Вы тут

Пошукавая вахта кадэтаў


Каля тысячы прадметаў — страшных знаходак — ляглі ў аснову экспазіцый школьных музеяў Гомельшчыны, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перададзеныя на захоўванне артэфакты былі знойдзены байцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны падчас раскопак расстрэльных ям у Чонкаўскім лесе. Значная частка знаходак узбагаціла экспазіцыю музея Гомельскага кадэцкага вучылішча. Менавіта яго выхаванцы з'яўляюцца адзінымі непаўналетнімі, хто атрымаў права разам з прафесіяналамі ўдзельнічаць у раскопках па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў Чонкаўскім лесе.


Трагічная праўда

Аб удзеле гомельскіх кадэтаў у раскопках вельмі цікава — да мурашоў на скуры — расказвае настаўнік гісторыі Гомельскага кадэцкага вучылішча Павел ДЗЕНІСЕНКА: «Выкрываецца яма, а там астанкі 50—60 чалавек ляжаць у некалькі пластоў. Было, што выкрывалі толькі верхні пласт і ўздымалі астанкі адразу 15—20 чалавек. Гэта жудасна, але для падрастаючага пакалення менавіта гэта адкрывае праўду пра вайну. Суровую, страшную, трагічную, але праўду».

Павел Уладзіміравіч — не толькі педагог, але і кіраўнік вядомага ў Беларусі пошукавага клуба «Пунсовыя пагоны». Узначальвае ён і рэспубліканскую «Кадэцкую пошукавую асацыяцыю» ўсіх кадэцкіх сувораўскіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў краіны. «Мы адзінае грамадскае аб'яднанне, якое на тэрыторыі Гомельскай вобласці бярэ ўдзел у раскопках па расследаванні справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, разам з 52-м пошукавым батальёнам, — адзначае Павел Дзенісенка. — Гэта трагічная старонка гісторыі, якую доўгія гады замоўчвалі. У 1944—1945 гадах былі складзены акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, але на гэтым усё спынілася. Толькі пасля ўзбуджэння Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў кастрычніку мінулага года пачалося сур'ёзнае расследаванне. Высветлілася, што месцаў, дзе былі масава знішчаны і пахаваны мірныя людзі, на тэрыторыі Беларусі велізарная колькасць».

Да раскопак ахвяр генацыду ў Чонкаўскім лесе Павел Уладзіміравіч разам са сваімі выхаванцамі ўдзельнічаў у вахтах памяці ваенных пахаванняў у Смаленскай і Бранскай абласцях Расійскай Федэрацыі. Аднак тое, што кадэты ўбачылі і асэнсавалі для сябе падчас раскопак пад Гомелем, падлеткам цяжка нават перадаць словамі. Моцна ўразіла, што ў Чонкаўскім лесе знойдзена шмат рэчаў менавіта мірных людзей: ключы ад дома, грабеньчыкі, кашалькі з грашыма, пенснэ, гадзіннікі, талеркі, кружкі...

— Вельмі страшна падчас раскопак убачыць яму, дзе радамі ляжаць астанкі маладых дзяўчат, — дзеліцца ўражаннямі навучэнка трэцяга курса Гомельскага кадэцкага вучылішча Дар'я Белавус. — Да такога відовішча нельга прызвычаіцца. Бярэ за душу, калі трымаеш у руках рэчы, якія належалі гэтым людзям.

Не першы год удзельнічаюць у раскопках і гомельскія кадэты Уладзіслаў Жолудзь і Віталь Байлукоў. Хлопцы расказваюць, што для іх удзел у пошукавых вахтах — магчымасць сваімі рукамі дакрануцца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

— Быў складзены графік, і кадэты штодня па зменах, да замаразкаў, прыязджалі на аўтобусе ў Чонкаўскі лес, — заўважае Павел Дзенісенка. — Нават на канікулах юнакі і дзяўчаты працягвалі ўдзельнічаць у раскопках. Хтосьці з равеснікаў нашых кадэтаў бавіць час на рэчцы, хтосьці — у Турцыі, а гэтыя дзеці тут камароў кормяць...

Запаведзі бяспекі

Кадэты і іх настаўнік падкрэсліваюць, што падчас удзелу ў раскопках, якія ўжо сталі часткай іх жыцця, эмацыянальная ўзрушанасць ні ў якім разе не павінна затуманьваць розум. Аснова асноў — тэхніка бяспекі. Падлеткі добра ведаюць, як правільна паводзіць сябе ў месцах, дзе можна сустрэцца з выбухованебяспечнымі прадметамі. У Рэспубліцы Беларусь зацверджана дакладная нарматыўная база, якая агаворвае ўдзел фізічных асоб і грамадскіх арганізацый у пошукавых работах сумесна з 52-м асобным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны.

— Мы працуем у масках і пальчатках, — удакладняюць кадэты. — З боепрыпасамі часоў Вялікай Айчыннай трэба быць вельмі асцярожнымі. Калі раптам убачыў іржавую пляму — трэба клікаць дарослых.

Сярод небяспечных знаходак, якія былі знойдзены ў раскопках, — ручныя гранаты і супрацьтанкавая міна, рэвальвер і снайперская вінтоўка. Гэтыя прадметы падымаюць і абясшкоджваюць толькі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна.

Кадэты ведаюць і правілы працы з рыдлёўкай: адзін капае, другі рукі ў зямлю не ўсоўвае, таму што можна атрымаць траўму. Непасрэдна ў раскоп можа спусціцца падлетак, якому споўнілася 16 гадоў. На дапаможных работах на паверхні, пасля інструктажу па тэхніцы бяспекі, дзеці могуць працаваць з 14 гадоў. Гэта ўсё дакладна выконваецца.

Спусціцца ў яму, каб захаваць памяць

— Увогуле, пошукавая работа нашых кадэтаў стала магчымай дзякуючы ўзаемадзеянню з пракуратурай, — дадае дырэктар Гомельскага кадэцкага вучылішча Дзмітрый ГРЫГАРЭНКА. — Калі дзеці праходзяць праз такія палявыя пошукавыя работы, вельмі хутка сталеюць. Яны вераць, што суровыя выпрабаванні, праз якія прайшлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны нашы продкі, — не выдумка, і пачынаюць больш разумець рэальную палітыку фашысцкай сістэмы, якая мэтанакіравана знішчала народы. За знойдзенымі астанкамі дзеці бачаць лёсы людзей, у якіх адабралі жыццё толькі за тое, што яны размаўлялі на іншай мове, мелі іншыя палітычныя погляды ці проста апынуліся не ў тым месцы не ў той час, — падлеткі па-іншаму пачынаюць асэнсоўваць сваё жыццё.

Дарэчы, музейныя экспазіцыі з артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак расстрэльных ям у Чонкаўскім лесе, таксама створаны пры падтрымцы супрацоўнікаў пракуратуры. Галоўная ідэя такіх выстаў — не хаваць жывыя сведчанні генацыду беларускага народа «пад шкло». Усе экспанаты можна кранаць рукамі. Так падлеткі змогуць лепш зразумець, што жыццё — не камп'ютарная гульня, калі можна «захавацца», а пасля ўсё пачаць нанова.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота даслана Гомельскім кадэцкім вучылішчам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.