Вы тут

Беларускія біятланісты пакарылі Кубак Садружнасці


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Фота: БелТА

Турнір тыдня. На базе лыжна-біятлоннага комплексу «Лаура» ў Сочы завяршыўся першы летні этап Кубка Садружнасці па біятлоне, у якім прымалі ўдзел беларускія спартсмены. Антон Смольскі стаў сярэбраным прызёрам у мас-старце. На чатырох агнявых рубяжах беларус дапусціў тры памылкі і прайграў пераможцу — расіяніну Антону Бабікаву — хвіліну і 8 секунд. Трэцім фінішаваў Карым Халілі. У дзясятцы наймацнейшых аказаліся яшчэ два біятланісты з Беларусі: Максім Варабей стаў сёмым, Сцяпан Данілаў — восьмым.

Дзінара Алімбекава стала пераможцай жаночай гонкі пераследу. На чатырох агнявых рубяжах яна дапусціла тры промахі і апярэдзіла Насту Шаўчэнку, якая стала другой, на 25,5 сек. Трэцяй стала яшчэ адна расіянка Тамара Дзербушава (35,6 сек. адставання). Таксама на старт выходзілі беларускі Аліна Пільчук, Дар’я Кудаева і Адэліна Сабітава, але ўсе трое адсталі на круг і сышлі з дыстанцыі. Дзінара Алімбекава перамагла і ў спрынце. Лідар беларускай каманды дапусціла па адным промаху на кожным з агнявых рубяжоў. На фінішы яна ўсяго на паўсекунды апярэдзіла расіянку Анастасію Шаўчэнку, трэці час паказала Ірына Казакевіч (+2,3 сек. адставання).

Наступны летні этап турніру з 15 па 18 верасня прымуць Раўбічы. Затым Кубак Садружнасці працягнецца на снежных трасах: 23-24 снежня біятланісты выступяць на навагодніх гонках у Разані, у другой палове студзеня два этапы запар пройдуць у Раўбічах, а заключная стадыя турніру будзе праведзена з 9 па 12 сакавіка ў Цюмені.

Героі тыдня. У Гродне завяршыўся «Фінал чатырох» 22-га розыгрышу Кубка Беларусі па хакеі, які мае афіцыйную назву Кубак Салея. Упершыню ўладальнікамі Кубка сталі хакеісты «Віцебска». У вырашальным фінальным паядынку яны абыгралі каманду «Гомеля». Лёс галоўнага трафея вырашыў лік матчу — 2:1 на табло. Бронзавыя медалі турніру заваявалі хакеісты «Нёмана», у матчы за трэцяе месца гродзенцы перайгралі «Брэст» з лікам 4:2.

Каманда тыдня. Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-16) заваявалі сярэбраныя медалі 15-га міжнароднага турніру памяці заслужанага трэнера СССР Юрыя Марозава ў Санкт-Пецярбургу. У стартавым паядынку беларускія футбалісты перайгралі аднагодкаў з сербскага клуба «Црвена Зорка» (Бялград) з лікам 9:5. Затым беларусы ва ўпартай барацьбе ўступілі піцерскаму «Зеніту» з вынікам 3:4, а потым з буйным лікам 0:5 прайгралі юнацкай зборнай Расіі, якая стала пераможцай турніру. 

Цытата тыдня. «У спорце заўсёды ставяцца максімальныя мэты. Наша задача — выйсці ў плэй-оф і затым прайсці як мага далей па сетцы. Банальны выхад у накаўт-раўнд не стане нейкім дасягненнем. Нам бы хацелася не проста апынуцца ў плэй-оф, але і пашумець там. Бюджэт „Дынама“ будзе прыблізна такім жа, якім быў у нас у мінулым сезоне. Мы жывём у неспакойны час, і ўсе бачаць, што адбываецца ў эканоміцы. Таму мы ўдзячны кіраўніцтву краіны і нашым спонсарам, якія ў такі няпросты перыяд знаходзяць магчымасць дапамагаць», — сказаў Сяргей Сушко, генеральны дырэктар хакейнага клуба «Дынама-Мінск» на прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту новага сезона ў КХЛ. 

Таксама гендырэктар «зуброў» расказаў пра трансферную дзейнасць клуба. «У нас ёсць два добрыя маладыя беларускія варатары. Аляксей Коласаў і Канстанцін Шостак ужо атрымалі пэўны вопыт у КХЛ і мы спадзяемся, што з імі ў нас усё атрымаецца. Тым не менш, калі ў нас з’явіцца магчымасць і на рынку апынецца якасны варатар за нармальныя грошы, мы разгледзім гэты варыянт. Таксама мы з радасцю скарыстаемся хакеістамі жлобінскага „Металурга“ і салігорскага „Шахцёра“, калі хтосьці з іх зможа ўзмацніць „Дынама“. Наш трэнерскі штаб заўсёды разглядае любыя падпісанні ў гэтых камандах праз прызму таго, ці спатрэбяцца яны нам. Сезон пакажа. Спадзяемся, што эпідэміялагічная сітуацыя будзе больш спрыяльнай для нас, чым летась, і мы пройдзем без вялікіх страт у складзе», — сказаў Сяргей Сушко.

Першы матч у рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ сезона-2022/23 мінскае «Дынама» правядзе 3 верасня дома супраць казахстанскага «Барыса».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.