітурыентаў з Віцебскай вобласці ў нас прыкладна 80 працэнтаў ад агульнай колькасці. Каля 10 працэнтаў абітурыентаў — з Мінскай вобласці, астатнія — з розных рэгіёнаў нашай краіны.

У 2022 годзе прыём у Полацкім дзяржаўным універсітэце праводзіўся па 36 спецыяльнасцях (гэта на чатыры больш, чым летась) Так, сёлета на факультэце інфармацыйных тэхналогій адкрылася новая спецыяльнасць «Штучны інтэлект (інструментальныя сродкі і тэхналогія праектавання інтэлектуальных сістэм)». Таксама аднавілі набор па спецыяльнасцях, якія, магчыма, не карыстаюцца ў абітурыентаў вялікім попытам, але такія спецыялісты вельмі патрэбныя рынку працы. Мы пайшлі насустрач працадаўцам — перш за ўсё працуем з заяўкамі, якія паступаюць ва ўніверсітэт ад іх. Бюджэтныя месцы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце ўсе былі запоўненыя, а па платным наборы ў нас невялікі недабор.

Традыцыйна ва ўніверсітэце самыя высокія прахадныя балы фіксуюцца на спецыяльнасцях гуманітарнага профілю, але сёлета і на тэхнічных спецыяльнасцях яны былі даволі высокія. Нас радуе, што матываваныя абітурыенты з прыстойнымі баламі выбіралі спецыяльнасці, востра патрэбныя нашаму рэгіёну, як, напрыклад, «Хімічная тэхналогія прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў». А ўвогуле конкурс па ўніверсітэце на бюджэтную форму навучання склаў 1,5 чалавека на месца.

У чарзе па педагогаў

— У нас сёлета былі закрыты ўсе кантрольныя лічбы прыёму, — канстатуе намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Надзея НІКІЦІНА. — Найбольш высокія прахадныя балы на дзённай бюджэтнай форме навучання зафіксаваныя на спецыяльнасцях «Руская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)» — 323 і «Сучасныя замежныя мовы (англійская, нямецкая)» — 320 балаў.

Нядрэнная сітуацыя склалася на дзвюх новых спецыяльнасцях, якія адкрыліся сёлета. Мы ажыццяўлялі толькі першы набор. Так, на спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс склаў 2,7 чалавека на месца, а прахадны бал — 304. На спецыяльнасці «Урбаналогія і сіці- менеджмент» — конкурс 1,6 чалавека на месца, а прахадны бал — 245. На платную форму навучання на гэтыя месцы таксама быў дастаткова высокі конкурс. Спецыяльнасць «Урбаналогія і сіці-менеджмент» — увогуле наватарская. Яна летась упершыню была ўнесена ў класіфікатар спецыяльнасцяў Рэспублікі Беларусь і мае на ўвазе атрыманне ведаў па трансфармацыі гарадскіх сістэм, падрыхтоўку спецыялістаў для так званых «разумных» гарадоў і «зялёнай» эканомікі.

Вынікамі прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца круглы год і ўключае сотні мерапрыемстваў (і традыцыйныя, і нетрадыцыйныя), цалкам задаволеныя і ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

— У нас не было спецыяльнасцяў, на якія праводзіўся б дадатковы набор, — падкрэслівае прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей ВАСІЛЕЦ. — А на чатыры спецыяльнасці прахадныя балы ўвогуле не ўстанаўліваліся, таму што ўсе бюджэтныя месцы былі запоўнены абітурыентамі, якія мелі права на льготы і паступалі без здачы экзаменаў: гэта «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова», «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны» і «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура».

Кожны пяты першакурснік бюджэтнай формы навучання — медаліст або ўладальнік дыплома з адзнакай. У БДПУ таксама паступілі 172 выпускнікі профільных педагагічных класаў. Хтосьці з іх паступаў па сумоўі, а хтосьці вырашыў паступаць па выніках ЦТ. Хочацца таксама адзначыць высокі ўзровень узаемадзеяння заказчыкаў кадраў з абітурыентамі. Так, на месцы, выдзеленыя пад мэтавую падрыхтоўку, паступалі абітурыенты, якія мелі больш як 300 балаў і маглі б прайсці і па звычайным конкурсе, але выбралі іншую траекторыю, бо плануюць пасля навучання вярнуцца ў свой рэгіён. Гэта таксама вынікі якасна праведзенай прафарыентацыйнай работы. І заказчыкі кадраў сталі больш старанна адбіраць кандыдатаў на мэтавую падрыхтоўку. У БДПУ на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі былі залічаны 210 абітурыентаў. Гэта амаль чвэрць ад агульнай колькасці першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі.

Сяргей Васілец адзначыў, што на кожнага выпускніка БДПУ паступае ў сярэднім 3-4 заяўкі. «Ужо цяпер перад пачаткам навучальнага года шмат зваротаў з боку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія загадзя хочуць убачыць, хто да іх прыйдзе на работу. Гэта можа быць і просьба аб накіраванні ім студэнта на практыку, і просьба аб афармленні яго на работу па сумяшчальніцтве. Мы ідзём насустрач, але ў нас ёсць жорсткія патрабаванні: гэта павінны быць студэнты старшых курсаў, якія добра паспяваюць па вучобе», — падкрэсліў Сяргей Васілец.

Яшчэ адзін шанц

— Вакантных месцаў на бюджэтнай форме навучання ў ВНУ сёлета засталося няшмат — каля 400, — запэўнівае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ. — І пасля працэдуры дадатковага набору большая іх частка была запоўнена: засталося каля 80 месцаў у дзвюх установах вышэйшай адукацыі — у Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій і ў Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дадатковы набор на вакантныя месцы ў ВНУ — гэта адзін з этапаў тэхналогіі прыёму на бюджэт. Такое паняцце, як дадатковы набор, ёсць толькі ў вышэйшай школе і толькі ў дачыненні да бюджэтнай формы навучання. Ён існуе для таго, каб вакантныя месцы, што засталіся пасля асноўнага набору (а гэта нармальная з'ява ў адносінах да спецыяльнасцяў, якія ў меншай ступені запатрабаваныя абітурыентамі, але моцна запатрабаваныя эканомікай), былі запоўнены. Бо часта, кіруючыся амбіцыямі, абітурыент робіць свой выбар на карысць нейкай больш прэстыжнай, на погляд моладзі, спецыяльнасці. Потым высвятляецца, што яму не хапае балаў, але ён да апошняга трымаецца за гэту спецыяльнасць, спадзяецца, што ў кагосьці не вытрымаюць нервы і ён забярэ дакументы, а гэтага не адбываецца. І абітурыент застаецца за бортам. А дадатковы набор дазваляе абраць з ліку спецыяльнасцяў, дзе засталіся незапоўненыя месцы, блізкія абітурыенту, і паступіць на бюджэтную форму навучання. Сёлета мы назіралі выпадкі, калі падчас дадатковага набору на асобныя спецыяльнасці конкурс, прахадны бал і якасны склад абітурыентаў былі нават вышэйшыя, чым падчас асноўнага набору. У цэлым можна канстатаваць, што дадатковы набор прайшоў паспяхова і была забяспечана магчымасць для абітурыентаў паступіць на бюджэт, — адзначыў Сяргей Каспяровіч.

Тры ЦТ + цэнтралізаваны экзамен

Налета ў ВНУ з'явіцца новы магутны інструмент прыцягнення абітурыентаў — універсітэцкія алімпіяды.

— У першую чаргу, яны будуць праводзіцца рэгіянальнымі ВНУ, каб абітурыенты з гэтых рэгіёнаў заставаліся на малой радзіме. Пераможцы такіх спаборніцтваў змогуць стаць студэнтамі ВНУ яшчэ да пачатку ўступнай кампаніі, — паведаміла начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена ЛІПА. — Для розных спецыяльнасцяў будуць вызначаны свае квоты на прыём абітурыентаў па выніках алімпіяды. На запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці месцаў пад пераможцаў алімпіяд будзе выдзяляцца, вядома, больш.

З наступнага года выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць здаваць выніковыя іспыты па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы ў форме цэнтралізаванага экзамену. Гэта адначасова выпускны экзамен за курс школы і ўступны іспыт у ВНУ. Яго вынікі адаб'юцца на адзнацы, што пойдзе ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Паступленне ў ВНУ будзе ажыццяўляцца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання (па профільных прадметах), а таксама сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

З 2023 года ў абітурыентаў будзе магчымасць здаць да трох ЦТ па любых прадметах, якія не здаюцца на цэнтралізаваным экзамене: па фізіцы, хіміі, гісторыі, замежнай мове і гэтак далей. У выніку пры паступленні ў абітурыента на руках можа аказацца да пяці сертыфікатаў: тры сертыфікаты ЦТ плюс два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену. Гэта забяспечыць маладым людзям шырокі выбар спецыяльнасцяў.

З наступнага года ў Правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы прадугледжана павелічэнне гранічных квот у рамках мэтавай падрыхтоўкі: на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў і па іншых спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў. Гэта не значыць, што будуць менавіта такія лічбы мэтавага набору, усё залежыць ад таго, ці знойдзецца столькі заказчыкаў, гатовых падлічыць свае патрэбы ў кадрах на 4-5 і больш гадоў наперад.

Але адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДМУ стала пашырэнне мэтавага набору да 50 працэнтаў ад колькасці бюджэтных месцаў. Да таго ж упершыню быў зроблены набор студэнтаў-«мэтавікаў» для Мінска, якія пасля завяршэння навучання будуць размеркаваны на першыя рабочыя месцы ў сталіцу...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і прэс-службы БДПУ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.