Вы тут

«Кожная сітуацыя індывідуальная». Даведаліся пра тонкасці працы з замежнікамі


Сачыць за выкананнем міграцыйнага заканадаўства, ведаць усіх замежных студэнтаў у твар, дапамагаць непамятлівым мінчанам абмяняць пашпарт на новы ў самыя кароткія тэрміны, заўважаць і папярэджваць негатыўнае ў паводзінах замежнікаў, уручаць галоўны дакумент стогадовым жыхарам, перадаваць вопыт маладым супрацоўнікам — гэта яшчэ не ўсе задачы, якія выконвае начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС сталіцы падпалкоўнік міліцыі Святлана Рудзішкіна, якая служыць у гэтым падраздзяленні без малога 20 гадоў.


Карэспандэнты «Звязды» даведаліся ў яе пра тонкасці працы з замежнымі грамадзянамі. «У Першамайскім раёне Мінска пражывае каля сямі тысяч замежных грамадзян, — заўважае Святлана Рудзішкіна. — І гэта без уліку асоб, якія могуць знаходзіцца ў нашай краіне ў межах пагадненняў. Ёсць і тыя, хто па нейкіх прычынах вырашыў згубіцца сярод беларусаў. За мінулы перыяд гэтага года на тэрыторыі раёна вартавыя правапарадку затрымалі дваіх грамадзян суседняй дзяржавы, якія знаходзіліся ў вышуку за ўчыненне злачынстваў. Яны ва ўстаноўленым парадку належалі экстрадыцыі, каб у сябе на радзіме панесці пакаранне за ўчыненыя супрацьзаконныя дзеянні».

Асаблівую ўвагу супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі надаюць студэнтам з-за мяжы. У Першамайскім раёне пражываюць навучэнцы з Расіі, Туркменістана, Азербайджана, Кітая і афрыканскіх дзяржаў. Разам з прадстаўнікамі навучальных устаноў міліцыянеры праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы, дзе для іх тлумачыцца заканадаўства Беларусі, асновы прававога становішча замежных грамадзян. На планавай аснове правяраюцца і ўмовы пражывання замежных студэнтаў у інтэрнаце.

Што тычыцца працы з беларусамі, то ўсе механізмы па выдачы і замене пашпартоў і ID-карт вывераныя і не выклікаюць пытанняў. За 11 месяцаў гэтага года было выдадзена 7952 біяметрычных дакумента (пашпарт і ID-карты). Біяметрычны пашпарт неабходны для выезду за мяжу. Вонкава ён падобны да звычайнага, але мае дадатковы адметны значок і адну пластыкавую старонку, усярэдзіне якой устаўлены чып з біяметрычнымі дадзенымі ўладальніка. Пры гэтым традыцыйныя пашпарты па-ранейшаму дзейнічаюць. ID-карта — гэта сучасная тэхналогія, якая заўважна спрашчае жыццё. Аднак пашпарт старога ўзору ніхто не адмяняў.

— Нягледзячы на прапісаныя тэрміны атрымання новага дакумента, кожная сітуацыя разглядаецца індывідуальна, — удакладняе начальнік АГіМ Першамайскага РУУС. — У выпадку, калі чалавеку неабходна тэрмінова выехаць за мяжу, напрыклад, на лячэнне, а пашпарт пратэрмінаваны ці сапсаваны, інспектары імкнуцца дапамагчы. Часта да нас звяртаюцца сем’і, якія збіраліся паляцець у адпачынак, але пашпарт дзіцяці або іншага члена сям’і аказаўся са скончаным тэрмінам дзеяння. Нашы супрацоўнікі аператыўна і прафесійна вырашаюць такія праблемы, каб водпуск у людзей не быў сарваны.

Гатоўнасць прыйсці на выручку грамадзянам пацвярджае практычна два дзясяткі падзяк у кнізе заўваг і прапаноў АГІМ Першамайскага РУУС. «Заўсёды радасна дапамагаць людзям, быць датычным да іх лёсу, — адзначае Святлана Рудзішкіна. — Калі пры нашым садзейнічанні сітуацыя ў грамадзян вырашаецца найлепшым чынам, то мы на сваім месцы — там, дзе мы патрэбныя».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.