Вы тут

Чароўны Мінск і экслібрысы Анатоля Тычыны


Экспанаваць работы выстаўкі «Анатоль Тычына. Чароўны Мінск», якая адкрылася яшчэ ў першай палове верасня ў галоўным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея, планавалася толькі месяц. Аднак навіна — экспазіцыя працягвае працаваць да 13 лістапада. 


«Бібліятэка імя У.І. Леніна», 1940.

Тычына шматгранны 

Выстаўка Анатоля Тычыны ў НММ — не першы зварот да спадчыны мастака сёлета. 125-годдзе з дня яго нараджэння не магла абысці ўвагай, напрыклад, Нацыянальная бібліятэка. Усё лета дэманстраваліся выданні аб жыцці і творчасці аўтара, каталогі выставак, у якіх ён удзельнічаў, эстампы з фонду бібліятэкі, найлепшыя выданні, вокладкі і ілюстрацыі да якіх стварыў графік... Увогуле, варыянт для бібліятэкі бяспройгрышны. Найперш упрыгажэнне бібліятэкі творамі знакамітага мастака-графіка ёй толькі на карысць. Да таго ж рэдкага наведвальніка, ды аматара выяўленчага мастацтва наогул, не зможа не зацікавіць творчасць Анатоля Тычыны. Па-першае, гэта майстар замалёвак: яшчэ падчас вучобы рабіў вялікія поспехі ў натурных эцю¬дах і гарадскіх пейзажах. Па-другое, ён выдатна ведаў творчасць папярэднікаў, разумеў, як стваралі найлепшыя рускія і заходнееўрапейскія жывапісцы. Менавіта таму ў юнацтве яму ўдавалася рабіць копіі з класічных твораў. Між тым, а гэта па-трэцяе, як творца бурлівага XX стагоддзя ён імкнуўся выпрацаваць уласны почырк. Ужо ў першых творах Анатоля Тычыны (напрыклад, «У сібірскім займішчы», «На рацэ Іртыш», «Вярблюды» (усе 1920), «Аўтапартрэт» (1921), «Вандроўны кітайскі тэатр» (1922)) відавочнае імкненне да асаблівага стылю — спалучэння мадэрну і канструктывізму. І гэта ўсё да таго часу, калі ён змог стаць запатрабаваным мастакомілюстратарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, калекцыянерам і прапагандыстам экслібрыса, мастакомафарміцелем многіх беларускіх музейных і выставачных экспазіцый Мінска і Масквы 1920–1960-х гадоў, адным з першых мінскіх дызайнераў... Як тут не зацікавіцца? 

«Вячэрні матыў», 1957.

Сёння, дзякуючы ўвазе мастацтвазнаўцаў і музейшчыкаў да творчасці Анатоля Тычыны, глядач мае магчымасць адкрыць ці пераадкрыць для сябе створанае знакамітым мастаком. Бо, на жаль, звестак пра яго жыццё і творчасць у адкрытым доступе даволі мала. Важныя факты, пэўныя дэталі і падрабязнасці трэба адшукваць. Шмат даведацца дапамагаюць кнігі Віктара Шматава і Аляксандра Шлюбскага, аднак яны, зразумела, вузкаскіраваныя і, мякка кажучы, не новыя. Ахвотны хіба толькі можа знайсці невялікі альбом «Анатоль Мікалаевіч Тычына (1897–1986). Мой Мінск», выдадзены ў 2008 годзе. 

Таму выставачныя праекты з графікай мастака надзвычай каштоўныя. Змест экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі — больш за 80 твораў за паўвекавы перыяд творчасці Анатоля Тычыны з калекцый НММ і БДАМЛіМ. Вядома, што ў гэтых вялікіх зборах захоўваецца больш за 750 твораў майстра, якія, магчыма, чакаюць свайго часу, каб быць сабранымі ў адзін альбом. 

«Ля вежы-званіцы», 1926.

Мінуўшчына далёкая 

Арганізатары абяцаюць: «На юбілейнай выстаўцы глядач убачыць увесь шырокі дыяпазон і разнастайнасць творчасці майстра, пачынаючы з вытанчаных твораў 1920-х гадоў у стылістыцы «Свету мастацтва», а таксама цудам уцалелых малюнкаў і плакатаў перыяду індустрыялізацыі 1930-х, графічнага афармлення беларускіх часопісаў 1920–1930 гадоў Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, у тым ліку і ўнікальнага збору эскізаў стандартных «супрэматычных» вокладак 1930–1931 гадоў (калекцыя БДАМЛіМ), да некалькіх класічных твораў з велізарнай калекцыі экслібрысаў, замалёвак з натуры сельгаскамун Палесся 1946 года, «Водны транспарт Беларусі» і дызайну абгортак цукерак мінскай фабрыкі «Камунарка» (са збору БДАМЛіМ)». 

«Над ракой Свіслач», 1954.

Сярод найбольш цікавых работ, якія сталі візіткай Анатоля Тычыны, — экслібрысы дырэктара Мастацкага музея Алены Аладавай (1972) і самога Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (1960). Яны вельмі добра дэманструюць творчыя магчымасці гэтага графіка і паказваюць, наколькі экслібрыс недаацэнены кірунак мастацтва. Нельга не згадаць і жамчужыну гэтай выстаўкі — вокладку да кнігі Янкі Купалы «Магіла льва» (1926). Няхай сабе пра яе сказана шмат, але не лішне было б заўважыць, што гэта найлепшы прыклад стрыманасці і лаканічнасці, выдатных уласцівасцей ілюстратара. 

Мінск чароўны 

«Плошча Перамогі », 1956.

Анатоль Тычына заслужана лічыцца мастацкім летапісцам сталіцы нашай краіны. Сюды ён прыехаў пасля заканчэння вучобы ў мастацкай школе ў Омску. Застаўся выпадкова, з-за вядомых акалічнасцей. Тады, у 1922 годзе, Анатоль Тычына і пачаў адлюстроўваць Мінск і рабіў гэта на працягу больш як паўстагоддзя. Сёння гэтыя творы счытваюцца як прысвячэнне даваеннаму гораду і яго пасляваеннаму аднаўленню. Акрамя асаблівасцей розных перыядаў жыцця сталіцы (напрыклад, паказу індустрыяльнага Мінска ці горада ў перыяд акапацыі), мастак здолеў перадаць зразумелае кожнаму, роднае і пазнавальнае: ранішнюю свежасць і цёплыя прыцемкі, спакойнае немітуслівае жыццё людзей вялікага горада... Амаль кожнай рабоце выстаўкі ўласцівы матыў свежасці, маладосці, надзеі. Зразумела, што многія работы створаны па дзяржаўным заказе, аднак пасля выканання задан¬ня графік працягваў самастойную працу ў гэтым кірунку. Сказаць яму было што. 

«Савецкая вуліца», 1940.

Сярод аб’ектаў, якія выявіў у графіцы, — Сталінскі праспект, Палац прафсаюзаў, Дом афіцэраў і вакзал, адрэстаўрыраваныя пасля вайны. Як правіла, іх суправаджаюць мяккія, цёплыя промні сонца, пад якія нібыта не трапляюць напаўразбураныя вуліцы, недабудава¬ныя дамы... Ідэальны горад Мінск — такім ён застаўся ў графіцы мастака з мінулага, такім яго хочацца бачыць і нам, сучаснікам. Бывае, атрымліваецца. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.