Вы тут

Медыцынская, псіхалагічная, на бацькоўства...


Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз штогод праводзіць больш за 260 тысяч экспертных даследаванняў. Амаль усе яны (99 %) адбываюцца ў тэрмін да 30 сутак, а тыя, што патрэбны для раскрыцця злачынстваў па «гарачых» слядах, робяцца неадкладна, за адну гадзіну. А вось да стварэння камітэта правядзення асобных відаў экспертыз прыходзілася чакаць ад шасці месяцаў да паўтара гадоў. Пра аператыўнасць экспертыз, аўтаматызацыю сістэм уліку слядоў і мінімізацыю памылак расказалі спецыялісты галіны.


Ад гадзіны да месяца

Аналагаў ведамству, створанаму ў Беларусі, як сцвярджаюць эксперты, няма ні ў краінах постсавецкай прасторы, ні далёка за яе межамі. Сістэма кантролю якасці экспертнай работы, створаная ў камітэце, дазволіла ў разы скараціць колькасць паўторных экспертыз, а факты памылковых вывадаў звесці да мінімуму.

Сёння яны маюць адзінкавы характар і здараюцца з-за непрытрымлівання методыкі ці, магчыма, няпоўнага даследавання аб'ектаў, прадстаўленых на экспертызу, упэўнены Аляксей ВОЛКАЎ, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз:

— Важна, што памылкі мы выяўляем самастойна, у найкарацейшыя тэрміны, і гэта не цягне за сабой наступстваў для людзей. Наладжана трохузроўневая сістэма ацэнкі якасці і дакладнасці экспертыз — пастаянна вывучаюцца і праекты экспертыз, і электронныя копіі.

 

Дзяржкамітэтам заключана больш як 30 міжнародных пагадненняў аб супрацоўніцтве. Працягваецца юрыдычнае ўмацаванне існуючых міжнародных сувязяў. Айчынныя судовыя эксперты супрацоўнічаюць фактычна з усімі падраздзяленнямі, якія існуюць у Расіі. Апошнім часам яны актыўна працуюць са следчым камітэтам (СК) краіны-суседкі.

— Спецыялістам СК цікавы наш вопыт у правядзенні судова-медыцынскіх, камісійных экспертыз, якія датычацца ацэнкі правільнасці дзеянняў урачоў і ўстанаўлення факта ўрачэбных памылак, — удакладніў старшыня дзяржкамітэта. — У сваю чаргу нам цікавы іх вопыт правядзення экспертыз відэа- і фотаматэрыялаў з пункту гледжання партрэтнай экспертызы і нейкіх ідэнтыфікацыйных магчымасцяў. А таксама іх вопыт у развіцці розных кірункаў генетычных экспертыз.

Для суда, міліцыі, грамадзян...

Пашырэнне экспертных магчымасцяў адпаведна з запытамі і патрэбамі праваахоўных органаў, следчага камітэта, МУС, судоў — таксама адна з задач дзяржкамітэта. Прынцыпова запатрабаванымі і новымі сталі сексалагічныя, гемалагічныя, лінгвістычныя, экспертызы ДНК жывёл, электрашокавых прылад, парнаграфічных матэрыялаў і іншыя. Пашыраюцца магчымасці і па ўжо існуючых экспертызах. Прапрацоўваецца, напрыклад, пытанне па ўвядзенні падатковай экспертызы, якая датычыцца бізнес-спраў, расказаў Сяргей ЯЎМЕНЕНКА, намеснік старшыні Дзяржкамітэта судовых экспертыз:

— Асобныя працэдуры адбываюцца ў гэтай галіне і цяпер. У асноўным гэта судова-эканамічныя экспертызы адносна таго, наколькі правільна вялася дакументацыя, ці не была нанесена шкода і іншыя моманты. У залежнасці ад таго, на што быў скіраваны бізнес, могуць праводзіцца розныя даследаванні. Калі гэта, напрыклад, бізнес, падчас якога гандлявалі падробленым маторным маслам, то праводзяцца хімічныя экспертызы па ўстанаўленні сапраўднасці прадукту. Спектр тут вельмі шырокі.

Асноўныя заказчыкі экспертыз — следчы камітэт і МУС, праваахоўныя органы, суды. Пры гэтым практычна ўсе віды экспертыз, якія робяцца ў Дзяржкамітэце, за грошы могуць заказаць і звычайныя беларусы, падкрэсліў Юрый АЎСІЮК, намеснік старшыні Дзяржкамітэта — галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт краіны:

— Найбольш папулярныя з іх — экспертыза па ўстанаўленні бацькоўства. Штогод мы праводзім каля 15 тысяч судова-генетычных экспертыз і каля пяці тысяч экспертыз па праверцы сапраўднасці VІN-нумароў у машыне. Сёлета нават увялі анлайн-рэгістрацыю на правядзенне такога віду экспертыз. Заказваюць і псіхіятрычныя экспертызы, якія звязаны з пытаннямі дзеяздольнасці, — найчасцей датычацца прызнання дзейснымі завяшчанняў і падзелу маёмасці.

Няхай мяне навучаць...

Гатовых судовых экспертаў рыхтуюць толькі ў Акадэміі МУС, астатніх спецыялістаў з больш вузкай спецыялізацыяй запрашаюць пасля іншых устаноў. Напрыклад, экспертаў-камп'ютаршчыкаў — з тэхнічных устаноў, медыкаў — з медыцынскіх. Аднак пасля любой ВНУ чалавек яшчэ ад паўгода да паўтара праходзіць навучанне ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, дзе эксперты «даспяваюць». Паўнавартаснымі спецыялістамі і профі яны становяцца пасля экзамену экспертна-кваліфікацыйнай камісіі. І нават пасля гэтага ў першыя тры—пяць гадоў апякуюцца старэйшымі таварышамі.

— Атрымаць адукацыю эксперта ў інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў могуць і замежныя студэнты. І, наадварот, замежнікі, якія атрымалі профільную адукацыю за мяжой, могуць працаваць у нашай краіне. Праўда, пры гэтым неабходна, каб іх адукацыя афіцыйна прызнавалася ў Беларусі. Калі чалавек ужо працаваў па пэўнай спецыяльнасці, то ён здае экзамен экспертна-кваліфікацыйнай камісіі і спакойна працуе ў камітэце. Калі не — то праходзіць перападрыхтоўку ў нашым інстытуце. У нас ёсць такія асобы з Казахстана, Расіі, Украіны, — дадаў галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт.

ДНК і трасалагічны след

Згодна з законам аб дактыласкапічнай рэгістрацыі, пэўныя асобы ў Беларусі ставяцца на ўлік. У базе аўтаматызаванай дактыласкапічнай ідэнтыфікацыйнай сістэмы (АДІС) шмат адбіткаў. Штогод спецыялісты выдаюць пры даследаваннях каля дзевяці тысяч супадзенняў слядоў пальцаў рук і далоняў, якія зняты з месцаў нераскрытых злачынстваў, з канкрэтнымі асобамі. На дактыласкапічным уліку налічваецца звыш сямі мільёнаў дактыласкапічных картак і больш за 23 тысяч слядоў рук. Па меры напаўняльнасці баз удаецца раскрываць злачынствы і 10-, і 15-гадовай даўнасці.

Створаная база ДНК — адна з найлепшых на постсавецкай прасторы і нават краін далёкага замежжа, сцвярджаюць эксперты. У ёй утрымліваецца інфармацыя аб генетычных прыкметах злачынцы, біялагічных слядах, знятых з месца здарэння аб неапазнаных трупах, блізкіх сваяках асоб, якія зніклі без вестак (каля чатырох тысяч узораў). Дзякуючы базе ДНК штогод раскрываецца да 10 % злачынстваў. Штогод у базу ўносіцца каля 25 тысяч аб'ектаў.

— Цяпер, калі эксперты працуюць на месцы, яны адразу з дапамогай тэхнічных сродкаў перадаюць адбітак у базу. Часам атрымліваецца, што яшчэ аглядаецца месца здарэння, а асоба зламысніка ўжо высветлена. Аднойчы злодзея такім чынам затрымалі з крадзеным, калі ён яшчэ не паспеў нават вылажыць нарабаванае, — падзяліўся Сяргей Яўмененка.

За апошнія два гады эксперты аўтаматызавалі сістэму ўліку трасалагічных слядоў, якімі можа быць любое матэрыяльнае адлюстраванне, што мае дачыненне да чалавека і яго наваколля — сляды ўзлому, шын, абутку, — і зрабілі яе агульнарэспубліканскай, а не па рэгіёнах.

Ірына СІДАРОК 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.