Вы тут

Маёмасныя падаткі


Праз два тыдні заканчваецца тэрмін аплаты маёмасных падаткаў. Да гэтай даты ўсім нам трэба разлічыцца па транспартным падатку, зямельным падатку і падатку на нерухомасць. Начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі адзначыў, што папярэдне інспекцыі накіравалі 3 мільёны 400 тысяч паведамленняў на аплату гэтых падаткаў. Спецыялісты падлічылі, што гэтым разам падаткамі абкладаецца каля 6 мільёнаў аб'ектаў нерухомай і рухомай маёмасці. Тут і транспартныя сродкі, і маёмасць (машыны, гаражы, дамы, кватэры, дачы), а таксама зямельныя ўчасткі, якія належаць нашым грамадзянам. Такія падаткі сёлета «прыйшлі» ў дом кожнаму трэцяму жыхару краіны.


Палова маёмасных падаткаў ужо аплачана

Прадстаўнік міністэрства нагадаў, што да сярэдзіны лістапада трэба даплаціць транспартны падатак за 2021 год і зрабіць авансавы плацеж па падатку на нерухомасць і зямельны падатак за 2022 год. Канчатковая аплата двух гэтых маёмасных падаткаў будзе праводзіцца ўжо ў лістападзе 2023 года.

Спецыяліст адзначыў, што сёлета дзейнічае навацыя — уведзена адзінае паведамленне на аплату трох відаў падаткаў: зямельнага, транспартнага і падатку на нерухомасць. Гэта вельмі зручна для плацельшчыкаў, бо зведзены разам усе аб'екты падаткаабкладання, якія знаходзяцца ў іх ва ўласнасці, відаць агульную суму, можна распланаваць бюджэт, здзяйсняць плацяжы паэтапна. Галоўнае — паспець заплаціць падаткі да 15 лістапада.

Аплачана ўжо практычна 50 працэнтаў ад налічаных сум: зямельны і транспартны падатак — больш актыўна, а вось тэмпы паступлення плацяжоў падатку на нерухомасць трохі ніжэйшыя, каля 35 працэнтаў.

Ільгота пры выплаце падатку на кватэру ёсць, але не для ўсіх

Андрэй Кавалеўскі растлумачыў, як аплачваецца падатак на нерухомасць пасля адмены льготы па адной кватэры. Справа ў тым, што сёлета адбыліся змяненні ў сістэме падаткаабкладання, у першую чаргу ў падатку на нерухомасць. Эксперт адзначыў: больш за ўсё абмеркаванняў выклікала адмена льготы па адной кватэры, якая накіравана на выраўноўванне ўмоў падаткаабкладання нерухомасці.

«Калі раней падатак на нерухомасць плацілі толькі грамадзяне, якія валодалі дзвюма і больш кватэрамі, то з бягучага года ўсе грамадзяне, у якіх ва ўласнасці знаходзіцца адна кватэра, павінны аплачваць гэты падатак, — распавёў ён. — Разам з тым аб'екты камерцыйнай нерухомасці (офісныя будынкі, вытворчыя памяшканні) не вызваляюцца ад аплаты падатку любой катэгорыяй плацельшчыкаў, а для шматдзетных сем'яў захаваны льготы па любой колькасці кватэр і жылых дамоў, якія ім належаць».

Ільгота таксама захаваецца для пенсіянераў, інвалідаў і шэрагу іншых катэгорый насельніцтва. «Яны не аплачваюць падатак на нерухомасць і ў дачыненні да адной кватэры. Напрыклад, калі пенсіянеру на праве ўласнасці належаць дзве і больш кватэр, то толькі адна з іх ільгатуецца. Аналагічны падыход прадугледжаны ў дачыненні да жылых дамоў, якія належаць такой катэгорыі асоб. Калі ў пенсіянера ёсць і жылы дом, і кватэра, то яны падаткам не абкладаюцца. Падатак для гэтых катэгорый асоб пачынае дзейнічаць толькі пры наяўнасці другога такога аб'екта, — растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Пенсіянеры не плацяць падатак на нерухомасць у дачыненні да любой колькасці, якія належаць ім, садовых домікаў, гаражоў, дач і машына-месцаў».

Можна плаціць датэрмінова, а можна часткамі

Падаткі трэба заплаціць да 15 лістапада. Па словах Андрэя Кавалеўскага, іх можна плаціць датэрмінова, а можна часткамі. Арганізавана ўзаемадзеянне падатковых органаў са структурамі АРІП. Калі праведзена выплата часткі падатку, тады праз некалькі дзён, зайшоўшы ў АРІП, мы ўбачым, што будзе выстаўлена да аплаты рэшта сумы, якую неабходна было заплаціць.

Парадак аплаты падатку адбываецца любым зручным для плацельшчыка спосабам. Гэта можа быць аплата праз банкаўскія структуры і аддзяленні пошты. Прымаюцца наяўныя грашовыя сродкі, а таксама безнаяўныя сродкі праз пластыкавую картку. Але, напэўна, самым зручным спосабам з'яўляецца аддалены спосаб узаемадзеяння з АРІП. Заплаціць можна праз інфакіёск, інтэрнэт-банкінг, любыя мабільныя банкаўскія прадукты. У паведамленнях для зручнасці плацельшчыка зроблены код плацяжу ў АРІП, пры ўводзе якога няма неабходнасці хадзіць па «дрэве» сістэмы.

Калі чалавек згубіў паведамленне, нястрашна: на сайце падатковай сістэмы прадугледжаны сэрвіс, які дазваляе ўдакладніць асабісты ўліковы нумар плацельшчыка. Дастаткова зайсці на сайт і ўвесці свае персанальныя даныя. А маючы ўліковы нумар плацельшчыка, можна заўсёды аплаціць падаткі праз АРІП.

Падатак на першую кватэру могуць нязначна павысіць налета

У Беларусі падатак на першую кватэру, уведзены з 2022 года, можа павялічыцца. Як адзначыў Андрэй Кавалеўскі, стаўка падатку можа вырасці прыкладна на 10 %. «Мы працуем над невялікім павышэннем». Аднак канчатковае рашэнне аб павышэнні яшчэ не прынята. Як удакладніў прадстаўнік МПЗ, законапраект аб змяненні ставак будзе разгледжаны дэпутатамі, а таксама Саветам Рэспублікі.

Пытанне аб адмене падатку на першую кватэру ў цяперашні час не разглядаецца, удакладніў Андрэй Кавалеўскі.

Нагадаем, што плата за першую кватэру з'явілася дзякуючы прынятым змяненням у Падатковы кодэкс у 2022 годзе. Падатак складае 0,1 % ад кошту аднаго квадратнага метра. Атрыманую суму неабходна памножыць на колькасць квадратных метраў кватэры.

Арыенціровачная цана аднаго квадратнага метра тыпавых кватэр, гаражоў, машына-месцаў, садовых домікаў, катэджаў адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. Ён самы высокі ў Мінску. Сёлета ў сярэднім новы падатак у Мінску складзе 50 рублёў на год, у рэгіёнах — у два разы менш, прагназаваў раней Мінфін.

Транспартны падатак — меншы, а грошай — больш

Андрэй Кавалеўскі адзначыў, што транспартны падатак будуць аплачваць у нашай краіне 1 мільён 800 тысяч аўтааматараў у дачыненні да 2,6 мільёна транспартных сродкаў. Гэта найбольш дзейсны механізм адносна таго, які існаваў раней пры праходжанні тэхагляду.

Што датычыцца транспартнага падатку, то, па даных «Белтэхагляда», у 2020 годзе дзяржаўную пошліну аплаціла каля 500 тысяч плацельшчыкаў. «Раней шэраг грамадзян з-за нежадання аплачваць дзяржпошліну адмовіўся ад праходжання тэхнічнага агляду. І практыка збірання транспартнага падатку паказвае, што цяпер грамадзяне актыўна звяртаюцца для праходжання працэдуры тэхагляду і таксама актыўна аплачваюць падатак, — адзначыў Андрэй Кавалеўскі. — Таксама адбыўся рост сум. Калі ў 2020 годзе дзяржпошліна была аплачана на суму 100 мільёнаў рублёў, то транспартны падатак прад'яўлены на суму амаль 190 мільёнаў рублёў».

Ён дадаў, што і стаўкі транспартнага падатку на 30—50 % ніжэйшыя, чым стаўкі дзяржпошліны. «Грамадзяне актыўна ўдзельнічаюць у выкананні сваіх падатковых абавязацельстваў», — сказаў на заканчэнне ён.

«Металалом» трэба было зняць з уліку

Начальнік аддзялення рэгістрацыйна-экзаменацыйнай дзейнасці галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Шмаянкоў расказаў аб прынятых змяненнях у Падатковы кодэкс, у якім аб'ектамі падаткаабкладання былі прызнаны транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў ДАІ.

— У сувязі з гэтым у грамадзян, у якіх былі ржавыя, згнілыя або забытыя машыны, узнікла праблемная сітуацыя. Яны звярталіся да нас з просьбай аб зняцці гэтых аўтамабіляў з дзяржаўнага ўліку. Таму была прадугледжана норма аб тым, што транспартны падатак не плацяць уладальнікі ў дачыненні да транспартных сродкаў, знятых з уліку да 1 ліпеня 2021 года.

У адпаведнасці з дадзенай нормай быў распрацаваны спрошчаны парадак зняцця з уліку. Ён мае на ўвазе наступнае: калі пры звароце ўласніка з заявай адсутнічала інфармацыя аб эксплуатацыі аўтамашыны на працягу трох апошніх гадоў, якія папярэднічалі падачы заявы (мы правяралі па сваіх інфармацыйных базах), то транспартны сродак здымалі з уліку. Усю інфармацыю па зарэгістраваных машынах мы перадавалі ў Міністэрства па падатках і зборах.

Аляксандр Шмаянкоў таксама нагадаў, што грамадзяне, якія не паспелі зняць транспартны сродак з уліку да вышэйадзначанага часу, аплачваюць транспартны падатак.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.