Вы тут

Чым адметныя кнігі-лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі — 2022


«Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі»

Алесь Бадак. «Уладар ветру». Выдавецкі дом «Звязда».


У кнізе прадстаўлены найлепшыя вершы вядомага паэта за ўсе гады яго творчасці, пачынаючы ад зборніка «Будзень», які пабачыў свет у 1989 годзе, і да раздзела «З пачатай кнігі», дзе змешчаны новыя творы. Лірычны герой — летуценнік, філосаф, беларус, які шчыра любіць сваю радзіму. У зборнік уключана паэма «Ра», якая ў сімвалічнай форме апісвае пакутлівы шлях чалавека да асэнсавання сваёй прыналежнасці роднай зямлі, таго, што толькі яна можа стаць галоўным арыенцірам у пошуках сябе. Тэма гістарычнай памяці, нялёгкага лёсу роднай мовы абвострана раскрываецца і ў гэтай паэме, і ў іншых творах зборніка.


«Лепшы твор прозы»

Мікалай Чаргінец. «А он не вернулся из боя». Выдавецкі дом «Звязда».

Новы раман народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца працягвае раскрываць традыцыйную для аўтара тэму — чалавек і вайна. У аснове — рэальныя падзеі: лёс аднаго з савецкіх воінаў, якія ваявалі ў Афганістане. Галоўны герой, беларус, трапляе ў палон і шмат гадоў адарваны ад роднай зямлі, ад сваёй сям'і. Чытач бачыць экзатычныя месцы — ахоплены вайной Афганістан, пакістанскую турму, нават саваны Зімбабвэ. Паралельна даецца панарама таго, што адбываецца на радзіме галоўнага героя: развал Савецкага Саюза, галодныя 1990-я, станаўленне незалежнай Беларусі.


«Драматургія»

Анатоль Андрэеў. «Главные слова для любимой женщины». «Колорград».

Намінацыя «Драматургія» заўсёды самая складаная, бо не кожны год знаходзіліся годныя кандыдаты на перамогу — п'есы асобнымі выданнямі выдаюцца досыць рэдка. Мінулым разам прэмія ў гэтай намінацыі не ўручалася. Сёлета яе атрымаў аўтар рускамоўнага трагікакамедыйнага зборніка Анатоль Андрэеў. Галоўная тэма яго п'ес, займальных, павучальных і нескладаных для пастаноўкі — адносіны паміж мужчынам і жанчынай, сямейныя перыпетыі, тое, што зразумела ва ўсе часы. Нездарма асноўны жанр змешчаных у зборніку твораў — фарс.


«Лепшы твор публіцыстыкі»

Андрэй Мукавозчык. «Революция мокрых штанов». «Беларусь».

Гэта рэзананснае выданне, у якое ўвайшлі матэрыялы аўтарскай рубрыкі «Накіпела» аглядальніка газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка. Рэфлексіі аўтара на нядаўнія палітычныя падзеі вострыя, неабыякавыя, часта саркастычныя. Прыводзіцца шмат фактаў і цытат. Як сцвярджае сам Андрэй Мукавозчык, атрымалася хроніка 2020 года, «сур'ёзны гадавы зрэз». Кніга праілюстравана мастаком газеты «СБ. Беларусь сегодня» Алегам Карповічам, чые малюнкі суправаджалі і кожны выпуск рубрыкі Андрэя Мукавозчыка.


«Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства»

Ігар Запрудскі. «Беларуская літаратура і культура XІX стагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання». Выдавецтва БДУ.

Вядомы літаратуразнаўца ўзяўся за нялёгкую і пачэсную задачу: стварыць панараму беларускай літаратуры той эпохі, калі яна не мела магчымасці развівацца напоўніцу, а пасля многія імёны замоўчваліся ці выклікалі спрэчкі аб культурнай прыналежнасці. Даследчык даказвае, што на Беларусі заўсёды нараджаліся таленавітыя творцы, іх плён варты ўвагі і памяці. Манаграфія запаўняе белыя плямы айчыннай гісторыі, ажыўляе постаці беларускага мінулага.


«Лепшы твор для дзяцей і юнацтва»

Алесь Жук. «Лаві зайца!» Выдавецкі дом «Звязда»

Вядомы беларускі пісьменнік Алесь Жук у творах для маленькіх чытачоў застаецца філосафам і майстрам мастацкага вобраза. Пры гэтым яго апавяданні вельмі чытэльныя і зразумелыя дзецям. Яны адкрываюць сучаснаму дзіцяці таемны і бясконцы свет беларускай прыроды, вучаць правільнаму стаўленню да ўсяго жывога, а таксама прышчапляюць павагу да працы, паказваюць, якімі побытавымі навыкамі мусіць валодаць чалавек. Чытаючы кнігу, можна нібыта гартаць каляндар прыроды, адначасова атрымліваць карысныя жыццёвыя парады і паглыбляць веды па беларускай мове.

«Лепшы дэбют»

Валерыя Сцяцко. «Нязломны. Аляксей Талай». Выдавецкі дом «Звязда»

Журналістка Выдавецкага дома «Звязда» Валерыя Сцяцко, безумоўна, прапусціла нялёгкі лёс свайго героя праз сэрца — чытаць яе кнігу і застацца абыякавым немагчыма. Хлопчык, які ў шаснаццаць гадоў падарваўся на міне, што засталася з вайны, страціў рукі і ногі, але не здаўся — сапраўдны герой нашага часу. Сёння Аляксей Талай — паралімпійскі чэмпіён, спартыўны і грамадскі дзеяч, бізнесмен, шчаслівы муж і бацька чацвярых дзяцей. Як ён гэтага дасягнуў, аўтар кнігі раскрывае праз шматлікія сведчанні блізкіх, сяброў і знаёмых свайго героя.

Падрыхтавала Людміла ПЯТРОВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.