Вы тут

Жыццё, зашытае ў карціну. Мастачка Жанна Шавель пра вышыванне


Трэба мець пэўную смеласць, каб зрабіць замах на нешта значнае. Каб ставіць перад сабой задачы і планамерна, крок за крокам, штодзень набліжаючыся, іх вырашаць, імкнуцца да дасканаласці. Сённяшняя суразмоўца — супрацоўніца залы мастацтваў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, вышывае карціны па схемах шэдэўраў слынных мастакоў. Кожная з іх займае, бывае, не адзін год. Пра сваё даўняе захапленне распавядае Жанна Шавель. 


Жанна Шавель.

— Жанна, чаму менавіта вышыванне стала хобі? 

— Цяга да прыгожага была ў мяне здаўна — яно здзіўляла з дзяцінства, было цікавым. А на вышыўку натхнілі мае знаёмыя, якія ўжо мелі работы высокага ўзроўню. Пабачыла — і думаю: няўжо гэта можна зрабіць сваімі рукамі? Жанчыны мяне падтрымалі... 

Як аказалася, вышыванне — такая справа, што альбо адразу захопіць, і ўсё ў цябе пачне атрымлівацца, альбо з першых момантаў не пойдзе. Але калі спадабаецца — будзе захапленне на ўсё жыццё. Мне спадабалася... 

— А як абіраеш тэмы? 

— Адсочваю навінкі, прыкмячаю, дзе, у якой кампаніі выходзіць упадабаны набор, потым замаўляю яго. Туды ўваходзяць: канва, ніткі, дакладная схема — усё разлічана. Твая задача — удасканаліць само майстэрства: існуюць вельмі складаныя карціны, дзе выкарыстоўваюцца шыўкі ў розных тэхніках. Ёсць і менш складаныя... Бываюць тэмы, за якія ніколі не возьмешся, бо яны не падыходзяць пад твой светапогляд. 

«Букет руж».

— Якія ўласцівасці характару да¬памогуць авалодаць майстэрствам вышыўкі? 

— Самае галоўнае патрабаванне — неверагоднае цярпенне і акуратнасць. А твой мастацкі густ выяўляецца ў выбары карціны, калі ў дэталях бачыш малюнак, які павінен атрымацца. Калі мастак выяўляе сябе ў кожным мазку, то вышыўка — добра напрацаванае майстэрства. Ты бярэш іголку і пачынаеш з пэўнага месца. Сваю работу «Букет руж» па матывах карціны П’ера Агюста Рэнуара я рабіла на працягу некалькіх гадоў. Яна палюбілася мне з першага позірку, адразу адчула з ёю ўнутраную сувязь. А якое ж было шчасце, калі мне падарылі адпаведны набор! Часам ад працы вельмі стамлялася, бо шмат разоў трэба перастаўляць пяльцы, канва ў працэсе работы пэцкаецца — пасля трэба яе чысціць. Затое колькі эмоцый! Момантаў і шчаслівых, і складаных! Літаральна зашываеш усё ў карціну!.. 

— Колькі слоў пра тэхніку... 

— Выкарыстоўваюцца розныя ніткі і матэрыялы: бавоўна, шэрсць, пацеркі, стужкі. На завяршэнні часцей за ўсё робіцца контур. 

Працуеш па схеме — гэты працэс можна параўнаць з мазаікай: глядзіш, адкуль пачынаецца першы «крыжык», і калі ён ужо зроблены на канве, выкрэсліваеш яго на схеме. 

Часцей за ўсё асноўныя шыўкі робяцца крыжыкам, але гэтым сучасная вышыўка не абмяжоўваецца. 

«Насустрач сонцу».

— Ці кампенсуе праца вышывальшчыцы пэўныя напружаныя мо¬манты, якія мелі месца на працягу дня? 

— Сапраўды, так. Часам хочацца хутчэй сесці за работу — мяне гэта вельмі супакойвае, надыходзіць своеасаблівы «дзэн» — ты ўпадаеш у пэўны стан рэлаксу. Я вельмі экспрэсіўная і эмацыянальная натура, і працэс вышывання мяне як быццам стрымлівае, запавольвае, прыводзіць да раўнавагі... На ўсе сто праз гэта выявіць сябе не магу, але яно мяне гарманізуе... А якое ж задавальненне атрымліваеш у фінале, калі глядзіш на гатовую карціну! Адчуваеш, што ўсё было недарэмным. 

— Над чым працуеш цяпер? 

— Карціна называецца «Цені»: белая канва, сем-восем адценняў цёмных нітак: змрок і дарога, якую асвятляюць ліхтары... Вышываць цёмнымі ніткамі больш складана для вачэй. 

— Папярэдняя работа была ў яркіх аптымістычных адценнях. Чаму цяпер змрочная колеравая гама? 

— Эстэтыка цёмнага заўжды была мне блізкай: шмат гадоў я захаплялася готыкай, слухала гатычную музыку. І разам з тым люблю і насычаныя яркія колеры. Яно ўва мне спалучаецца як розныя бакі характару. Часам мне здаецца, што ўва мне жыве некалькі чалавек... 

— Пасля кожнай завершанай работы ты адчуваеш сябе крыху іншай, чым да пачатку працы? 

— Мне здаецца, што ў кожнай рабоце застаецца часцінка маёй душы, хаця не скажу, што я мяняюся. Тут хутчэй як чарговая прыступка: убачыла ўпадабаную карціну, вырашыла, што мне яна патрэбна — зрабіла. Атрымала пэўны душэўны набытак, нешта ўва мне пашырылася. А бывае, што падчас працы хочацца чагосьці новага, але ты не можаш кінуць незавершанае! Даводзіцца дарабляць! Але калі ўжо закончыў работу і яна атрымалася прыгожай, радасць узяцца за нешта іншае падвойваецца! 

— Што ты параіла б пачаткоўцу, які ніколі не вышываў, але хоча паспрабаваць? 

— Пачынаць лепей з простага, з невялікіх фрагментаў — калі прыйдзецца даспадобы, паступова пераходзіць да больш складанага. 

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.