Вы тут

У адзін голас, у адно дыханне. Як беларусы замежжа спявалі разам «Купалінку»


Творчыя стажыроўкі, на якіх кіраўнікі замежных беларускіх калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа знаёмяцца з гісторыяй, культурай, традыцыямі і сучасным жыццём нашай краіны, ладзяцца з 2016 года.

Дзякуючы Міністэрству культуры і Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур, падобнымі сустрэчамі мацуюцца сувязі з дыяспарамі і ствараюцца ўмовы для папулярызацыі нашых здабыткаў у краінах пражывання беларусаў замежжа. Колькасць заявак на ўдзел у падобных мерапрыемствах з кожным годам павялічваецца, пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. На гэты раз у праграме ўзялі ўдзел госці з Амерыкі, Італіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама з розных куткоў Расійскай Федэрацыі. Па веды і па ўражанні прыехалі 39 беларусаў замежжа.


Міністр культуры Анатоль Маркевіч уручае дыплом старшыні грамадскага аб’яднання «Культурны цэнтр «Беларусь» Паўладарскай вобласці Казахстана Любові Богнат.

Сустрэча

— Заўсёды, калі прыязджаю на Радзіму, адчуваю хваляванне незвычайнае. Дыхаю гэтым паветрам, атрымліваю асалоду ад фарбаў, водараў, — дзеліцца ўражаннямі кіраўнік культурнага цэнтра «Беларусь» Паўладарскай вобласці Казахстана Любоў Богнат. — Калі трапляеш сюды, адчуванні сапраўды неперадавальныя, бясконца слёзы радасці і замілавання...

22 гады жанчына ўзначальвае грамадскую арганізацыю, якая аб'ядноўвае беларусаў у Казахстане, захоўвае і прапагандуе культуру, традыцыі, перанятыя ад дзядоў і бацькаў. Тут імкнуцца не забывацца на народны каляндар, адзначаюць Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны і іншыя святы. З розных куткоў Казахстана беларусы з'язджаюцца на купальскі фестываль. Моладзі вельмі падабаюцца карагоды. Уражвае сваімі танцамі і калектыў «Крынічка», сабраны пераважна з этнічных беларусаў — некаторым бабулям, якія захоўваюць нацыянальныя песні і танцы, ужо за 80 гадоў.

Падчас сустрэчы з міністрам культуры Анатолем Маркевічам, што прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы, Алена Богнат атрымала сертыфікат на цымбалы. Гэты музычны інструмент яны папрасілі ў міністра летась, калі ён наведваў Дні беларускай культуры, што праходзілі ў Казахстане.

Усіх паяднала... «Купалінка»

Удзельнікаў стажыроўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы чакаў творчы сюрпрыз — выхаванка Мінскага музычнага каледжа пачала іграць для іх «Купалінку». Чатыры дзясяткі людзей, якія прыехалі з розных краін і яшчэ не паспелі перазнаёміцца, адначасова пачалі спяваць. У адзін голас, у адно дыханне. У многіх на вачах былі слёзы.

На сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўнікі беларускай дыяспары за шматгадовую плённую працу па захаванні і перадачы нацыянальных традыцый атрымалі ўзнагароды ад Міністэрства культуры.

Таксама беларусы замежжа змаглі задаць пытанні міністру культуры. У асноўным пытанні датычыліся далейшага супрацоўніцтва. Так, старшыня Алушцінскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Сябры» Віталь Бартохаў распавёў, што ў Ялце беларуская дыяспара штогод ускладае кветкі на магіле Максіма Багдановіча, адзначае даты, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка. Так, на наступны год запланаваны мерапрыемствы, прымеркаваныя да 110-годдзя выхаду ў свет зборніка Багдановіча «Вянок».

Беларускі цэнтр навучання і развіцця ЕVA-Studіorum у горадзе Талін шмат увагі аддае рабоце з дзецьмі. Тут створана адзіная ў Эстоніі ліцэнзаваная беларуская нядзельная школа. Дзеці спяваюць і танцуюць, знаёмяцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, адзначаюць іх юбілеі. Праведзены сустрэчы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, Янку Купалу, Паўлюку Пранузе, Еўдакіі Лось. Кіраўнік беларускага цэнтра навучання і развіцця Ніна Пээрна ўзняла пытанне па пашырэнні сувязяў. Важна, каб кожнае мерапрыемства, што праводзіцца ў цэнтры, мела працяг, водгук з Беларусі.

Маладыя людзі з Чэлябінска, дзе ствараецца новая беларуская суполка, з сумам канстатавалі, што ад бацькоў ім ужо не ўдалося пераняць беларускую мову, але ёсць вялікае жаденне яе вывучаць, больш даведвацца пра свае вытокі. Так узнік запыт на распрацоўку дапаможнікаў па вывучэнні беларускай мовы для дарослых.

Таццяна Пумпулева, кіраўнік культурнай асацыяцыі «BELLARUS», якая знаходзіцца ў горадзе Неапаль, звярнула ўвагу, што ў Італіі патрэбныя беларускія сувеніры з надпісамі на лацініцы. З тых жа ручнікоў, з якімі выходзяць прадстаўнікі дыяспары на сцэну, напрыклад, слова «Беларусь», пададзенае на кірыліцы, «не счытваецца».

Міністр культуры заўважыў, што такія сустрэчы ўзбагачаюць абодва бакі. Беларусы замежжа дзеляцца сваімі напрацоўкамі. У сваю чаргу, на стажыроўцы яны атрымліваюць багата інфармацыі пра культуру, традыцыі і работу, якая праводзіцца для захавання самабытнай спадчыны. Дадому госці едуць з ідэямі, якія могуць рэалізоўваць у сябе.Такія сустрэчы садзейнічаюць развіццю культурнай дыпламатыі. «Чым больш нашы землякі распавядуць добрых праўдзівых слоў у сябе на месцах, тым больш зразумелая, справядлівая і аб'ектыўная карціна будзе прадстаўлена пра нашу краіну. Яны могуць сваімі вачыма ўбачыць, адчуць і перанесці ўсе эмоцыі, распавесці пра прыгажосць нашай краіны тым людзям, якія за мяжой чакаюць добрых навін і пасылаў ад нашых землякоў», — упэўнены Анатоль Маркевіч.

Новыя веды

Праграма творчай стажыроўкі была вельмі насычанай. Госці наведалі мемарыяльны комплекс «Трасцянец», Храм-Помнік у гонар Усіх Святых у Мінску, Мірскі і Нясвіжскі замкі. У Лагойску яны пабывалі ў раённым цэнтры культуры, пазнаёміліся з мастацкай галерэяй Сяргея Давідовіча. На майстар-класах вучыліся вакалу, танцам, рамёствам, знаёміліся з нацыянальнай кухняй. На цэлы дзень беларусы замежжа ператварыліся ў навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе не проста даведаліся, якая сімволіка схавана ў танцах і якая спецыфіка ў розных рэгіёнаў Беларусі, але і засвойвалі тэхніку выканання асобных элементаў «Крыжачка», «Мікіты», «Зязюлі», «Лявоніхі», запісвалі словы песні, пад якую можна пагуляць у «Падушачку», слухалі аўтэнтычныя спевы ў выкананні студэнцкіх калектываў.

Госці ўпэўненыя, што новыя веды будуць запатрабаваныя ў краінах іх пражывання. Так Віктар і Наталля Сінкевічы з вёскі Тургенеўка Іркуцкай вобласці захапіліся беларускімі танцамі і спевамі, якія плануюць выкарыстоўваць у тым ліку і ў рабоце з турыстамі. У іх вёсцы, якая стваралася ў часы Сталыпінскай рэформы, ужо больш за стагоддзе жывуць беларусы. Захоўваюцца культура, нацыянальная кухня, працуе этнаграфічны музей. І, як аказалася, гэты захаваны з часоў дзядоў уклад беларускай вёскі цікавы гасцям, якія прыязджаюць у Сібір. І вандроўкі ў беларускую вёску — адзін з найпапулярнейшых сельскіх маршрутаў у Іркуцкай вобласці.

Традыцыйна ў межах творчай стажыроўкі госці сустракаюцца ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Аляксандр Румак распавёў суайчыннікам пра работу, якая праводзіцца ў краіне для падтрымкі беларусаў замежжа і перспектывы супрацоўніцтва: «Кожная такая сустрэча — для нас свята. Мы заўсёды стараемся падабраць літаратуру, якую вы зможаце выкарыстоўваць у сваёй рабоце. Вельмі кранае, калі за тысячы кіламетраў адсюль малыя пішуць вершы, малююць карціны па сюжэтах беларускіх казак. Гэта прыклад і для дзяцей у нашай краіне, як можна любіць і цаніць тое, што маеш».

Пра традыцыі, якія захоўваюцца і перадаюцца на беларускіх землях, удзельнікам творчай стажыроўкі расказалі кандыдат культуралогіі Янка Крук і дацэнт кафедры рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аксана Катовіч. З мэтай захавання і папулярызацыі беларускай культуры і гісторыі суайчыннікам былі перададзены кнігі пра памятныя мясціны Беларусі, а таксама пра беларускія нацыянальныя традыцыі і правілы народнай культуры. Кіраўнікам грамадскіх аб'яднанняў беларусаў замежжа былі ўручаны ўзнагароды і перададзены нацыянальныя касцюмы.

Да ведама

У Беларусі шмат робіцца для таго, каб суайчыннікі за мяжой маглі захаваць культуру сваёй нацыі, этнічную самабытнасць, адстойваць і прасоўваць інтарэсы гістарычнай радзімы ў краінах пражывання. За апошнія пяць гадоў беларускім творчым калектывам з дваццаці краін свету бязвыплатна перададзена больш за 700 камплектаў беларускіх касцюмаў, дзве тысячы выданняў, 850 вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 50 народных музычных інструментаў. За гэты час 70 беларускіх самадзейных і прафесійных калектываў бралі ўдзел у 14 фестывалях. 46 творчых дэлегацый беларусаў замежжа ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах у нашай краіне. Упершыню ў 2022 годзе ў Фестывалі нацыянальных культур у Гродне ўзялі ўдзел беларусы з Расіі і Латвіі. А ўжо налета ў нашай краіне пройдзе фестываль мастацтваў беларусаў свету.

Алена ВАЙЦЯХОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.